Пробашч рыма-каталіцкай парафіі ў Жупранах Ашмянскага раёну Артур Ляшнеўскі запісаў відэа, у якім патлумачыў, як адбывалася рэстаўрацыя мясцовага касьцёлу — помніка архітэктуры, гісторыка-культурнай каштоўнасьці.
Відэа святара стала адказам на крытыку ад каналу «Спадчына», які напярэдадні жорстка скрытыкаваў зьмены ўнутры субожні. Аўтар каналу падаў скаргу ў Міністэрства культуры і абласную пракуратуру, заявіўшы, што пры рэстаўрацыі парушанае заканадаўства.
Рэстаўрацыю ў сваім няўхвальным допісе канал назваў «эўрарамонтам». Таксама там гаварылася, што «замест навуковай расчысткі і рэстаўрацыі і алтар, і ўсе сьцены, і ўсе скляпеньні проста пафарбавалі ў белы, <…> бясьсьледна зьніклі некаторыя абразы з бакавых алтароў».
Сьвятар падрабязна растлумачыў, што адбылося. Ён адзначыў, што навуковы кіраўнік сачыў за тым, каб рэстаўрацыя праводзілася без пашкоджаньня помніка архітэктуры і паведаміў, што група рэстаўратараў высьвятляла, які колер быў першапачатковым.
Для гэтага рэстаўратары рабілі зандажы, а вось фрэсак на скляпеньнях адмыслоўцы ня выявілі — падобна, іх зьнішчылі яшчэ ў час рамонту ў 1980-х.
Сьвятар адзначыў, што алтар закансэрвавалі, а адновяць рэстаўрацыю тады, калі паступіць фінансаваньне.
Разам з тым, пробачш пакуль не патлумачыў некаторыя іншыя заўвагі каналу «Спадчына», заўважыла старонка Katolik.life. Той адзначаў, што пры рэстаўрацыі «цалкам дэмантаваны і зьнішчаны гістарычны драўляны насьціл з прыступкамі і драўляная балюстрада, якія фармавалі аўтэнтычную прастору прэзьбітэрыя».
У канцы відэа сьвятар Артур Ляшнеўскі паведаміў парафіі, што рэстаўратары шукаюць ахвотных, якія дапамогуць у аднаўленьні касьцёлу і падзякаваў усім за падтрымку ў гэтай справе.
Чаму гэта важна?
Пытаньне захаваньня гісторыка-культурнай спадчыны ў Беларусі стаіць вельмі востра. Нярэдка пры рэстаўрацыях і перабудовах губляюцца важныя часткі будынку, каштоўныя рэчы, аздабленьне.
Напрыклад, у 2025 годзе рабочыя пашкодзілі Касьцёл Божага Цела ў Нясьвіжы — першы архітэктурны будынак стылю барока на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Будынак знаходзіцца ў сьпісе Сусьветнай спадчыны UNESCO. Будаўнічая тэхніка пашкодзіла старыя каменныя надмагільлі. У выніку іх выставілі пад шклянымі вітрынамі перад касьцёлам.
Руйнуюцца й гістарычныя будынкі, якія апынуліся занядбанымі. Напрыклад, у вёсцы Дзікушкі Лідзкага раёну абрынуўся паркавы фасад сядзібы Мінейкаў — з франтонам і калённым порцікам.
Касьцёл у Жупранах, які апынуўся ў цэнтры скандалу, носіць імёны сьвятых Пятра і Паўла. Ён вядомы таксама тым, што каля яго пахаваны выбітны беларуска паэт Францішак Багушэвіч.
Храм у стылі нэаготыкі быў збудаваны ў 1854–1875 гг. графам Адамам Гутэн-Чапскім. Рэстаўраваць касьцёл пачалі дзеля таго, каб яго захаваць у добрым стане і аднавіць.
Форум