Як стала вядома Свабодзе, дзяўчыну, якую міліцыянты называлі «арганізатаркай» зьезду «Сям’і вясёлкі» пад Расонамі, адпусьцілі. Мужчыну, якога сілавікі таксама залічылі ў арганізатары падзеі, далі сем сутак арышту. Некалькі суразмоўцаў Свабоды раней адзначалі, што ў такіх фэстывалях няма арганізатараў або лідэраў. Людзі зьбіраюцца і робяць усё самаарганізавана.
Міністэрства унутраных спраў Беларусі пасля пятніцы сытуацыю больш афіцыйна не камэнтавала.
Як паведаміла крыніца Свабоды, многія расейцы, якія ўдзельнічалі ў «вясёлкавым» фэстывалі, ужо самастойна зьехалі з Беларусі, не чакаючы прымусовай дэпартацыі.
29 ліпеня пад Расонамі на Віцебшчыне міліцыянты затрымалі каля трохсот удзельнікаў штогадовага зьлёту «Сям’я вясёлкі» (Rainbow Family). Яны разьбілі намётавае мястэчка на беразе возера Белага каля вёскі Межна. Прычынай рэйду на масавую імпрэзу Міністэрства ўнутраных справаў назвала паведамленьне на лінію 102 пра «шумны сход на беразе возера зь вялікай колькасьцю людзей». Паводле Міністэрства ўнутраных справаў, у намётавым лягеры былі ў тым ліку дзеці і грамадзяне Расеі і Ізраілю.
«Сям’я вясёлкі» — міжнародны рух, які ўзьнік у ЗША ў 1972 годзе і заяўляе сябе як аб’яднаньне прыхільнікаў міру, жыцьця на прыродзе і адмовы ад спажывецтва. Зьлёты звычайна праводзяць у маланаселеных месцах. Паблізу вадаёмаў ставяць намётавыя мястэчкі.
Форум