Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь беларускіх шахматыстаў зьнялі ўсе абмежаваньні на ўдзел у міжнародных турнірах

Шахматны клюб
Шахматны клюб

«Размарожваньне» санкцый супраць беларускага спорту працягваецца.

Міжнародная фэдэрацыя шахмат (FIDE) зьняла ўсе абмежаваньні зь беларускіх шахматыстаў.

Такую пастанову прыняла рада FIDE. Усе раней накладзеныя на беларускіх спартоўцаў абмежаваньні больш ня дзейнічаюць.

Першымі буйнымі турнірамі FIDE, на якіх беларусы выступяць пад дзяржаўнай сымболікай, стануць Шахматная алімпіяда FIDE і Шахматная алімпіяда для людзей з абмежаванымі магчымасьцямі, паведаміла Міністэрства спорту і турызму Беларусі.

Абодва міжнародныя мерапрыемствы пройдуць ва Ўзбэкістане ў верасьні 2026 году.

У сьнежні 2025 году FIDE прагаласавала за дазвол камандам з Расеі і Беларусі вярнуцца да афіцыйных спаборніцтваў і цалкам аднавіла правы маладых гульцоў з абедзьвюх краін, адклаўшы канчатковае рашэньне аб выкарыстаньні нацыянальных сьцягоў і гімнаў у спаборніцтвах дарослых камандаў. Праз восем месяцаў скасавалі ўсе абмежаваньні.

Супраць вяртаньня ў вялікі міжнародны спорт Беларусі і Расеі асабліва рэзка выступае Ўкраіна, якая ваюе супраць Расеі за незалежнасьць і тэрытарыяльную цэласьць. Украінскія спартовыя дзеячы шмат разоў выказваліся супраць скасаваньня санкцый і падавалі галоўную прычыну — вайна ня скончылася, абстрэлы жылых кварталаў украінскіх гарадоў працягваюцца, а Лукашэнка ўсё гэтак жа падтрымлівае ваенную агрэсію Масквы.

Што тычыцца шахмат, дык яшчэ ў 2023 годзе ўкраінскім шахматыстам рэкамэндавалі не фатаграфавацца і не размаўляць са спартоўцамі зь Беларусі і Расеі, а таксама нагадваць сусьветнай супольнасьці ў сацсетках і інтэрвію, што вайна працягваецца, але многія беларусы і расейцы альбо падтрымліваюць улады сваіх краін, «альбо моўчкі назіраюць за забойствамі і генацыдам украінцаў».

Міжнародны пратэст

Прадстаўнікі Эстоніі, Літвы, Латвіі, Польшчы, Фінляндыі, Даніі, Швэцыі, Нідэрляндаў і Румыніі зьвярнуліся да Эўракамісіі з прапановай пазбавіць Міжнародны алімпійскі камітэт эўрапейскага фінансаваньня за допуск расейскіх і беларускіх спартоўцаў да спаборніцтваў.

У межах ініцыятывы прапануецца пазбавіць фінансаваньня Эўразьвязу, у тым ліку праз праграму Erasmus+, ня толькі сам Міжнародны алімпійскі камітэт, але і спартовыя аб’яднаньні, якія падтрымалі ідэю МАК аб допуску расейцаў да спаборніцтваў. Сярод іх Міжнародная фэдэрацыя фэхтаваньня і Міжнародная фэдэрацыя плаваньня.

Вяртанне Расеі ў міжнародны алімпійскі рух выклікала ў сьвеце актыўную рэакцыю. Міжнародная арганізацыя спартоўцаў GlobalAthletes and FairSport таксама вельмі нэгатыўна ацаніла гэтае рашэньне.

Вайна і забойствы ўкраінцаў працягваюцца штодня, таму рашэньне МАК незразумелае ўкраінскаму боку. «Рашэньне МАК ганебнае і я яго не падтрымліваю», — заявіў прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту Ўкраіны Вадзім Гутцайт. Цяпер Украіна і нязгодныя з гэтым рашэньнем краіны і арганізацыі прымаюць захады, каб расейскія і беларускія спартоўцы з сваімі дзяржаўнымі сьцягамі і гімнамі ня трапілі на міжнародныя спаборніцтвы.

Чаму гэта важна

Міжнародныя спартовыя фэдэрацыі і Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) увялі абмежаваньні для расейскіх і беларускіх спартоўцаў пасьля маштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году, якому спрыяў рэжым Лукашэнкі.

7 траўня 2026 году выканаўчы камітэт МАК скасаваў ранейшыя рэкамэндаваныя ўмовы ад 28 лютага 2022 году і 28 сакавіка 2023 году ў дачыненьні да Беларусі і беларускіх спартоўцаў, у тым ліку ахоўныя меры.

Поўнае адхіленьне беларускіх спартоўцаў ад спаборніцтваў пад сваёй эгідай захавала Міжнародная фэдэрацыя лёгкай атлетыкі. У тэнісе беларусы могуць выступаць толькі індывідуальна. У хакеі беларускім камандам дазволілі вярнуцца ў тры турніры сэзону 2026–2027 гадоў.

Ці абавязковыя рэкамэндацыі МАК

У заяве Выканаўчага камітэту МАК ад 7 траўня адзначалася, што з сакавіка 2023 году спартоўцы зь беларускімі пашпартамі ўдзельнічалі ў якасьці індывідуальных нэўтральных спартоўцаў у многіх міжнародных спартовых імпрэзах, у тым ліку ў Алімпійскіх гульнях 2024 году ў Парыжы і зімовых Алімпійскіх гульнях 2026 году ў Міляне, безь якіх-небудзь інцыдэнтаў на полі або па-за ім.

У МАК зьвярнулі ўвагу на тое, што сытуацыя з Расейскім алімпійскім камітэтам адрозьніваецца ад сытуацыі з Нацыянальным алімпійскім камітэтам Беларусі.

«НАК Беларусі мае добрую рэпутацыю і выконвае Алімпійскую хартыю», — гаворыцца ў тлумачэньні.

Дазвол удзельнічаць у спаборніцтвах маюць даваць канкрэтныя арганізатары і міжнародныя фэдэрацыі, яны маюць зважаць на рэкамэндацыі МАК, але не абавязаныя зь імі пагаджацца.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG