Незадоўга да сьмерці ў Менску ў 1946-м амэрыканцы Рут Уолер мела споўніцца толькі 25 гадоў.
Рут Уолер нарадзілася ў штаце Каліфорнія ў 1921 годзе. Вядома, што ў дзявоцтве Рут прафэсійна займалася спортам, была чэмпіёнкай штату ў тэнісе.
Разам з мужам Тэадорам Уолерам, які быў прызначаны намесьнікам кіраўніка місіі ААН для дапамогі і аднаўленьня ў пасьляваеннай Беларусі (UNRRА), Рут прыехала ў Менск у красавіку 1946 году.
Сталіца Беларусі тады яшчэ ляжала ў руінах, рэзыдэнцыя місіі UNRRА знаходзілася на ўскраіне гораду, у Лошыцы .
25 ліпеня на Лошыцкім вадасховішчы Рут Уолер уратавала двух хлопчыкаў, якія танулі ў вадаёме. Пасьля гэтага яна захварэла на постгрыпозны мэнінгіт. Амэрыканку лячылі найлепшыя мэдыкі Беларусі, але лячэньне ўскладнялася дэфіцытам моцнадзейных антыбіётыкаў у пасьляваенным горадзе, выратаваць яе не ўдалося.
4 жніўня 1946 году Рут памерла, яе пахавалі на Вайсковых могілках.
Пасьля сьмерці Рут Уолер з СССР зьнялі «пэніцылінавае эмбарга». Пры падтрымцы місіі ў 1947 годзе ў Менску была пабудаваная лінія для вытворчасьці пэніцыліну. Усяго ў першыя пасьляваенныя гады праз ААН Беларусі перадалі гуманітарнай дапамогі на суму звыш 60 мільёнаў даляраў.
Камуністычныя ўлады БССР імкнуліся ня згадваць пра амэрыканскі ўнёсак у аднаўленьне разбуранай вайной Беларусі.
Магіла Рут Уолер на Вайсковых могілках у Менску захавалася, утрымліваць яе ў годным выглядзе дапамагалі жыхары гораду. Сярод іх быў доктар Казімер Яцына, які яшчэ студэнтам у сярэдзіне 1970-х гадоў пачаў апекавацца магілай амэрыканкі, выдзіраў кустоўе і пустазельле, фарбаваў надпіс і агароджу.
Менская школа № 130 носіць імя Рут Уолер
У 2016 годзе менскай школе № 130 надалі імя Рут Уолер. Ва ўрачыстай цырымоніі ў школе бралі ўдзел Гэлен Кларк, якая тады была намесьніцай генэральнага сакратара ААН, тагачасны міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей і Скот Роланд, тагачасны часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі.
«Яна ахвяравала сваё жыцьцё выратаваньню іншых», — напісана на мэмарыяльнай шыльдзе на школьным будынку.
Пра дзейнасьць місіі UNRRА ў пасьляваенным Менску таксама нагадвае мэмарыяльная дошка на фасадзе Лошыцкай сядзібы, дзе пералічаныя супрацоўнікі місіі, у тым ліку Рут Уолер.
У незалежнай Беларусі дыпляматы ЗША і прадстаўнікі беларускай грамадзкасьці рэгулярна наведвалі магілу Рут Уолер на менскіх Вайсковых могілках, ускладалі кветкі да яе помніка, згадвалі амэрыканку ў прамовах.
Памінальныя акцыі часта праходзілі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
У верасьні 2024 году кветкі да магілы Рут Уолер усклалі часовы павераны ў справах ЗША Пітэр Каўфман і сталы каардынатар прадстаўніцтва ААН Расул Багіраў.