Пра гэта «Белсату» расказаў прэс-сакратар акруговай пракуратуры Варшавы Пётр Антоні Скіба.
Скіба адзначыў, што справа аб ненаўмысным забойстве была прыпыненая ў чаканьні мэдычнай высновы аб выніках судова-мэдычнага анатамаваньня і таксыкалягічных дасьледаваньняў.
«Дасьледаваньні падчас анатамаваньня ня выявілі траўматычных зьменаў, якія б маглі выклікаць сьмерць; выяўленыя зьмены, зьвязаныя з хранічнымі хваробамі памерлага», — сказаў прэс-сакратар акруговай пракуратуры Варшавы.
Што гэта за захворваньне, пракуратура не раскрывае.
Журналіст Мікіта Мелказёраў памёр ноччу 21 сьнежня 2025 году дома ў Варшаве. Пракуратура пачала расьсьледаваньне паводле артыкулу аб ненаўмысным забойстве. Як адзначаў раней у камэнтары «Белсату» Пётр Антоні Скіба, «гэта традыцыйная фармулёўка, якая даецца ў сытуацыях, калі прычына сьмерці невядомая».
Пасьля апытаньня ўдавы Мікіты галоўная вэрсія сьледзтва на канец сьнежня зыходзіла з таго, што сьмерць журналіста была негвалтоўная.
Мікіту Мелказёраву было 37 гадоў. Ён стаў шырока вядомы як аўтар і вядоўца праекту «Жыцьцё-маліна». Таксама ён быў аўтарам і суаўтарам праектаў «Загляне сонца», падкасту «Нешта будзе», сувядоўцам праграмы «Мова нанова» на «Белсаце».
Форум