Пра вучэньні, якія носяць назоў «Імклівы арол», паведаміла Міністэрства абароны Беларусі.
«Вайскоўцы паветрана-дэсантных падразьдзелаў Беларусі і Кітаю правядуць супольныя вучэньні „ Імклівы арол 2026“. Манэўры пройдуць у правінцыі Хубэй у цэнтральным Кітаі з 11 па 24 жніўня», — паведаміла прэс-служба Міністэрства абароны.
Удзельнікі манэўраў адпрацуюць дзеяньні ў барацьбе з тэрарызмам, навыкі выведкі, а таксама навыкі захопу і ўтрыманьня пазыцый, зачысткі і арганізацыі абароны.
«Мэта вучэньняў — павышэньне баявой гатоўнасьці падразьдзелаў і паглыбленьне практычнага ўзаемадзеяньня паміж узброенымі сіламі дзьвюх краін», — паведаміла Міністэрства абароны.
Што гэта значыць?
Кітай і Беларусь даўно супрацоўнічаюць у вайсковай галіне. Вучэньні ў правінцыі Хубэй станць працягам такой супрацы.
Найбольш розгаласу супольныя манэўры Менску і Пэкіну выклікалі ў ліпені 2024 году, калі беларускія і кітайскія вайскоўцы правялі вучэньні недалёка ад мяжы з Польшчай і Ўкраінай. Заняткі мелі на мэце так званы «антытэрарыстычны трэнінг», у час якога вайскоўцы зь дзьвюх краін адпрацоўвалі супольныя апэрацыі ў вызваленьні закладнікаў. Тыя манэўры мелі назву «Арол, які атакуе».
Кітай супрацоўнічае з Расеяй у час расейска-ўкраінскай вайны. Афіцыйна Пэкін не заяўляў пра падтрымку Масквы, аднак пра тое, што Кітай схіляецца якраз да Расеі гавораць падпісныя бакамі паперы.
У 2023 годзе адбыўся трэці кітайска-расейскі форум вайскова-тэхнічнай супрацы ў Гуанчжоу, пазьней бакі падпісалі двухбаковы працоўны пратакол па выніках перамоваў у Маскве ў чэрвені таго ж году.
Згодна з гэтымі дакумэнтамі, Расея і Кітай абмяркоўвалі супрацу ў галіне касьмічных узбраеньняў, зьнішчэньня спадарожнікаў, супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны, вайсковай тэхнікі, авіяцыі і забесьпячэньня войскаў.
Беларускае і кітайскае міністэрствы абароны шчыльна супрацоўнічаюць. Дзяржавы вялі перамовы, сярод іншага, у сфэры тылавога забесьпячэньня ўзброеных сіл дзьвюх краін.
Форум