Як паведамілі ў Віцебскім аддзяленьні Беларускай чыгункі, цягнік № 625 Віцебск — Менск, які выйшаў 6 жніўня а 21:35 і мусіў прыбыць у беларускую сталіцу а 6:26, затрымліваецца больш чым на дзьве гадзіны.
У самім Віцебску 6 жніўня праз моцную залеву з шквалістым ветрам і градам пападалі дрэвы, быў спынены рух трамваяў.
Паводле рэгіянальнага выданьня «Віцьбічы», у абласным цэнтры падтапіла некалькі вуліц і раён аўтавакзалу. У мікрараёне Біцялёва прайшоў град, а ў Віцебскай вобласьці зафіксавалі да 15 паведамленьняў аб падзеньні дрэваў. Інфармацыі аб пацярпелых не было.
У Берасьці і Магілёве фіксавалі анамальную сьпёку — тэмпэратура перавысіла 40 градусаў.
Сотні паселішчаў без электрычнасьці
У Беларусі ў выніку навальніцы ў 438 населеных пунктах былі праблемы з электраэнэргіяй.
Як паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА, найбольш складаная сытуацыя ў Менскай, Віцебскай, Горадзенскай і Гомельскай вобласьцях.
Пашкоджаныя пераважна разьмеркавальныя сеткі 10 кВ — адключаныя 95 лініяў электраперадачы. Аднаўленчыя работы вядуць 180 брыгадаў энэргетыкаў.
У Менскую вобласьць на дапамогу накіравалі дадатковыя брыгады зь іншых рэгіёнаў. Толькі ў Вялейскім раёне ад непагадзі пацярпелі 172 населеныя пункты, пашкоджаныя 20 лініяў электраперадачы 10 кВ, пашкоджаныя апоры, шмат паваленых дрэваў.
Непагадзь зьнішчыла лес
У Міністэрстве лясной гаспадаркі Беларусі паведамілі, што выніку моцнай навальніцы толькі ў Жлобінскім і Вялейскім лясгасах пацярпелі па 200 і 150 гектараў лясных масіваў адпаведна.
На 7 жніўня прагназуюць моцныя навальніцы і вецер
Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Беларусі выдала папярэджаньне аб неспрыяльных гідрамэтэаралягічных зьявах 7 жніўня.
У многіх раёнах прагназуюць навальніцы, месцамі моцныя залевы і шквалістае ўзмацненьне ветру парывамі 15–20 м/с і да 24 м/с — у асобных раёнах, днём град. Удзень на паўднёвым усходзе краіны максымальная тэмпэратура дасягне +30...+34°С, месцамі +35°С. На паўднёвым захадзе ўдзень прагназуюць рэзкае пахаладаньне да +22...+27°С.
У ведамстве папярэдзілі, што праз такое надвор’е магчымыя адключэньні электраэнэргіі, дэфармацыя асфальтавага пакрыцьця дарог і чыгуначных рэек і ў сувязі з гэтым рост колькасьці аварыяў. Не выключаюць таксама абрыву лініяў электраперадачы і сувязі.
Што папярэднічала і чаму гэта важна
Празь сьпёку ў траўні і чэрвені ў Заходняй Эўропе засуха ахапіла велізарныя тэрыторыі, што зрабіла іх асабліва ўразьлівымі да лясных пажараў.
Дасьледнікі адзначаюць, што сёлетняя сьпёка — адна з самых моцных і пашыраных за ўсю гісторыю назіраньняў. Паводле іх аналізу, падобныя хвалі цяпла амаль немагчымыя без уплыву кліматычных зьменаў, выкліканых выкідамі парніковых газаў.
Асноўныя прычыны гэтага, паводле навукоўцаў: глябальнае пацяпленьне праз спальваньне выкапнёвага паліва; перасушаныя глебы, якія ўзмацняюць награваньне паветра; зьмены ў атмасфэрнай цыркуляцыі, якія «завешваюць» гарачае паветра над Эўропай; памяншэньне воблачнасьці і ахаладжальнага эфэкту аэразоляў.
Паводле Ўсясьветнай мэтэаралягічнай арганізацыі, сярэдняя тэмпэратура ў Эўропе падымаецца ўдвая хутчэй за сярэдні паказьнік у сьвеце, што робіць працяглыя пэрыяды сьпёкі ўсё больш імавернымі.
Небясьпека цяпер ідзе ня толькі ад максымальных тэмпэратураў, але і ад высокай начной тэмпэратуры (арганізм не пасьпявае астываць), павышанай вільготнасьці, перагрузкі мэдычных установаў і транспарту.
Навукоўцы папярэджваюць, што хвалі сьпёкі будуць часьцейшымі і даўжэйшымі, тэмпэратурныя рэкорды будуць абнаўляцца рэгулярна, цяперашнія экстрэмальныя ўмовы могуць стаць «новай нормай» у Эўропе.
Форум