Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вызвалілі асуджанага на сем сутак зьняволеньня ўдзельніка зьезду «Сям’і вясёлкі» пад Расонамі

Месца, дзе праходзіў зьезд руху «Сям'я вясёлкі». Фота МУС
Месца, дзе праходзіў зьезд руху «Сям'я вясёлкі». Фота МУС

Як стала вядома Свабодзе, частка ўдзельнікаў зьезду яшчэ чакаюць адміністрацыйных судоў па сваіх справах.

29 ліпеня пад Расонамі на Віцебшчыне міліцыянты затрымалі каля трохсот удзельнікаў штогадовага зьлёту «Сям’я вясёлкі» (Rainbow Family). Яны разьбілі намётавае мястэчка на беразе возера Белага каля вёскі Межна.

«Сям’я вясёлкі» – міжнародны рух, які ўзьнік у ЗША ў 1972 годзе і заяўляе сябе як аб’яднаньне прыхільнікаў міру, жыцьця на прыродзе і адмовы ад спажывецтва. Зьлёты звычайна праводзяць у маланаселеных месцах. Паблізу вадаёмаў ставяць намётавыя мястэчкі.

Большую частку затрыманых адпусьцілі пасьля афармленьня пратаколаў, грамадзян Расеі, якія ўдзельнічалі ў зьезьдзе, пры гэтым абавязалі пакінуць тэрыторыю Беларусі. У выніку за кратамі апынуўся адзін з удзельнікаў сустрэчы, 52-гадовы мужчына. Як паведамлялі крыніцы Свабоды, сілавікі прызналі яго арганізатарам падзеі, хаця сам падыход, які практыкуюць прыхільнікі руху «Сям'я вясёлкі», не прадугледжвае наяўнасьці арганізатараў. Усе пытаньні вырашаюцца супольна і з уласнай ініцыятывы ўдзельнікаў такіх сустрэч.

Затрыманыя ўдзельнікі зьезду. Фота МУС
Затрыманыя ўдзельнікі зьезду. Фота МУС

Як стала вядома Свабодзе ўвечары 5 ліпеня, асуджанага на сем сутак пазбаўленьня волі 52-гадовага мужчыну выпусьцілі з-за кратаў пасьля адбыцьця пакараньня. Частка ўдзельнікаў зьезду яшчэ чакаюць адміністрацыйных судоў за «удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG