У нядзелю польскі аўтобус урэзаўся ў кювэт на вугорскай шашы, загінулі 12 чалавек і прынамсі 10 атрымалі цяжкія траўмы, паведамілі вугорскія ўлады.
Як піша AFP, аўтобус, які рухаўся з Сэрбіі ў Польшчу, разьбіўся на шашы М3 прыкладна за 140 кілямэтраў на ўсход ад Будапэшта.
Аўтобус з 57 пасажырамі і двума кіроўцамі «зьехаў з дарогі, апынуўся ў кювэце і спыніўся на баку», паведаміла Нацыянальнае агенцтва Вугоршчыны па барацьбе са стыхійнымі бедзтвамі.
Адзінаццаць чалавек былі абвешчаныя загінулымі на месцы здарэньня, а яшчэ адзін чалавек памёр у шпіталі. Служба хуткай дапамогі паведаміла, што 37 чалавек атрымалі лёгкія траўмы і былі дастаўлены ў бальніцы чатырох гарадоў. Аўтамагістраль была перакрытая на некалькі гадзін.
Пажарнай брыгадзе і іншым ратавальнікам давялося выцягваць некаторых людзей праз вокны, бо яны апынуліся ў пастцы пад разьбітым дахам аўтобуса. Аўтобус у рэшце выцягнулі з кювэта два краны.
Мясцовыя СМІ цытуюць паліцыю, якая заявіла, што кіроўца заснуў за рулём. Міністар унутраных спраў Вугоршчыны Габар Пашфай заявіў, што кіроўцу затрымалі.
Польскі дыплямат Анджэй Осяк заявіў на прэс-канферэнцыі, што пяцёра параненых змагаюцца за жыцьцё. Ён сказаў, што аўтобус вёз пілігрымаў назад у Польшчу.
Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск заявіў, што загадаў адправіць у Будапэшт спэцыяльны рэйс з мэдыцынскай і консульскай дапамогай для пацярпелых.
Міністар абароны Польшчы Ўладзіслаў Косіняк-Камыш дадаў, што авіяцыйна-транспартнай базе было даручана падрыхтаваць самалёт CASA і вайсковую мэдыцынскую эвакуацыйную групу «ў выпадку неабходнасьці».
Найгоршая аварыя за 23 гады
Гэта была найгоршая дарожна-транспартная аварыя ў Вугоршчыне з таго часу, як у 2003 годзе цягнік сутыкнуўся з нямецкім турыстычным аўтобусам у Шыафоку, у выніку чаго загінулі 33 чалавекі. У 2002 годзе аўтобус з польскімі пілігрымамі разьбіўся на захадзе Вугоршчыны, у выніку чаго тады загінулі 19 чалавек.
Прэмʼер-міністр Вугоршчыны Петэр Мадзьяр выказаў спачуваньні, паведамляючы пра колькасьць загінулых у сацыяльных сетках.
Прэмʼер-міністр Польшчы Туск заявіў, што «ўсе пацярпелыя атрымаюць неабходную медыцынскую і консульскую дапамогу», абвясціўшы аб спецыяльным рэйсе на X: «Мы разам у гэты цяжкі момант».
Форум