Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Спадзяюся, праз год гэтую місію будзе выконваць амбасадар ЗША». У Менску ўшанавалі памяць амэрыканкі Рут Уолер


Ушанаваньне памяці амэрыканскай грамадзянкі Рут Уолер. Менск, 7 жніўня 2019 году

Павераная ў справах ЗША ў Беларусі Джэніфэр Мур выказала спадзяваньне, што налета ўжо амбасадар ЗША будзе выконваць ганаровы абавязак ушанаваньня памяці амэрыканскай грамадзянкі Рут Уолер.

«І гэта будзе адлюстроўваць паляпшэньне ў стасунках паміж нашымі краінамі і нашымі народамі», — сказала Джэніфэр Мур, адказваючы на пытаньні журналістаў.

Часовы павераны ЗША Джэніфэр Мур (зьлева) і кіраўніца прадстаўніцтва ААН Ёанна Казана-Вішнеўская
Часовы павераны ЗША Джэніфэр Мур (зьлева) і кіраўніца прадстаўніцтва ААН Ёанна Казана-Вішнеўская

7 жніўня Джэніфэр Мур разам з пастаяннай каардынатаркай ААН у Беларусі Яаннай Казана-Вісьнявецкай, першым сакратаром сэктара ЗША і Канады МЗС РБ Дзьмітрыем Ільішыным і дырэктарам менскай сярэдняй школы № 130 імя Рут Уолер Дзьмітрыем Бякцяшкіным усклалі кветкі да магілы Рут Уолер на Вайсковых могілках.

Амэрыканка Рут Уолер, якая працавала ў місіі UNRRА — Адміністрацыі дапамогі і аднаўленьня ААН, памерла ў Менску 4 жніўня 1946 году. Яна выратавала двух хлопчыкаў, якія танулі ў возеры ў Лошыцы, а сама захварэла на запаленьне лёгкіх і памерла. Пахавалі яе на Вайсковых могілках у Менску.

Магіла Рут Уолер
Магіла Рут Уолер

«Гэта ўжо добрая традыцыя штогод прыходзіць сюды і ўспамінаць Рут Уолер, якая прыехала ў Беларусь, калі ва ўсім сьвеце панавала надзея на пабудову новага, квітнеючага і пасьпяховага сьвету на ўсёй плянэце», — сказала Джэніфэр Мур.

Яанна Казана-Вісьнявецкая расказала, што Рут Уолер прыехала ў Беларусь у 1945 годзе з першай місіяй ААН.

Кіраўніца прадстаўніцтва ААН Ёанна Казана-Вішнеўская
Кіраўніца прадстаўніцтва ААН Ёанна Казана-Вішнеўская

«Гэта быў складаны час для ўсіх пацярпелых пад час вайны краін. Рут Уолер працавала тут разам з 15 іншымі міжнароднымі сябрамі місіі UNRRА, якая з 1945-га па 1947 год мела свой офіс у Лошыцкім парку. Аднымі з самых буйных донараў і заснавальнікамі гэтай місіі былі ЗША. Пазьней на яе аснове зьвіліся новыя інстытуцыі ААН, якія аказваюць гуманітарную дапамогу. Мы памятаем пра тое, што рабілі тут супрацоўнікі місіі для Беларусі. Але і ўшаноўваем супрацоўнікаў ААН, якія памерлі на тых месцах, дзе працавалі і дапамагалі іншым».

Дырэктар менскай сярэдняй школы № 130 Дзьмітры Бякцяжкін (зьлева) і часовая павераная ЗША Джэніфэр Мур
Дырэктар менскай сярэдняй школы № 130 Дзьмітры Бякцяжкін (зьлева) і часовая павераная ЗША Джэніфэр Мур

Паводле Дзьмітрыя Бякцяшкіна, тое, што імя Рут Уолер далі менскай школе, «паказала сувязь часоў і дало выдатную магчымасьць дзецям бліжэй пазнаёміцца з дзейнасьцю ААН».

«Гэта стварыла выдатную магчымасьць, каб бліжэй пазнаёміцца з культурай амэрыканскага народу. Цягам ужо трох гадоў мы ладзім сумесныя імпрэзы з ААН і амбасадай ЗША. І гэта супрацоўніцтва мае вялікае значэньне, служыць большаму ўзаемаразуменьню і наладжваньню культурных сувязяў», — сказаў дырэктар менскай школы імя Рут Уолер Дзьмітры Бякцяшкін.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG