Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ацэньваць кватэры пры дапамозе штучнага інтэлекту цяпер можна ўва ўсіх вобласьцях Беларусі

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Нацыянальным кадастравым агенцтве Беларусі паведамілі аб пашырэньні аўтаматычнай ацэнкі кошту кватэраў з дапамогай штучнага інтэлекту на ўсе абласныя цэнтры.

«Цяпер сэрвіс ацэнкі на analytics.nca.by даступны ня толькі для сталіцы, але і для ўсіх абласных гарадоў Беларусі. Гэта важны крок да празрыстасьці рынку нерухомасьці для амаль 4 мільёнаў жыхароў, якія жывуць у Менску і абласных цэнтрах», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.

Для аўтаматычнай ацэнкі дастаткова ўвесьці адрас і характарыстыкі кватэры, а сыстэма аўтаматычна вызначыць парамэтры дому, зробіць разьлік і сфармуе падрабязную аналітычную справаздачу.

Сэрвіс аўтаматычнай ацэнкі рынкавага кошту кватэраў, заснаваны на тэхналёгіях штучнага інтэлекту, у Менску ўкаранілі ў кастрычніку 2025 году.

Дзе яшчэ выкарыстоўваюць штучны інтэлект

У жніўні 2025 году стала вядома, што сама меней на двух газавых прадпрыемствах пачала працаваць робат-асыстэнтка Алена, створаная пры дапамозе штучнага інтэлекту.

У кастрычніку паведамілі, што ў Менску рынкавы кошт кватэраў будзе ацэньваць штучны інтэлект.

Перад гэтым, у красавіку 2025-га, разьвіцьцё штучнага інтэлекту ўключылі ў прыярытэтныя кірункі навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасьці ў Беларусі на 2026–2030 гады.

Сёлета ў красавіку раённае выданьне «Крычаўскае жыцьцё» паведаміла аб залучэньні ў яго працу журналіста, створанага пры дапамозе штучнага інтэлекту, а ў дарожным прадпрыемстве «Белдарсувязь» аб стварэньні з выкарыстаньнем ШІ сыстэмы папярэджаньня аварыяў з удзелам дзікіх жывёлаў.

У траўні 2026-га ў Дзяржаўным вайскова-прамысловым камітэце Беларусі паведамілі аб укараненьні штучнага інтэлекту (ШІ) ў аўтаматызаваны пункт кіраваньня «Рось», які зможа выяўляць бесьпілётнікі, прагназаваць іх маршрут і выбіраць найбольш эфэктыўныя спосабы супрацьдзеяньня. А з наступнага наступнага навучальнага году для вучняў 8–11 клясаў увядуць факультатыў «Прыкладныя тэхналёгіі штучнага інтэлекту».


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG