Як паведаміла Расейская служба Радыё Свабода, прычыны адмовы не паведамілі. Ананіна ўжо пяць гадоў жыве ў Францыі, а яе сужэнец — францускі грамадзянін.
Ірына Ананіна — з Санкт-Пецярбургу, раней яна працавала ў газэце «Деловой Петербург» і ў пецярбурскай рэдакцыі радыё «Эхо Москвы». У 2020-х гадах пачала супрацоўнічаць з мэдыяпраектам «Вот Так», а ў 2021 годзе пераехала ў Францыю, дзе праз год выйшла замуж за француза Бэртрана Бале, зь якім была знаёмая да гэтага некалькі гадоў. Пасьля вясельля Ірына падала ў МУС заяву на атрыманьне дазволу на жыхарства па ўзьяднаньні сям’і. Заяву разглядалі больш за 2 гады, а ў пачатку жніўня яна атрымала адмову і ўказаньне на выправаджваньне з Францыі.
Ананіна спрабавала дакумэнтальна пацьвердзіць, што мае права жыць у Францыі з сужэнцам. Мэр горада, дзе яны жаніліся, накіраваў у прэфэктуру Манпэлье пацьвярджэньне, што асабіста рэгістраваў іх шлюб, і ён не зьяўляецца фіктыўным. Паводле Ананінай, супрацоўнікі прэфэктуры ў прыватнай размове намякнулі ёй на магчымыя складанасьці ў афармленьні дазволу празь яе расейскае грамадзянства.
Адвакат расейскай грамадзянкі Дзьмітрый Захватаў заявіў, што рашэньне аб выправаджваньні незаконнае і парушае правы абодвух сужэнцаў. Ён плянуе абскардзіць адпаведную пастанову.
Што вядома пра праект «Вот Так»
Мэдыяпраект «Вот Так» створаны ў 2017 годзе як частка беларускай незалежнай кампаніі «Белсат». Яго мэта — распаўсюд аб’ектыўнай інфармацыі аб грамадзкім і палітычным жыцьці ў Беларусі і сьвеце, а таксама супрацьстаяньне расейскай і беларускай прапагандзе.
Пасьля 2020 году праз узмацненьне рэпрэсій супраць незалежных СМІ менская рэдакцыя Белсату пераехала ў Польшчу і цяпер зьяўляецца часткай міжнароднага маўленьня нацыянальнай польскай кампаніі TVР.
У траўні 2022 году ў Расеі гэты канал заблякавалі на патрабаваньне Генэральнай пракуратуры Расеі, а ў студзені 2024 году Міністэрства юстыцыі Расеі прызнала праект «Вот Так» «іншаземным агентам». У верасьні 2024 году тэлеканал Белсат уключылі ў сьпіс «непажаданых арганізацый».
Улады Беларусі прызналі тэлеканал «Белсат» «экстрэмісцкім фарміраваньнем» трэцяга лістапада 2021 году.
Форум