Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Беларускім радыё прыпынілі трансьляцыю каталіцкай імшы. Прычынаў не тлумачаць

На каталіцкай імшы, архіўны здымак
На каталіцкай імшы, архіўны здымак

Трансьляцыя была шматгадовай традыцыяй, яе слухалі ў розных кутках Беларусі.

Першы нацыянальны канал беларускага дзяржаўнага радыё ўжо на працягу трох тыдняў не вядзе трансьляцыі сьвятой імшы зь менскага архікатэдральнага касьцёлу, заўважыла выданьне katolik.life.

Раней такая трансьляцыя адбывалася кожную нядзелю ў 8.15.

Пра гэта напісалі ў сацыяльных сетках вернікі напярэдадні нядзелі — паводле іх, трансьляцыі не было ўжо два тыдні. У нядзелю 12 ліпеня Імша зноў не прагучала ў радыёным этэры, замест яе грала клясычная музыка.

На сайце радыё, дзе паказваецца сетка этэру, на 8.15 была пазначана праграма «Каталіцкая пропаведзь», а насамрэч «Тэматычная рубрыка».

На гэты момант ніякіх афіцыйных ці нефармальных камэнтароў прадстаўнікі радыё не зрабілі. Прычыны скасаваньня радыётрансьляцый зь менскай архікатэдры невядомыя.

Чаму гэта важна?

Многія каталіцкія вернікі састарэлага веку ня маюць магчымасьці рэгулярна бываць на Боскай літургіі, таму з дапамогай радыё далучаюцца да малітвы. Зь менскага архікатэдральнага і іншых касьцёлаў Беларусі вядзецца відэатрансьляцыя, але многія з тых людзей ня маюць выхаду да сеціва.

Трансляцыя Імшы па радыё мае важнае эвангелізацыйнае значэньне. Пры гэтым праваслаўная перадача «Духоўнае слова» па-ранейшаму гучыць на радыё, а каталіцкая перадача — не.

Як даведаліся вернікі, у парафіі архікатэдральнага касьцёлу ня мелі інфармацыі пра тое, што трансьляцыя Імшы не вядзецца. Парафіяне назіралі, як дзеля этэру службу ў 8.15 праводзяць літаральна па сэкундамэры — адмыслова, каб укласьціся ў адведзены на радыё час.

Так яе і працягвалі адпраўляць увесь гэты час. Выглядае, парафію не папярэдзілі пра тое, што трансьляцыю спынілі. У раскладзе на новы тыдзень Імша зноў ёсьць у звычайны час, а 8.15. Ці выйдзе яна ў этэр гэтым разам?

На Беларускім радыё службу трансьлююць апошнія пяць гадоў пасьля аднаўленьня перадачы ў 2021 годзе, калі да ўладаў і кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі зьвярнуўся тагачасны Апостальскі адміністратар Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі, біскуп Казімір Велікаселец.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG