Міжнародная гандбольная фэдэрацыя (ІГФ) зьняла забарону на ўдзел камандаў зь Беларусі і Расеі ў мерапрыемствах пад сваёй эгідай, паведаміў аўтарытэтны гандбольны сайт «Быстрый центр».
На сайце фэдэрацыі апублікавалі тлумачэньне:
«У адпаведнасьці з рашэньнямі Выканаўчай рады Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) ад 7 траўня і 7 ліпеня 2026 году Рада ІГФ пастанавіла прывесьці пазыцыю ІГФ у адпаведнасьць з апошнімі рэкамэндацыямі МАК, зьняўшы зь неадкладным уступленьнем у сілу забарону, уведзеную 4 сакавіка 2022 году на ўдзел беларускіх і расейскіх камандаў, афіцыйных асобаў, судзьдзяў, лектараў і экспэртаў у мерапрыемствах ІГФ».
Таксама ў заяве гавораць, што прымаюць усе меры, патрэбныя для выкананьня прыдатных антыдопінгавых патрабаваньняў у зьвязку зь вяртаньнем гандбалістаў дзьвюх краінаў у міжнародныя спаборніцтвы ў гандболе. Ніякія дадатковыя кваліфікацыйныя патрабаваньні ці іншыя абмежаваньні не прымяняюцца.
Апошнімі месяцамі Рада ІГФ прыняла паэтапны падыход да рэінтэграцыі. 24 сакавіка 2026 году расейскія і беларускія моладзевыя зборныя ўпаўнаважылі ладзіць і ўдзельнічаць у самастойна арганізаваных таварыскіх сустрэчах і турнірах пры ўмове падпісаных дэклярацый, якія пацьвярджаюць адсутнасьць дачыненьня да вайсковых або ўрадавых органаў бясьпекі.
6 траўня Рада ўхваліла магчымасьць прысудзіць патэнцыйны ўайлд-кард для ўдзелу ў першынстве сьвету-2026 сярод дзяўчат U16 і/або Трафэю нацый ІГФ расейскай або беларускай камандзе, дзе гэта дарэчна.
Пры гэтым ІГФ прызнае, што поўнае вяртаньне і ўключэньне беларускіх і расейскіх камандаў у гандбольную сям’ю можа запатрабаваць пераходнага пэрыяду.
Міжнародны пратэст
Прадстаўнікі Эстоніі, Літвы, Латвіі, Польшчы, Фінляндыі, Даніі, Швэцыі, Нідэрляндаў і Румыніі зьвярнуліся да Эўракамісіі з прапановай пазбавіць Міжнародны алімпійскі камітэт эўрапейскага фінансаваньня за допуск расейскіх і беларускіх спартоўцаў да спаборніцтваў.
У межах ініцыятывы прапануецца пазбавіць фінансаваньня Эўразьвязу, у тым ліку праз праграму Erasmus+, ня толькі сам Міжнародны алімпійскі камітэт, але і спартовыя аб’яднаньні, якія падтрымалі ідэю МАК аб допуску расейцаў да спаборніцтваў. Сярод іх Міжнародная фэдэрацыя фэхтаваньня і Міжнародная фэдэрацыя плаваньня.
Вяртанне Расеі ў міжнародны алімпійскі рух выклікала ў сьвеце актыўную рэакцыю. Міжнародная арганізацыя спартоўцаў GlobalAthletes and FairSport таксама вельмі нэгатыўна ацаніла гэтае рашэньне.
Вайна і забойствы ўкраінцаў працягваюцца штодня, таму рашэньне МАК незразумелае ўкраінскаму боку. «Рашэньне МАК ганебнае і я яго не падтрымліваю», — заявіў прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту Ўкраіны Вадзім Гутцайт. Цяпер Украіна і нязгодныя з гэтым рашэньнем краіны і арганізацыі прымаюць захады, каб расейскія і беларускія спартоўцы з сваімі дзяржаўнымі сьцягамі і гімнамі ня трапілі на міжнародныя спаборніцтвы.
Чаму гэта важна
Міжнародныя спартовыя фэдэрацыі і Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) увялі абмежаваньні для расейскіх і беларускіх спартоўцаў пасьля маштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году, якому спрыяў рэжым Лукашэнкі.
7 траўня 2026 году выканаўчы камітэт МАК скасаваў ранейшыя рэкамэндаваныя ўмовы ад 28 лютага 2022 году і 28 сакавіка 2023 году ў дачыненьні да Беларусі і беларускіх спартоўцаў, у тым ліку ахоўныя меры.
Поўнае адхіленьне беларускіх спартоўцаў ад спаборніцтваў пад сваёй эгідай захавала Міжнародная фэдэрацыя лёгкай атлетыкі. У тэнісе беларусы могуць выступаць толькі індывідуальна. У хакеі беларускім камандам дазволілі вярнуцца ў тры турніры сэзону 2026–2027 гадоў.
Ці абавязковыя рэкамэндацыі МАК
У заяве Выканаўчага камітэту МАК ад 7 траўня адзначалася, што з сакавіка 2023 году спартоўцы зь беларускімі пашпартамі ўдзельнічалі ў якасьці індывідуальных нэўтральных спартоўцаў у многіх міжнародных спартовых імпрэзах, у тым ліку ў Алімпійскіх гульнях 2024 году ў Парыжы і зімовых Алімпійскіх гульнях 2026 году ў Міляне, безь якіх-небудзь інцыдэнтаў на полі або па-за ім.
У МАК зьвярнулі ўвагу на тое, што сытуацыя з Расейскім алімпійскім камітэтам адрозьніваецца ад сытуацыі з Нацыянальным алімпійскім камітэтам Беларусі.
«НАК Беларусі мае добрую рэпутацыю і выконвае Алімпійскую хартыю», — гаворыцца ў тлумачэньні.
Дазвол удзельнічаць у спаборніцтвах маюць даваць канкрэтныя арганізатары і міжнародныя фэдэрацыі, яны маюць зважаць на рэкамэндацыі МАК, але не абавязаныя зь імі пагаджацца.
Форум