Удар па нафтаперапрацоўчых заводах у Расеі
Пра пажар у Краснадарскім краі Расеі паведамляе Ўкраінская служба Радыё Свабода.
Telegram-канал ASTRA піша, што ў Афіпскім раёне на Кубані, дзе знаходзіцца рэзэрвуарны парк нафтаперапрацоўчага заводу (НПЗ), пачаўся пажар. Апэратыўны штаб Краснадарскага краю пацьвердзіў паведамленьні Telegram-каналаў пра пажар на Афіпскім НПЗ.
Аналіз выданьня ASTRA таксама паказвае, што ў Башкартастане быў атакаваны і палае адзін з найбуйнейшых нафтаперапрацоўчых і нафтахімічных комплексаў Расеі — ТАА «Газпром нефтехим Салават». Паводле адкрытых зьвестак, гэта адзін з найбуйнейшых нафтаперапрацоўчых і нафтахімічных комплексаў Расеі, які ўваходзіць у групу «Газпром».
Таксама пасьля атакі ў Салаваце, падобна, гарыць яшчэ адно прадпрыемства — нафтабаза «Роснефть-Опт». Кіраўнік Башкартастану Радзій Хабіраў пацьвердзіў атаку БПЛА на прамысловую зону Салавату і заявіў, што ахвяраў няма. Паводле яго, ёсьць шэраг асяродкаў задымленьня. Горад Салават знаходзіцца больш чым за 1500 км ад мяжы з Украінай.
Расея атакавала Адэсу
У Адэскай вобласьці ў выніку расейскага нападу пашкоджаная цывільная і прамысловая інфраструктура, паведаміў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Алег Кіпер.
Паводле яго, на тэрыторыі аднаго з прадпрыемстваў расейскія бесьпілётнікі пашкодзілі будынкі аўтарамонтных майстэрняў, гаспадарчую пабудову і бэнзавоз. Таксама пашкоджаныя 11 грузавікоў і 1 легкавы аўтамабіль. Ратаўнікі патушылі пажар. На іншым прадпрыемстве загарэліся цыстэрны з сланечнікавым алеем.
- Расейскія войскі рэгулярна атакуюць украінскія гарады і цывільную інфраструктуру ракетамі, ударнымі бесьпілётнікамі, кіраванымі авіябомбамі, іншымі відамі ўзбраеньняў.
- Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі называюць гэтыя ўдары ваеннымі злачынствамі і заяўляюць пра іх мэтанакіраваны характар. Расея гэтыя абвінавачаньні адмаўляе і сьцьвярджае, што не наносіць наўмысных удараў па цывільных аб’ектах.