Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Грузіі зь лякарняў выпісалі яшчэ восем беларусаў, пацярпелых у аварыі

На месцы аварыі, фота — threads.com/@mr_aeru
На месцы аварыі, фота — threads.com/@mr_aeru

У Грузіі зь лякарняў выпісалі яшчэ 8 беларускіх турыстаў, якія пацярпелі ў ДТЗ 12 жніўня. Сярод іх — пяць непаўналетніх, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на МЗС Беларусі.

Такім чынам, мэдычныя ўстановы ўжо пакінулі 12 з 16 пацярпелых беларусаў.

Аварыя адбылася ў раёне Гурыі. Грузінская пракуратура выставіла абвінавачаньне кіроўцу, які 12 жніўня не ўтрымаў свой мікрааўтобус на дарозе і той упаў у цясьніну. У выніку загінулі 4 беларусы, яшчэ 16 чалавек атрымалі траўмы.

Паводле сьледчых, кіроўца ня меў правоў адпаведнай катэгорыі для перавозкі такой колькасьці пасажыраў.

Яго затрымалі і абвінавацілі ў парушэньні правілаў бясьпекі руху, што прывяло да сьмерці больш як двух чалавек. Максымальнае пакараньне за такое злачынства — 10 гадоў зьняволеньня.

Пракуратура ўжо зьвярнулася ў суд, каб на час сьледзтва кіроўцу пакінулі пад вартай.

Што папярэднічала

За апошні час гэта другая аўтакатастрофа ў Грузіі, у якой загінулі грамадзяне Беларусі.

Сёлета 25 ліпеня ў Батумі ў выніку сутыкненьня турыстычнага мікрааўтобуса з беларускімі пасажырамі і легкавіка загінулі два грамадзяніна Беларусі — 43-гадовая жанчына і мужчына 63 гадоў. Яшчэ 12 чалавек атрымалі рознай цяжкасьці траўмы.

Паводле відавочцаў, удар быў настолькі моцны, што некаторыя пасажыры выпалі з салёну. Ад удару мікрааўтобус перакуліўся, а легкавік урэзаўся ў будынак Батумскага ўнівэрсытэту мастацтваў.

МУС Грузіі вядзе сьледзтва, каб выявіць прычыны аварыі і вінаватых у ёй.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG