Суполка «Кібэрпартызаны» апублікавала дадатковую інфармацыю са свайго расьсьледваньня, зь якога вынікае, што былая сьпікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава зь дзецьмі жыве ў Беларусі, у Менску, валодае там нерухомасьцю і карыстаецца пашпартам зь іншым прозьвішчам, а таксама што яна пайшла на супрацоўцоўніцтва з КДБ Беларусі.
«На жаль, мы ня можам назваць большасьць крыніц інфармацыі для захаваньня іх канфідэнцыйнасьці, але ўсе зьвесткі намі правераныя і пацьверджаныя», — піша ініцыятыва.
Раней выданьне «Наша Ніва» паведамляла са спасылкай на бацьку Анжалікі Мельнікавай Артура Мікалаевіча, што тая знаходзіцца ў Беларусі.
«Я ведаю, што яна ў Беларусі. З якога часу? Ну, даўнавата. Нічога яна не зьнікла. Наколькі я сам ведаю, жывая і здаровая. І дзеці, мабыць, з ёй. Хаця я ўнукаў і яе асабіста даўно бачыў жыўцом».
Паводле выданьня, бацька Мельнікавай распавёў, што апошні раз размаўляў з дачкой «зімой». Звычайна яна тэлефануе яму сама.
Яшчэ раней украінскі блогер Аляксандр Рыкаў (BalaganOFF) апублікаваў скрыншоты зь відэа трэнеркі з трэнажорнай залі сеткі GYM24 у Менску, на якіх нібыта фігуравала Анжаліка Мельнікава. Аднак не было пацьверджаньня, што на выявах менавіта яна.
Зьнікненьне Мельнікавай
Аб тым, што тагачасная сьпікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава, якая жыла ў Польшчы, перастала выходзіць на сувязь, публічна стала вядома 28 сакавіка 2025 году. Інфармацыю аб гэтым агучыў кіраўнік Народнага антыкрызыснага ўпраўленьня Павал Латушка, у чыю каманду Мельнікава ўваходзіла працяглы час.
Паплечнікі заўважылі зьнікненьне Анжалікі на тры дні раней — 25 сакавіка 2025 году. Паўзу ў тры дні пазьней тлумачылі просьбай польскай паліцыі не сьпяшацца з агалошваньнем гэтых зьвестак.
Большасьць паплечнікаў Анжалікі Мельнікавай ў Каардынацыйнай радзе даведаліся аб яе зьнікненьні з мэдыя. Зь іхных словаў, увачавідкі ў Варшаве сьпікерку бачылі апошні раз у канцы лютага. Пасьля яна была дасяжная толькі дыстанцыйна, праз мэсэнджары, сваю адсутнасьць на сустрэчах тлумачыла хваробай. Адзін з апошніх сазвонаў з калегамі ў Анжалікі Мельнікавай быў 21 сакавіка 2025 году.
Справу аб зьнікненьні Анжалікі Мельнікавай, якая да лютага 2025 году ўжо пасьпела атрымаць польскае грамадзянства, з варшаўскай паліцыі хутка перадалі ў Нацыянальную пракуратуру Польшчы, расьсьледаваньнем пачала займацца яе Люблінскае аддзяленьне. Факт перадачы справы ў Нацыянальную пракуратуру сьведчыў аб высокім узроўні ўвагі, якую польскія ўлады надалі зьнікненьню беларускі. Аднак за год расьсьледаваньня амаль ніякай афіцыйнай інфармацыі аб яго ходзе ад польскіх праваахоўных органаў больш не паступала.
У канцы вясны і летам 2025 году зьявілася некалькі неафіцыйных вэрсіяў зьнікненьня Анжалікі Мельнікавай. Ад выкраданьня беларускімі спэцслужбамі, да сьвядомага ад’езду з Варшавы разам зь дзецьмі праз раман зь дзейным супрацоўнікам КДБ Беларусі. Ніводная зь агучаных журналістамі або былымі супрацоўнікамі спэцслужбаў вэрсіяў пакуль не атрымала дакладнага пацьверджаньня.
Што «Кібэрпартызаны» паведамілі раней
Акрамя польскіх спэцслужбаў і беларускіх журналістаў, расьсьледаваньнем справы аб зьнікненьні Анжалікі Мельнікавай вясной 2025 году заняліся таксама прадстаўнікі суполкі «Кібэрпартызаны». Сьпікерка Каардынацыйнай рады па сумяшчэньні займалася адміністраваньнем фонду Białoruś Liberty, празь які часткова фінансаваліся выдаткі «Кібэрпартызанаў» і Каардынацыйнай рады. У сярэдзіне траўня прадстаўнікі суполкі паведамілі, што змаглі аднавіць кантроль над рахункамі фонду, адкуль зьніклі 150 тысяч даляраў. Каля 30 тысяч зь іх былі прызначаныя на дзейнасьць зьвязаных з «Кібэрпартызанамі» ініцыятываў. Рэшту плянавалася патраціць на патрэбы Каардынацыйнай рады.
Паводле абнародаванай у траўні 2025 году інфармацыі, усе сродкі з рахунку фонду Białoruś Liberty былі выведзеныя, апошняя трансакцыя адбылася 24 сакавіка 2025 году.
Расьсьледаваньне «Кібэрпартызанаў» працягваецца. 20 лютага 2026 году прадстаўніца арганізацыі Юльяна Шаметавец у размове з Свабодай паведаміла, што 24 сакавіка 2025 году апошнія прыкладна 150 тысяч злотых Анжаліка Мельнікава (або нехта іншы з доступам да рахунку фонду Białoruś Liberty) перавяла з рахунку ў польскім банку на рахунак літоўскай крыптабіржы UAB Onlychain Fintech Limited. Гэта адносна невялікая літоўская фінтэх-кампанія з 12 супрацоўнікамі, зарэгістраваная ў сьнежні 2021 году. Свабода накіравала на адрас UAB Onlychain Fintech Limited запыт аб далейшым лёсе пераведзеных туды Анжалікай Мельнікавай сродкаў. Адказу на момант публікацыі мы не атрымалі.
Неўзабаве пасьля зьнікненьня Анжалікі Мельнікавай польская газэта Rzeczpospolita апублікавала матэрыял, дзе згадваўся яшчэ адзін факт, зьвязаны зь дзейнасьцю былой сьпікеркі Каардынацыйнай рады.
Паводле інфармацыі выданьня, у 2023 годзе фонд на чале зь Мельнікавай Białoruś Liberty атрымаў ад зарэгістраванай у Вялікай Брытаніі кампаніі Media Consulting Services Ltd. 405 тысяч злотых (каля 100 тысяч эўра. — РС).