Як паведаміла выданьне «Позірк» з спасылкай на Нацыянальны банк Беларусі, фізычныя асобы за сем месяцаў набылі валюты на 7,968 мільярда даляраў (у эквіваленце), а прадалі — на 9,304 мільярда. Адмоўнае сальда склала 1,336 мільярда.
Фізычныя асобы набылі наяўнай валюты на 5,264 мільярда, а прадалі — на 7,103 мільярда (адмоўнае сальда 1,809 мільярда), безнаяўнай — на 2,704 мільярда і 2,201 мільярда адпаведна.
Міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі на 1 жніўня 2026 году склалі 14,192 мільярда даляраў у эквіваленце. За месяц золатавалютныя рэзэрвы (ЗВР) вырасьлі на 36,9 мільёнаў даляраў, або на 0,26% (на 1 ліпеня — 14,155 мільярда).
На 1 студзеня 2026 году ЗВР складалі 14,423 мільярда даляраў. Такім чынам, за першае паўгодзьдзе яны скараціліся на 230,3 мільёна, або на 1,6%.
Манэтарнае золата ў структуры золатавалютных рэзэрваў на 1 жніўня склала 6,981 мільярда даляраў (-1,4 мільёна за месяц; −0,02%), спэцыяльныя правы запазычаньня — 1,403 мільярда (+3 млн; +0,21%), рэзэрвовыя актывы ў замежнай валюце — 5,809 мільярда (+35,3 млн; +0,61%).
Рэзэрвовая пазыцыя ў Міжнародным валютным фондзе ды іншыя актывы засталіся бязь зьменаў — 0,03 мільёна і 0,1 мільёна даляраў адпаведна.
Такім чынам, на рост ЗВР у ліпені найперш паўплывала павелічэньне рэзэрвовых актываў у замежнай валюце.
Што папярэднічала
У 2025 годзе насельніцтва Беларусі выступіла чыстым прадаўцом замежнай валюты. Фізычныя асобы набылі замежнай валюты на 12,95 мільярда даляраў (у эквіваленце), прадалі — на 14,58 мільярда (адмоўнае сальда — 1,63 млрд).
Летась напрыканцы траўня старшыня праўленьня Нацбанка Раман Галоўчанка назваў продаж валюты насельніцтвам і суб’ектамі гаспадараньня адным з двух чыньнікаў, што паўплывалі на рост міжнародных рэзэрваў: «Мы яе скупаем і, калі можна так сказаць, складаем пад вялікую дзяржаўную падушку».
Паводле зьвестак Нацбанку, Міжнародныя рэзэрвовыя актывы Беларусі за мінулы год павялічыліся на 5,5 мільярда даляраў і на 1 студзеня 2026 году перавысілі 14,4 мільярда даляраў.
Чаму гэта важна
Калі насельніцтва прадае больш замежнай валюты, чым купляе (чысты продаж), гэта ўмацоўвае пазыцыі нацыянальнай валюты, зьніжае далярызацыю эканомікі і стабілізуе курс.
Аднак для грамадзян гэта часта можа азначаць падзеньне даходаў або рост цэн, які прымушае выкарыстоўваць валютныя зьберажэньні.
Форум