Удар па нафтаперапрацоўчым заводзе ў Расеі
У ноч на 12 ліпеня ўкраінскія бесьпілётнікі атакавалі нафтаперапрацоўчы завод у горадзе Сызрань Самарскай вобласьці Расеі. Губэрнатар вобласьці Вячаслаў Фядорысьцеў паведаміў пра пашкоджаньні прамысловага прадпрыемства і жылых дамоў. Паводле яго, адзін чалавек загінуў, яшчэ трое, у тым ліку дзіця, атрымалі раненьні.
Паводле расейскіх маніторынгавых каналаў і выданьня ASTRA, на тэрыторыі Сызранскага НПЗ узьнік пажар. Завод уваходзіць у структуру «Раснафты» і раней ужо быў мішэньню ўкраінскіх удараў.
Украінскія атакі ў Азоўскім моры і Растоўскай вобласьці Расеі
Таксама ўкраінскія дроны пашкодзілі танкер у Азоўскім моры каля Азова-Чарнаморскага марскога каналу. Губэрнатар Растоўскай вобласьці Юры Слюсарь паведаміў пра атакі на Таганрог і іншыя раёны вобласьці. Расейскае Міністэрства абароны заявіла, што за ноч расейская СПА зьнішчыла 349 украінскіх бесьпілётнікаў.
Расея атакавала гарады Ўкраіны
Уначы расейскія войскі атакавалі Ўкраіну 13 ракетамі і 115 беспілётнікамі. У выніку ўдараў загінулі людзі ў Крывым Рогу, Хэрсоне і Дніпрапятроўскай вобласьці. У Крывым Рогу расейскі ўдар па прамысловым прадпрыемстве забіў двух чалавек. У Хэрсоне загінуў адзін чалавек, яшчэ трое былі параненыя.
- Расейскія войскі рэгулярна атакуюць украінскія гарады і грамадзянскую інфраструктуру ракетамі, ударнымі бесьпілётнікамі, кіраванымі авіябомбамі і іншымі відамі ўзбраеньняў.
- Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі называюць гэтыя ўдары ваеннымі злачынствамі і заяўляюць пра іх мэтанакіраваны характар. Расея гэтыя абвінавачаньні адмаўляе і сьцьвярджае, што не наносіць наўмысных удараў па цывільных аб’ектах.
Форум