У першапачатковай вэрсіі навіны гаварыліся, што ў фэсьце ўзялі ўдзел пасол Расеі Барыс Грызлоў і мітрапаліт Менска-Магілёўскі БПЦ Маскоўскага патрыярхату Веніямін. Але імёны ў паведамленьні ўзяліся пасьля няправільнага прачытаньня крыніцай вітальнага ліста арцыбіскупа.
Насамрэч на імшы прысутнічалі кіраўнікі іншых канфэсіяў Беларусі — юдаізму і ісламу, чыноўнікі, прадстаўнікі праўладных арганізацыяў, некалькіх паслоў замежных дзяржаваў. Быў і прадстаўнік амбасадара Расеі ў Менску Барыса Грызлова, паведаміла «Хрысьціянская візія».
У прывітальнай прамове мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі пералічыў прысутных пачэсных гасьцей. Сярод іх былі намесьнік упаўнаважанага ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Сяргей Герасіменя, старшыня Мядзельскага райвыканкаму, прадстаўнікі Беларускага саюзу жанчын і Фонду міру.
Упершыню фэст у Будславе праходзіў з удзелам прадстаўніка кіраўніка БПЦ МП, прадстаўнікоў іншых канфэсіяў і праўладных арганізацыяў.
Пазьней у казані каталіцкі герарх акцэнтаваў увагу на тым, што з гэтага году Будслаў ёсьць «духоўным цэнтрам», і падкрэсьліў, што такі статус яму нададзены з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі.
Станеўскі паўтарыў тэзу аб тым, што «касьцёл і дзяржава — гэта сям’я сем’яў», і падзякаваў «кіраўніцтву дзяржавы» за падтрымку і фінансавую дапамогу ў стварэньні «духоўнага цэнтру» ў Будславе.
Паводле яго, дасягнута дамоўленасьць аб удзеле «50 на 50» дзяржавы і Каталіцкай царквы ў рэстаўрацыі касьцёлу ў Будславе і стварэньні духоўнага цэнтру. Арцыбіскуп Станеўскі паведаміў, што ў храме ўжо адкрылі музэй, а надалей плянуецца будаўніцтва Дому пілігрыма.
Пажар у Будславе і аднаўленьне санктуарыю
Пажар у Нацыянальным санктуарыі ў Будславе здарыўся 11 траўня 2021 году. У выніку абваліўся дах, вада пашкодзіла сьцены, падлогу і мэблю. Абраз Маці Божай Будслаўскай, Найсьвяцейшы Сакрамэнт і іншыя каштоўныя рэчы пасьпелі вынесьці. Кіраўніцтва касьцёла неадкладна зьвярнулася па дапамогу ў зборы сродкаў, былі адкрытыя адмысловыя рахункі.
За першы год пасьля пажару валянтэры разабралі абгарэлыя часткі, прасушылі ўнутранае ўбраньне і арганы, усталявалі чуйнікі вільгаці, ачысьцілі дах ад сьмецьця і вугалю, разабралі падвалы. У пачатку чэрвеня будаўнікі накрылі часовы дах, а таксама наладзілі сыстэму адводу дажджавой вады.
Першую імшу пасьля пажару ў Будславе правялі 31 сьнежня 2021 году.
Касьцёл у Будславе — помнік позьняга барока, яго архітэктура прызнаная ўнікальнай на землях усёй былой Рэчы Паспалітай. Абраз Будслаўскай Божай Маці — адна з самых значных каталіцкіх сьвятыняў, яе шануюць як абаронцу ўсіх беларускіх каталікоў.
Пакуль вядома толькі пра адну суму, накіраваную на рамонт касьцёла ў Будславе зь дзяржаўнага бюджэту. Лукашэнка выдаў указ аб падтрымцы праваслаўнага і каталіцкага «духоўных цэнтраў». Але калі на рэстаўрацыю сабору ў Жыровічах пералічылі 3,4 млн рублёў, то для работ у касьцёле ў Будславе — толькі каля 260 тыс. рублёў.
Форум