Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяляцкі пра закрыцьцё брэндаў LSTR, Ragna і Honar: «Гэта чарговы крок у русыфікацыі Беларусі»

Алесь Бяляцкі. Варшава, 2026
Алесь Бяляцкі. Варшава, 2026

Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», уладальніка адной з крамаў затрымлівалі сілавікі. Яны дапытвалі яго наконт сацыяльных сетак і кантактаў. Пасьля патрабаваньня закрыць бізнэс яго адпусьцілі.

13 ліпеня брэнд LSTR заявіў, што спыняе сваю працу. На сайце LSTR зьмешчана аб'ява, што крама «часова не працуе». LSTR вырабляў адзеньне ў нацыянальным стылі і з нацыянальнымі прынтамі, у краме прадаваліся лідзкія кеды і сувэніры. Брэнд пачаў працу ў 2011 годзе.

Таксама нядаўна стала вядома пра закрыцьцё этнакрамы Ragna і брэнду адзеньня Honar, які вырабляў вышыванкі і аксэсуары з нацыянальным арнамэнтам.

З 2020 году пасьля частых візытаў дзяржаўных органаў мусілі закрыцца ці зазналі сур’ёзныя цяжкасьці ў далейшай працы крамы «Князь Вітаўт», Symbal.by, «Росквіт», Vokladki, БЧБ.бел, «Адметнасьць», «Цудоўная крама», «Хамелеон» і іншыя.

«Чарговы крок у русыфікацыі Беларусі»

Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру, старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі назваў гэта «чарговым крокам у русыфікацыі Беларусі»:

«Гэта сумныя і трывожныя зьвесткі, якія паказваюць, што наступ на беларускую культуру працягваецца ўва ўсіх праявах. Гэтым разам чарга дайшла да нацыянальнага адзеньня і сымболікі. У гэты ж час працягваюць зьнішчаць беларускія кнігарні і выдавецтвы, беларускія кніжкі пастаянна ўносяць у „экстрэмісцкія“ сьпісы — яны фактычна забароненыя на тэрыторыі Беларусі. Цяпер справа дайшла да адзеньня і прыкладнога мастацтва.

Гэта чарговы крок у русыфікацыі Беларусі, які праводзіцца рукамі беларускіх уладаў. Вядома, гэта праграма зьнішчэньня ўсяго беларускага, якая працягваецца больш за 200 гадоў. Так рэжым паказвае сваю несамастойнасьць і поўную залежнасьць ад імпэрскіх наратываў як у галіне прыкладнога мастацтва, так і ўсяго, што зьвязана з візуалізацыяй беларускай культуры. У такіх умовах варта супраціўляцца гэтаму і бараніць сваё ўсімі магчымымі формамі».


Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG