Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Міністэрстве сельскай гаспадаркі патлумачылі, куды з пашаў у Беларусі зьніклі каровы

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Кіраўнік аддзелу галоўнага ўпраўленьня інтэнсыфікацыі жывёлагадоўлі і рыбагаспадарчай дзейнасьці Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі Аляксей Лагуновіч заявіў, што пасьвіць кароў на адкрытай мясцовасьці, як гэта рабілася раней, цяпер непатрэбна.

«Па выніках работы за першае паўгодзьдзе 2026-га ў краіне налічваецца 2712 малочнатаварных аб’ектаў, у тым ліку комплексаў — 1700, што складае 63 % ад агульнага ліку. На гэтых комплексах сёньня вырабляюць 83 % усяго айчыннага малака. І задача, пастаўленая прэзыдэнтам перад АПК, адназначная: да канца наступнай пяцігодкі атрымліваць прадукцыю толькі на сучасных комплексах», — працытавала Лагуновіча выданьне «Сельская газета».

У публікацыі адзначылі, што адсутнасьць кароў на пашах не зьяўляецца сьведчаньнем праблем у жывёлагадоўлі Беларусі. «Сучасныя тэхналёгіі патрабуюць канцэнтрацыі пагалоўя на МТК (малочнатаварных комплексах) і аднатыпнага гадаваньня, а пасьвіць рэкамэндуецца толькі сухастойных кароў. Пры ўтрыманьні кароў на пашах патрабуецца своечасова рабіць перазалужэньне», — удакладнілі ў матэрыяле.

«Асабліва праблематычна пашавае ўтрыманьне ў сьпякотнае надвор’е: каровы мала ядуць, і іх прадуктыўнасьць зьніжаецца. Жывёлам значна камфортней на сучасных комплексах, дзе строга выконваецца мікраклімат і іх ня трэба ўвесь час пераганяць на розныя пашы», — адзначыла «Сельская газета».

Што папярэднічала

Ільвіную долю ўвагі і свайго працоўнага часу Аляксандар Лукашэнка аддае сельскай гаспадарцы, лічыць яе амаль галоўнай сфэрай эканомікі. Але насамрэч доля сельскай гаспадаркі складае менш за 7% валавога ўнутранага прадукту (ВУП) Беларусі, там працуюць каля 9% ад усіх занятых.

Лукашэнка штогод праводзіць нарады аб разьвіцьці аграпрамысловага комплексу Беларусі. У 2023 годзе ён заявіў, што найбліжэйшымі гадамі ў кожнай вобласьці павінны збудаваць ці рэканструяваць па 10 малочнатаварных комплексаў.

«Нам фэрмы не патрэбныя. Нам патрэбныя малочнатаварныя комплексы, дзе ў палацы стаіць карова, мы атрымліваем чыстае малако і дзяцей можам карміць», — заявіў Лукашэнка на нарадзе 22 верасьня 2023 году.

Лукашэнка мяркуе, што вакол такіх комплексаў павінны стварацца сучасныя ўмовы для жыцьця людзей, уключна з будаўніцтвам жыльля, дарог і інфраструктуры.

Згодна з афіцыйнай статыстыкай, у 2025 годзе прырост вытворчасьці ў сельскай гаспадарцы склаў 0,2%. Пры гэтым у Віцебскай вобласьці вытворчасьць сельскай гаспадаркі зьнізілася на 2,7%, у Менскай — на 2,4%, у Горадзенскай — на 1,7%.

Што адбываецца з пагалоўем жывёлы

Пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў 2025 годзе зьнізілася на 3%, у тым ліку кароў — на 2%, а сьвіней — на 1,6%.

Згодна з інфармацыяй Белстату, на 1 студзеня 2026 года ў гаспадарках Беларусі налічвалася 4 мільёна галоў буйной рагатай жывёлы і 2,2 мільёна сьвіней. Год таму было 4 мільёна 21700 галоў буйной рагатай жывёлы і каля 2 мільёнаў сьвіней. З гэтых зьвестак бачна, што паморак сьвіней прыпыніўся, а вось кароў і быкоў — працягваецца.

За 2024 год колькасьць буйной рагатай жывёлы ў Беларусі зьнізілася на 79,4 тысячы галоў (на 1,9%), а сьвіней — на 284,3 тысячы галоў (на 12,5%), пра што пісаў Белстат у студзені 2025 году.

Прырост вытворчасьці ў сельскай гаспадарцы за 2025 год склаў 0,2%. Пры гэтым у Віцебскай вобласьці вытворчасьць сельскай гаспадаркі зьнізілася на 2,7%, у Менскай — на 2,4%, у Горадзенскай — на 1,7%. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў 2025 годзе зьнізілася на 3%, у тым ліку кароў — на 2%, а сьвіней — на 1,6%.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG