Лінкі ўнівэрсальнага доступу

9 краін ЭЗ заклікалі пазбавіць МАК эўрапейскага фінансаваньня за допуск расейскіх і беларускіх спартоўцаў да спаборніцтваў

Сьцягі Эўразьвязу. Архіўнае фота
Сьцягі Эўразьвязу. Архіўнае фота

Дазвол удзельнічаць у спаборніцтвах расейцам і беларусам маюць даваць міжнародныя фэдэрацыі, і ня ўсё яны пагадзіліся з пазыцыяй Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК).

Прадстаўнікі Эстоніі, Літвы, Латвіі, Польшчы, Фінляндыі, Даніі, Швэцыі, Нідэрляндаў і Румыніі зьвярнуліся да Эўракамісіі з прапановай пазбавіць Міжнародны алімпійскі камітэт эўрапейскага фінансаваньня за допуск расейскіх і беларускіх спартоўцаў да спаборніцтваў, паведаміла Міністэрства культуры Эстоніі, якое апублікавала гэты супольны зварот.

У рамках ініцыятывы прапануецца пазбавіць фінансаваньня Эўразьвязу, у тым ліку праз праграму Erasmus+, ня толькі сам Міжнародны алімпійскі камітэт, але і спартовыя аб’яднаньні, якія падтрымалі ідэю МАК аб допуску расейцаў да спаборніцтваў. Сярод іх Міжнародная фэдэрацыя фэхтаваньня і Міжнародная фэдэрацыя плаваньня.

Акрамя таго, прапануецца перагледзець удзел гэтых арганізацыяў у будучых абмеркаваньнях і імпрэзах, зьвязаных з разьвіцьцём спорту ў ЭЗ.

7 ліпеня Міжнародны алімпійскі камітэт часова аднавіў сяброўства Алімпійскага камітэту Расеі, а таксама скасаваў рэкамэндаваныя абмежаваньні для расейскіх і беларускіх спартоўцаў і камандаў, у тым ліку патрабаваньне выступаць у нэўтральным статусе. Пасьля гэтага некаторыя спартовыя фэдэрацыі сталі скасоўваць свае абмежаваньні для расейскіх і беларускіх спартоўцаў.

Іншыя рэакцыі ў сьвеце

Вяртанне Расеі ў міжнародны алімпійскі рух выклікала ў сьвеце актыўную рэакцыю. Міжнародная арганізацыя спартоўцаў GlobalAthletes and FairSport таксама вельмі нэгатыўна ацаніла гэтае рашэньне.

Паколькі вайна і забойствы ўкраінцаў працягваюцца штодня, рашэньне МАК незразумелае ўкраінскаму боку. «Рашэньне МАК ганебнае і я яго не падтрымліваю», — заявіў прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту Ўкраіны Вадзім Гутцайт.

Цяпер Украіна і нязгодныя з гэтым рашэньнем краіны і арганізацыі прымаюць захады, каб расейскія і беларускія спартоўцы з сваімі дзяржаўнымі сьцягамі і гімнамі ня трапілі на міжнародныя спаборніцтвы.

Чаму гэта важна

Міжнародныя спартовыя фэдэрацыі і Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) увялі абмежаваньні для расейскіх і беларускіх спартоўцаў пасьля маштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году, якому спрыяў рэжым Лукашэнкі.

7 траўня 2026 году выканаўчы камітэт МАК скасаваў ранейшыя рэкамэндаваныя ўмовы ад 28 лютага 2022 году і 28 сакавіка 2023 году ў дачыненьні да Беларусі і беларускіх спартоўцаў, у тым ліку ахоўныя меры.

Поўнае адхіленьне беларускіх спартоўцаў ад спаборніцтваў пад сваёй эгідай захавала Міжнародная фэдэрацыя лёгкай атлетыкі. У тэнісе беларусы могуць выступаць толькі індывідуальна. У хакеі беларускім камандам дазволілі вярнуцца ў тры турніры сэзону 2026–2027 гадоў.

Ці абавязковыя рэкамэндацыі МАК

У заяве Выканаўчага камітэту МАК ад 7 траўня адзначалася, што з сакавіка 2023 году спартоўцы зь беларускімі пашпартамі ўдзельнічалі ў якасьці індывідуальных нэўтральных спартоўцаў у многіх міжнародных спартовых імпрэзах, у тым ліку ў Алімпійскіх гульнях 2024 году ў Парыжы і зімовых Алімпійскіх гульнях 2026 году ў Міляне, безь якіх-небудзь інцыдэнтаў на полі або па-за ім.

У МАК зьвярнулі ўвагу на тое, што сытуацыя з Расейскім алімпійскім камітэтам адрозьніваецца ад сытуацыі з Нацыянальным алімпійскім камітэтам Беларусі.

«НАК Беларусі мае добрую рэпутацыю і выконвае Алімпійскую хартыю», — гаворыцца ў тлумачэньні.

Дазвол удзельнічаць у спаборніцтвах маюць даваць канкрэтныя арганізатары і міжнародныя фэдэрацыі, яны маюць зважаць на рэкамэндацыі МАК, але не абавязаныя зь імі пагаджацца.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG