Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АйЦіБарада: Штучны інтэлект можа дапамагчы пашырэньню беларускай мовы і культуры

Аляксей Картыньнік
Аляксей Картыньнік

Беларускі блогер і папулярызатар тэхналёгій Аляксей Картыннік (АйЦіБарада) лічыць, што штучны інтэлект можа стаць важным інструмэнтам для разьвіцьця беларускай мовы і культуры, але для гэтага неабходна ствараць больш беларускамоўнага лічбавага кантэнту.

Пра гэта Картыньнік сказаў у інтэрвію праекту «Канапа»

Паводле яго, вялікія моўныя мадэлі вучацца на вялізных масівах інфармацыі, а беларуская мова і культура пакуль займаюць у гэтай прасторы адносна невялікае месца. З гэтай прычыны штучнаму інтэлекту бывае цяжка адрозніваць беларускі кантэкст ад расейскага ці ўкраінскага.

«Нам трэба рабіць беларускі лічбавы кантэнт, каб штучны інтэлект лепей разьбіраўся ў тым, што ў нас адбываецца, і ў тым ліку ў мове», — сказаў Картыньнік.

Ён адзначыў, што сытуацыя ўжо прыкметна палепшылася за апошнія некалькі гадоў. Калі раней нэйрасеткі амаль не разумелі беларускую мову, то цяпер здольныя ствараць тэксты і нават вершы па-беларуску. Паводле блогера, у гэтым дапамагла праца беларускіх энтузіястаў і навукоўцаў, якія зьвяртаюцца да вядучых распрацоўнікаў штучнага інтэлекту з прапановамі лепш улічваць беларускую мову і культуру ў сваіх мадэлях.

На думку Картыньніка, штучны інтэлект таксама можа дапамагчы ў адукацыі. Ён лічыць, што ў будучыні такія сыстэмы змогуць часткова кампэнсаваць недахоп настаўнікаў беларускай мовы і зрабіць навучаньне больш даступным.

Картыннік таксама выказаў меркаванне, што ў дэмакратычнай Беларусі можна было б зрабіць стаўку на разьвіцьцё штучнага інтэлекту як нацыянальнага брэнду.

«У нас ёсць цікавыя маленькія праекты. Напрыклад, зараз ёсць такая класная каманда, называецца «Голас», яны робяць калёнку са штучным інтэлектам. І такіх праекцікаў маленькіх шмат, якія вярнуцца калісьці ў Беларусь і будуць прасоўваць беларускае. Ёсьць вельмі крутыя праекты з каранямі зь Беларусі. Напрыклад, самы буйны пашукавік штучнага інтэлекту Perplexity. Гэта, напэўна, нават топ-100 кампаній штучнага інтэлекту ў сьвеце на сённяшні момант. Яна вельмі буйная, стварае канкурэнцыю Google. Там адзін з трох сузаснавальнікаў беларус. Таксама ёсць такі праграміст Дзіма Багданаў, алімпіяднік. Ён зь Беларусі, вучыўся дарэчы са мной у ліцэі, і ён адзін з аўтараў базавага прынцыпу, на якім працуюць зараз усе нейрасеткі. То бок не было б Дзімы Багданава, нашага беларуса, не было б гэтых нейрасетак». — кажа Аляксей Картыньнік.

Паводле яго, беларусы добра інтэгруюцца ў сусьветныя тэхналягічныя трэнды і маглі б стаць своеасаблівымі «амбасадарамі штучнага інтэлекту».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG