Паводле вэрсіі Інгі Хрушчовай, зьнікненьне і гібель Зьмітра маглі быць зьвязаныя з тым, што і каго ён бачыў падчас працы асабістым апэратарам Лукашэнкі. Хрушчова называе блізкіх да Лукашэнкі людзей, якія могуць ведаць праўду пра зьнікненьне Завадзкага.
«Асабісты апэратар здымаў ня толькі афіцыйныя падзеі, але і асабістае жыцьцё, тое, што было не для публікі»
— Ці памятаеш ты той дзень у ліпені 2000 году, калі стала вядома, што зьнік Зьміцер Завадзкі? Што думалі ў той момант людзі, якія ведалі яго? Якія былі вашыя вэрсіі?
— Так, я памятаю гэты дзень. Для ўсіх нас, хто ведаў Зьмітра Завадзкага, хто зь ім працаваў, гэта быў сапраўдны шок. Мы не маглі ў гэта паверыць. Я не памятаю, хто канкрэтна сказаў, што Зьміцер зьнік па дарозе ў аэрапорт. Гэта была жудасная навіна. Я ня ведаю, колькі часу мы не маглі ў гэта паверыць. Гэта сапраўды жудасна, бо шмат людзей тады працавалі разам са Зьмітром, і для нас паўстала адно пытаньне — што здарылася і як гэта магло здарыцца.
— Ад самага пачатку так думалі, бо яшчэ не былі вядомыя абставіны? Зьміцер мог зьнікнуць з самых розных прычынаў. Ці адразу былі падазрэньні, што гэта дрэнна скончылася для яго?
— Так. Штосьці было ня так. Чалавек паехаў у аэрапорт. Здаецца мне, яго сябра, апэратар, які заставаўся ў нас працаваць, казаў, што ён меў намер сустрэцца са Зьмітром. Мы вельмі доўга абмяркоўвалі гэтую навіну і не маглі ў гэта паверыць. Адразу была вэрсія: як чалавек зьнік у нікуды? Але дзесьці ў галаве была думка: можа, знойдзецца, ня можа так быць, каб зьнік — і ўсё.
— А цяпер, праз 26 гадоў, для цябе больш-менш зразумела, што адбылося? І чаму ён апынуўся ў адным шэрагу зьніклых разам з Захаранкам, Ганчаром, Красоўскім?
— Гэта зноў-такі толькі здагадкі, але, мне здаецца, гэта можа быць зьвязана з тым, што пэўны час Зьміцер працаваў асабістым апэратарам у Лукашэнкі. Тады быў толькі пачатак гэтай дзейнасьці. У Лукашэнкі не было асабістага апэратара. Гэта былі звычайныя апэратары, якія прыяжджалі з навінаў (Агенцтва тэлевізійных навінаў. — РС). А потым ён пабачыў у іншых прэзыдэнтаў і таксама захацеў асабістага апэратара. І, зразумела, выбраў самага лепшага, бо Зьміцер быў таленавітым, вельмі таленавітым. Лукашэнка гэта бачыў і запрасіў яго асабіста папрацаваць час ад часу зь ім.
Мусіць, Зьміцер нешта бачыў у гэтых прыватных колах. Такога можна не выключаць. Мне здаецца, Чачэнія зьявілася потым. Да таго мы размаўлялі на гэтую тэму, і Зьміцер не расказваў, што ён там здымаў. Але, імаверна, ён нешта бачыў.
— Ці магла б ты больш падрабязна расказаць, што азначае праца асабістым апэратарам Аляксандра Лукашэнкі? Што гэта ўключае, якія патрабаваньні, якія абмежаваньні, што можна, чаго нельга?
— У той час, калі гэта ўсё пачыналася, асабісты апэратар здымаў ня толькі афіцыйныя падзеі, але і асабістае жыцьцё, тое, што заставалася па-за кадрам, і тое, што было не для публікі. Тое, што адбывалася ў той час... Я ня памятаю, дзе жыў Лукашэнка — ці то ў Драздах, ці недзе ў іншым месцы. Але асабісты апэратар прысутнічаў на зборках прыватнага кола, блізкага кола Лукашэнкі. І што там адбывалася і што там здымалі, я ня ведаю.
Я ведаю толькі, што наступны асабісты апэратар, які працаваў з Лукашэнкам доўгі час, Зьміцер Шульпін, прыйшоў ужо ад Кісяля (Рыгор Кісель — кіраўнік БТ з 1994 па 2000 гады. — РС). Калі ён сышоў ад Лукашэнкі, ён меў праблемы з тым, каб выехаць за мяжу. Я так разумею, што яны падпісваюць NDA ( Non-Disclosure Agreement — пагадненьне аб невыдаваньні. — РС). Як вынікае з таго, што мне расказваў Зьміцер Шульпін, яму спатрэбіўся год, каб ён змог выяжджаць за мяжу. Потым ён зьехаў у Амэрыку.
«Зьміцер разумеў, што ў Лукашэнкі на паркеце — гэта ня здымкі, гэта творчая сьмерць»
— А пры якіх абставінах сышоў Зьміцер Завадзкі? Што табе вядома? Чаму ён сышоў? Як гэта было ўспрынята Лукашэнкам?
— Я ня памятаю ўсіх дэталяў, але, здаецца, Павал Шарамет прапанаваў яму працаваць на расейскі Першы канал. Для Зьмітра заўсёды была важная творчасьць. Ён любіў здымаць, ён умеў здымаць. Ён разумеў, што ў Лукашэнкі на паркеце — гэта ня здымкі, гэта творчая сьмерць. І таму ён прыняў гэтую прапанову і стаў працаваць для Першага каналу. Зьміцер часта казаў, што паркет азначае гібель для сапраўднага апэратара. І гэта так сапраўды.
— А можна больш дэталёва аб працы «на паркеце»? Напрыклад, зь якога ракурсу здымаць, зь якога не здымаць, штосьці выразаць.
— Ня ведаю, як зараз гэта адбываецца. Але ў наш час, у тыя часы амаль што не было забароны. Ты мог здымаць дастаткова вольна ўсё, што трэба для рэпартажу. Ужо потым, калі прыйшла, наколькі я памятаю, Пяткевіч (у 2001–2004 гадах годзе Натальля Пяткевіч працавала прэс-сакратаром Аляксандра Лукашэнкі. — РС), яна забараніла здымаць Лукашэнку ззаду. Вось гэта быў першы такі red flag.
А ў тыя часы, калі працаваў Зьміцер, забароны не было ўвогуле. Можна было падыходзіць даволі блізка. Былі нейкія спантанныя інтэрвію. І нават служба бясьпекі дазваляла табе працаваць у камфортным для апэратара рэжыме. Тады быў лібэральны, вольны час. А ўжо потым, з прыходам Пяткевіч, пачаліся адна забарона, другая і гэтак далей. У часы Завадзкага, можна сказаць, дазвалялася творчасьць.
— Наколькі добра ты яго ведала? Наколькі ён мог дзяліцца з табой сваімі думкамі, нейкімі асьцярогамі, праблемамі?
— Я добра яго ведала. Мы вельмі шмат працавалі разам, стваралі і дакумэнтальныя фільмы, і спэцыяльныя рэпартажы. Нас аб’ядноўваў творчы падыход. У асноўным мы езьдзілі па беларускіх вёсках, па цікавых мясьцінах і здымалі такія рэпартажы, бо там, як Зьміцер казаў, была натура. Там можна было праявіць сябе як творцу.
— Зьмітра не задавальняла толькі тое, што ў асабістага апэратара Лукашэнкі было менш творчасьці? Ці ў прынцыпе гэтая праца? На той час ужо было дастаткова вядома, хто такі Лукашэнка. Калі Зьміцер сыходзіў, якая была яго матывацыя — цікавейшая апэратарская праца разам з Шараметам? Ці нейкія рэчы, зьвязаныя беспасярэдне з тым, што рабіў Аляксандар Лукашэнка, маглі яго задавальняць ці не задавальняць?
— Мне здаецца, што тэарэтычна, калі ён толькі пачаў працаваць разам з Лукашэнкам, спачатку гэта была цікавая прапанова. Але калі Зьміцер папрацаваў больш, ён цалкам зразумеў, што на творчасьці можна паставіць крыж. Плюс, я ўжо казала, мне здаецца, ён бачыў тое, што пераканала яго ў тым, што трэба сыходзіць.
Ён не дзяліўся, што ён здымаў асабіста для Лукашэнкі. Пра гэта ён не гаварыў. Ва ўсякім разе са мной. Але ў асабістых размовах казаў: «Не-не-не, для мяне творчасьць. Я творчы чалавек. І там сумна і нецікава».
Як Хрушчова задавала пытаньне Лукашэнку пра Завадзкага
— Ты мяркуеш, што ягонае выкраданьне і гібель могуць быць зьвязаныя не з Чачэніяй — а гэта асноўная вэрсія ягонага зьнікненьня, — а з тым, што ён нешта мог бачыць раней. Ці магла б ты больш дэталёва сказаць, што гэта такое магло быць?
— Гэта ў кожным разе толькі вэрсіі. Нейкія асабістыя сустрэчы. Мусіць, ён бачыў таго, каго ён не павінен быў бачыць. З кім сустракаўся Лукашэнка па-за пратаколам. Я ня ведаю, што было ў тыя часы. Але вось калі было першае інтэрвію пасьля зьнікненьня, я дакладна цытату не прывяду, Лукашэнка казаў, што гэта для яго боль, што справа расьсьледаваньня зьнікненьня Зьмітра — справа гонару для яго і для Міністэрства ўнутраных справаў.
Ва ўсякім разе, калі я пытала яго пра гэтае здарэньне, ён даволі шчыра адказваў, што будзе трымаць гэта пад асабістым кантролем, што гэта справа гонару і гэтак далей. Але потым прайшоў нейкі час, і Лукашэнка казаў ужо іншае. Тады зноў-такі быў матыў: вы спытайце ў кіраўніцтва Грамадзкай расейскай тэлевізіі, яны хаваюць ад нас нейкія дэталі. Карацей, вось такая цікавая карціна.
У першыя гады неяк нельга было сабе ўявіць, што гэта маглі зрабіць людзі Лукашэнкі. Але дагэтуль для мяне гэта загадкавае здарэньне. Мне здаецца, што, магчыма, гэта зрабілі людзі Лукашэнкі. Але спачатку Лукашэнка пра гэта ня ведаў, а потым былі нейкія асабістыя размовы, і ўсё гэта лягло на дно. Такое магло быць.
— Ці магла б ты згадаць у дэталях, як ты задавала Аляксандру Лукашэнку пытаньне пра зьнікненьне? Што ты пыталася, дзе гэта было, і што ён адказаў?
— Я не памятаю дакладна, якая гэта была падзея. Але ў тыя часы даволі вольна можна было скарыстаць магчымасьць і задаць пытаньне. Гэта быў дакладна 2000-ы — год, калі зьнік Зьміцер. Я пыталася, што дагэтуль невядомыя абставіны, вы былі асабіста знаёмыя са Зьмітром, ён працаваў разам з вамі. Гэтае жудаснае здарэньне. Што на гэты час вядома і як будзе весьціся сьледзтва?
Тады Лукашэнка казаў менавіта, што «для мяне гэта справа гонару, для Міністэрства ўнутраных спраў гэта таксама справа гонару, мы знойдзем, гэтае расьсьледаваньне пад маім асабістым кантролем». Вось гэта першае, што я пачула ад Лукашэнкі. Зноў-такі магу памыляцца ў цытатах, але прыкладна такі сэнс быў у яго адказе.
— Кажуць, нібыта ён нават нешта табе паказваў, нейкія доказы.
— Не. Здаецца, не. Ён засяродзіўся на тым, што менавіта Грамадзкая расейская тэлевізія хавае нейкія факты, якія дапамогуць. Вось туды ён пераводзіў стрэлкі. Я дакладна не памятаю, што ён мне нешта паказваў. Ён вельмі шчыра і вельмі эмацыйна адказваў на гэтае пытаньне. Вельмі жэстыкуляваў: «Не-не-не. Зьміцер. Мы знойдзем, мы павінны...».
«Гэтыя людзі на працягу трыццаці і болей гадоў былі разам, яны ведаюць, што насамрэч пральле сьвятло на цёмныя справы»
— Былы начальнік турмы «Валадарка» Алег Алкаеў калісьці казаў, што калі ня будзе Лукашэнкі, 30 тысяч чалавек стануць у чаргу, каб даць паказаньні ці паведаміць нейкія факты, якія могуць дапамагчы ў гэтай справе. Алкаева ўжо няма, ня ўсе жывыя, хто быў зьвязаны з гэтай справай. На тваю думку, ці засталіся людзі, якія будуць даваць паказаньні?
— З самага блізкага кола Лукашэнкі — я ня ведаю. Іван Ціцянкоў яшчэ жывы, наколькі я памятаю. Мне здаецца, што ў нейкім сэнсе гэты чалавек можа праліць сьвятло на тое, што адбывалася. Безумоўна, самы галоўны сьведка ўсяго, што адбывалася, — гэта Віктар Шэйман. Магчыма, яшчэ Андрэй Уцюрын — яго асабісты ахоўнік, які таксама працаваў з самага пачатку з Лукашэнкам. Потым яго пасадзілі. Зараз я ня ведаю ягонага лёсу. Ён таксама вельмі важны сьведка ўва ўсіх справах, што адбываліся ўнутры.
Мікалай Латышонак — яго асабісты адʼютант, які зараз займае нейкую высокую пасаду (Латышонак уваходзіў у найбліжэйшае кола Аляксандра Лукашэнкі, рэгулярна суправаджаючы яго ў паездках. У 2018 годзе быў прызначаны памочнікам прэзыдэнта ў агульных пытаньнях. — РС). Ён таксама працаваў з Лукашэнкам ад пачатку і дагэтуль. Гэтыя людзі цягам трыццаці і болей гадоў былі разам, і яны ведаюць вельмі шмат таго, што насамрэч пральле сьвятло на самыя цёмныя справы.
— Калі ты зараз згадваеш Зьмітра Завадзкага, што табе найперш згадваецца? Што ў цябе перад вачыма?
— Зьміцер вельмі любіў адну песьню і вельмі добра яе выконваў, вельмі кранальна і прафэсійна: «Як пайду я ў новую канюшню». Мне згадваецца, як пасьля здымак мы сядзелі разам з калегамі. У канцы заўсёды сьпявалі гэтую песьню. Зьміцер і яшчэ адзін апэратар сьпявалі яе на два галасы. Вось гэта згадваецца заўсёды.
— Ці даведаемся праўду, што здарылася са Зьмітром Завадзкім?
— Вельмі б хацелася. Бываюць такія імгненьні, калі неверагодна, але здаецца, што ён жывы недзе. Вельмі б хацелася даведацца праўду. Гэта жудасна.
Што вядома пра зьнікненьне Зьмітра Завадзкага
7 ліпеня 2000 году зьнік беларускі тэлеапэратар Зьміцер Завадзкі, які паехаў у аэрапорт сустракаць свайго калегу Паўла Шарамета.
У 2002 годзе Менскі абласны суд прызнаў вінаватай у выкраданьні Завадзкага групу былога байца спэцыяльнага падразьдзяленьня МУС «Алмаз» Валерыя Ігнатовіча, які сустракаўся з Завадзкім у Чачэніі. Ігнатовіч асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне.
27 лістапада 2003 году суд Фрунзэнскага раёну Менску прызнаў Завадзкага памерлым, хоць цела яго не было знойдзена ні тады, ні пазьней.
Жонка выкрадзенага Сьвятлана Завадзкая ня раз зьвярталася ў Сьледчы камітэт (СК) па інфармацыю аб крымінальнай справе, зьвязанай з выкраданьнем яе мужа. У адказ на гэтыя звароты ў СК ёй заявілі, што вядзеньне крымінальнай справы прыпыненае і закон не прадугледжвае права пацярпелага атрымліваць копіі працэсуальных дакумэнтаў.
Афіцыйныя вэрсія — забойства з помсты за інтэрвію Завадзкага «Белорусской деловой газете» («БДГ»), у якім ён згадаў беларускіх наёмнікаў. Сям’я лічыць, што прычынай быў фільм пра вайну ў Чачэніі.
Хто такая Інга Хрушчова
Інга Хрушчова амаль 20 гадоў працавала ў сыстэме Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі: была вядоўцай навінаў, суправаджала Аляксандра Лукашэнку ў паездках па краіне, узначальвала аддзел палітычных аглядальнікаў Агенцтва тэлевізійных навінаў. У 2013-м нечакана для калегаў напісала заяву на ўласнае жаданьне і сышла з пасады. Спачатку ў турыстычны бізнэс, потым займалася стварэньнем графікі і відэа. Падчас выбарчай кампаніі ўвайшла ў ініцыятыўную групу Віктара Бабарыкі, зьбірала подпісы ў ягоную падтрымку, падтрымала пратэсты супраць фальсыфікацыі выбараў і пасьля была вымушаная пакінуць Беларусь. Цяпер жыве ў Нямеччыне.
Форум