Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Варшаве пачаўся футбольны турнір імя Мікіты Мелказёрава. ФОТА

На футбольным турніры ў Варшаве, 1 жніўня 2026 году
На футбольным турніры ў Варшаве, 1 жніўня 2026 году

Раней гэты Кубак насіў імя Аляксандра Івуліна.

На пачатку ўдзельнікі цырымоніі ўшанавалі хвілінай маўчаньня памяць журналіста Мікіты Мелказёрава, які памёр у ноч на 21 сьнежня 2025 году ва ўзросьце 37 гадоў.

Сьвятлана Ціханоўская адкрыла футбольны турнір сымбалічным першым ударам па мячы.

Перад пачаткам турніру яна перадала свае першыя баксёрскія пальчаткі на дабрачынны розыгрыш. Менавіта ў інтэрвію Мікіце Мелказёраву яна ўпершыню расказала, што займаецца боксам.

«Мікіта ўмеў аб’ядноўваць людзей — і на экране, і ў жыцьці, і на футбольным полі. І мне здаецца, што найлепшы спосаб ушанаваць яго памяць — працягваць рабіць тое, што ён умеў лепш за ўсё: аб’ядноўваць людзей вакол Беларусі», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.

У цырымоніі таксама ўзялі ўдзел Павал Латушка, Аляксандр Івулін, прадстаўнікі футбольнага клюба «Пагоня» і амбасады Нідэрляндаў.

Намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту, дэлегат Каардынацыйнай Рады Павел Латушка таксама адзначыў ролю Мікіты Мелказёрава ў аб’яднаньні беларусаў.

«Сёньня мы адкрываем турнір імя Мікіты Мелказёрава, але я ўпэўнены, што Мікіта, як вельмі цудоўны чалавек і адначасова выбітны журналіст, мае права, каб у Вольнай Беларусі, а можа і за мяжой паўстала журналісцкая ўзнагарода імя Мікіты Мелказёрава. Я думаю, гэта было бы справядліва», — сказаў Павал Латушка.

Палітык таксама падзякаваў Аляксандру Івуліну за перайменаваньне турніру ў гонар Мелказёрава, а таксама пасольству Нідэрляндаў у Польшчы за падтрымку спаборніцтва.

Што папярэднічала

Кубак Мелказёрава — штогадовы аматарскі футбольны турнір, што праводзіцца з 2022 году. З пачатку яго заснаваньня называўся Кубкам Івуліна. У спаборніцтвах удзельнічаюць пераважна беларускія эмігранты.

Як адзначыла выданьне «Позірк», пасьля сьмерці Мікіты Мелказёрава Аляксандар Івулін — спартовы журналіст, блогер, колішні палітвяень — ухваліў рашэньне аб перайменаваньні турніру.

Мікіта Мелказёраў памёр у Варшаве ў ноч на 21 сьнежня 2025 году ва ўзросьце 37 гадоў. На наступны дзень стала вядома, што акруговая пракуратура пачала расьсьледаваньне. У студзені 2026 году пракуратура паведаміла, што ў працэсе сьледзтва ня выявілі прыкмет, якія маглі б сьведчыць аб сьмерці ў выніку траўмы, аднак лекары знайшлі зьмены, што сталі вынікам хранічнага захворваньня.

Журналіст апошнія гады жыў у Варшаве. Быў стваральнікам і вядоўцам YouTube-проекта «Жыцьцё—маліна», таксама вёў гістарычны праект «Загляне сонца», супрацоўнічаў з тэлеканалам «Белсат».

У Польшчу эміграваў пасьля падзей 2020 году пад пагрозай крымінальнага перасьледу. Летась у траўні Міністэрства ўнутраных спраў прызнала мэдыяпраект «Жыцьцё—маліна» «экстрэмісцкім» фарміраваньнем.

10 студзеня стала вядома, што Мелказёрава пасьмяротна ўзнагародзілі мэдалём Аб’яднанага пераходнага кабінэту «За плённую працу на карысьць Беларусі».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG