Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацька Мельнікавай кажа, што яна даўно ў Беларусі, — «Наша Ніва»

Анжаліка Мельнікава на форуме Касьцюшкі ў Гданьску, за тры тыдні да ад'езду з Варшавы. Пачатак лютага 2025 году
Анжаліка Мельнікава на форуме Касьцюшкі ў Гданьску, за тры тыдні да ад'езду з Варшавы. Пачатак лютага 2025 году

Выданьне «Наша Ніва» паведаміла са спасылкай на бацьку былой сьпікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай, што тая знаходзіцца ў Беларусі.

«Наша Ніва» цытуе тэлефонную размову з бацькам, Артурам Мікалаевічам:

«Я ведаю, што яна ў Беларусі. З якога часу? Ну, даўнавата. Нічога яна не зьнікла. Наколькі я сам ведаю, жывая і здаровая. І дзеці, мабыць, з ёй. Хаця я ўнукаў і яе асабіста даўно бачыў жыўцом».

Паводле выданьня, бацька Мельнікавай распавёў, што апошні раз размаўляў з дачкой «зімой». Звычайна яна тэлефануе яму сама:

«Яна мне сказала: „Ты мне не звані, я сама буду“. Ну і часам тэлефануе. Але там нумар заўсёды схаваны, не вызначаецца».

Днямі ўкраінскі блогер Аляксандр Рыкаў (BalaganOFF) апублікаваў скрыншоты зь відэа трэнеркі з трэнажорнай залі сеткі GYM24 у Менску, на якіх нібыта фігуравала Анжаліка Мельнікава. Аднак не было пацьверджаньня, што на выявах менавіта яна.

Аб тым, што тагачасная сьпікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава, якая жыла ў Польшчы, перастала выходзіць на сувязь, публічна стала вядома 28 сакавіка 2025 году. Інфармацыю аб гэтым агучыў кіраўнік Народнага антыкрызыснага ўпраўленьня Павал Латушка, у чыю каманду Мельнікава ўваходзіла працяглы час. Паплечнікі заўважылі зьнікненьне Анжалікі на тры дні раней — 25 сакавіка 2025 году. Паўзу ў тры дні пазьней тлумачылі просьбай польскай паліцыі не сьпяшацца з агалошваньнем гэтых зьвестак.

Большасьць паплечнікаў Анжалікі Мельнікавай ў Каардынацыйнай радзе даведаліся аб яе зьнікненьні з мэдыя. Зь іхных словаў, увачавідкі ў Варшаве сьпікерку бачылі апошні раз у канцы лютага. Пасьля яна была дасяжная толькі дыстанцыйна, праз мэсэнджары, сваю адсутнасьць на сустрэчах тлумачыла хваробай. Адзін з апошніх сазвонаў з калегамі ў Анжалікі Мельнікавай быў 21 сакавіка 2025 году.

Мельнікава на форуме беларусаў у Варшаве, студзень 2025 году
Мельнікава на форуме беларусаў у Варшаве, студзень 2025 году

«Пракурор не згаджаецца на паданьне інфармацыі»

Справу аб зьнікненьні Анжалікі Мельнікавай, якая да лютага 2025 году ўжо пасьпела атрымаць польскае грамадзянства, з варшаўскай паліцыі хутка перадалі ў Нацыянальную пракуратуру Польшчы, расьсьледаваньнем пачала займацца яе Люблінскае аддзяленьне. Як расказвалі тады Свабодзе польскія экспэрты, перадача расьсьледаваньня ў рэгіянальны філіял пракуратуры — звычайная практыка для Польшчы, выкліканая занятасьцю ведамства. А сам факт перадачы справы ў Нацыянальную пракуратуру сьведчыў аб высокім узроўні ўвагі, якую польскія ўлады надалі зьнікненьню беларускі. Аднак за год расьсьледаваньня амаль ніякай афіцыйнай інфармацыі аб яго ходзе ад польскіх праваахоўных органаў больш не паступала.

«Нягледзячы на тое, што я ініцыяваў падачу заявы аб факце зьнікненьня Анжалікі Мельнікавай у камэндатуру сталічнай паліцыі ў Варшаве, ні я, ні наша каманда не зьяўляецца бокам у гэтым сьледзтве, — казаў у камэнтары для Свабоды Павал Латушка. — Таму ў нас абмежаваныя магчымасьці атрымліваць інфармацыю аб ходзе сьледчых дзеяньняў. Разам з тым я зьвяртаўся ў Нацыянальную пракуратуру Польшчы з просьбай аб паданьні інфармацыі і на мінулым тыдні зноў накіраваў запыт пракурору. З даступных мне зьвестак, у гэты момант месца знаходжаньня Анжалікі Мельнікавай ня вызначана. Гэта, безумоўна, ня можа пакідаць нас, яе калегаў, абыякавымі ў гэтай сытуацыі».

Павал Латушка
Павал Латушка

На запыт Свабоды, накіраваны ў Люблінскае аддзяленьне польскай пракуратуры, адказалі, што сьледзтва працягваецца, аднак рашэньне аб агалошваньні нейкіх зьвестак пра яго хаду можа быць прынятае толькі ў Нацыянальнай пракуратуры. Там празь некалькі дзён паўзы паведамілі, што зьвесткі аб расьсьледаваньні справы Анжалікі Мельнікавай агалошаныя пакуль быць ня могуць.

«У інтарэсах расьсьледаваньня і прынятых кірункаў расьсьледаваньня пракурор, які вядзе справу, не згаджаецца на паданьне інфармацыі аб бягучых выніках справы», — паінфармавала Свабоду прадстаўнічка Нацыянальнай пракуратуры Польшчы Катажына Цалюў-Яшэўская.

У канцы вясны і летам 2025 году зьявілася некалькі неафіцыйных вэрсіяў зьнікненьня Анжалікі Мельнікавай. Ад выкраданьня беларускімі спэцслужбамі, да сьвядомага ад’езду з Варшавы разам зь дзецьмі праз раман зь дзейным супрацоўнікам КДБ Беларусі. Ніводная зь агучаных журналістамі або былымі супрацоўнікамі спэцслужбаў вэрсіяў пакуль не атрымала дакладнага пацьверджаньня.

«За гэты пэрыяд нам прыходзіла рознага характару інфармацыя, — працягвае Павал Латушка. — І агульнавядомая ў СМІ аб тым, што нібыта ў дачыненьні да яе спэцслужбы прымянілі так званую „мядовую пастку“, і аб магчымай ліквідацыі ў сувязі з тым, што ёй была пастаўлена задача, якая магла стварыць пагрозу жыцьцю і здароўю калегам у Народным антыкрызісным упраўленьні. І пра тое, што нібыта яе нехта бачыў у Беларусі. Ні адна з вэрсіяў не зьяўляецца канчатковай. Найбольшы абʼём інфармацыі, магчыма, маюць польскія спэцслужбы, ну і, можам меркаваць, і беларускія спэцслужбы».

UAB Onlychain Fintech Limited

Акрамя польскіх спэцслужбаў і беларускіх журналістаў, расьсьледаваньнем справы аб зьнікненьні Анжалікі Мельнікавай вясной 2025 году заняліся таксама прадстаўнікі суполкі «Кібэрпартызаны». Сьпікерка Каардынацыйнай рады па сумяшчэньні займалася адміністраваньнем фонду Białoruś Liberty, празь які часткова фінансаваліся выдаткі «Кібэрпартызанаў» і Каардынацыйнай рады. У сярэдзіне траўня прадстаўнікі суполкі паведамілі, што змаглі аднавіць кантроль над рахункамі фонду, адкуль зьніклі 150 тысяч даляраў. Каля 30 тысяч зь іх былі прызначаныя на дзейнасьць зьвязаных з «Кібэрпартызанамі» ініцыятываў. Рэшту плянавалася патраціць на патрэбы Каардынацыйнай рады.

Паводле абнародаванай у траўні 2025 году інфармацыі, усе сродкі з рахунку фонду Białoruś Liberty былі выведзеныя, апошняя трансакцыя адбылася 24 сакавіка 2025 году.

Юльяна Шаметавец
Юльяна Шаметавец

Расьсьледаваньне «Кібэрпартызанаў» працягваецца. 20 лютага 2026 году прадстаўніца арганізацыі Юльяна Шаметавец у размове з Свабодай паведаміла, што 24 сакавіка 2025 году апошнія прыкладна 150 тысяч злотых Анжаліка Мельнікава (або нехта іншы з доступам да рахунку фонду Białoruś Liberty) перавяла з рахунку ў польскім банку на рахунак літоўскай крыптабіржы UAB Onlychain Fintech Limited. Гэта адносна невялікая літоўская фінтэх-кампанія з 12 супрацоўнікамі, зарэгістраваная ў сьнежні 2021 году. Свабода накіравала на адрас UAB Onlychain Fintech Limited запыт аб далейшым лёсе пераведзеных туды Анжалікай Мельнікавай сродкаў. Адказу на момант публікацыі мы не атрымалі.

«Звычайныя грошы з рахунку ў банку Эўразьвязу могуць пераводзіць у крыптавалюту для таго, каб зручна і хутка скарыстацца імі ў кожным месцы сьвету, у тым ліку ў Беларусі, — тлумачыць на ўмовах ананімнасьці ў размове з Свабодай супрацоўнік беларускай ІТ-кампаніі, які сам карыстаецца паслугамі біржаў крыптавалют. — Літоўская, бо польскі банк нічога не западозрыць. Усё адбываецца нібы ўнутры тэрыторыі Эўразьвязу. А пасьля з гэтымі грашыма можна рабіць што заўгодна, калі з галавой дзейнічаць. Вядома, эўрапейскія спэцслужбы могуць адсачыць, куды пайшлі грошы, дзе іх здымалі. Але ня больш».

Неўзабаве пасьля зьнікненьня Анжалікі Мельнікавай польская газэта Rzeczpospolita апублікавала матэрыял, дзе згадваўся яшчэ адзін факт, зьвязаны зь дзейнасьцю былой сьпікеркі Каардынацыйнай рады. Паводле інфармацыі выданьня, у 2023 годзе фонд на чале зь Мельнікавай Białoruś Liberty атрымаў ад зарэгістраванай у Вялікай Брытаніі кампаніі Media Consulting Services Ltd. 405 тысяч злотых (каля 100 тысяч эўра. — РС).

XS
SM
MD
LG