Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп сустрэўся зь Зяленскім у Анкары. Гаварылі пра ліцэнзію на ракеты і пра мірныя перамовы

Уладзімір Зяленскі і Дональд Трамп
Уладзімір Зяленскі і Дональд Трамп

ЗША могуць даць Украіне ліцэнзію на ўласны выраб ракет Patriot. Пра гэта амэрыканскі і ўкраінскі палітыкі будуць размаўляць ізноў, на наступных сустрэчах.

Прэзыдэнты Ўкраіны і ЗША Ўладзімір Зяленскі і Дональд Трамп абмяркуюць атрыманьне Кіевам дазволу на самастойную вытворчасьць ракет для комплексаў Patriot, якія надзвычай патрэбныя для супрацьпаветранай абароны. Пра гэта Трамп заявіў у час супольнага зь Зяленскім выхаду да журналістаў на саміце NATO 8 ліпеня, піша ўкраінская служба Радыё Свабода.

Паводле яго слоў, гэтае пытаньне стаіць на парадку дня. Трамп адзначыў, што сыстэма супрацьпаветранай абароны Patriot — гэта «абарончая зброя, і такая зброя мне падабаецца больш за наступальную».

Трамп дадаў, што выраб такіх ракет — вельмі складаны працэс. Але ён не сумняецца, што ўкраінцы хутка засвояць ўсе яго дэталі.

Паводле Трампа, кампанія, якая вырабляе комплексы, цяпер будуе чатыры новыя заводы. Гэта можа паскорыць вытворчасьць ракет. Пасьля гэтага, перакананы Трамп, украінскі бок ня зможа скардзіцца, што амэрыканцы даюць ім мала дапамогі.

Гаворка ідзе не пра сыстэмы, а пра ракеты СПА для іх, на якія Ўкраіна хоча атрымаць ліцэнзію.

«Мы вырабляем выдатныя бесьпілётнікі. Але ў іх ёсьць магчымасьць вырабляць іх у вельмі вялікіх колькасьцях… Дзіўна, што ў час вайны яны працягваюць іх вырабляць. Яны вырабляюць іх у падвалах. Яны вырабляюць іх усюды, дзе ёсьць сховішча. Але я падазраю, што нават калі няма сховішча, яны ўсё роўна знаходзяць спосаб. Гэта невераемная здольнасьць. Вельмі мала краінаў могуць гэта зрабіць. Вось чаму я кажу пра Patriot. Яны маглі б іх вырабляць. Большасьць краінаў не змагла б гэтага зрабіць», — сказаў Трамп.

Трамп пра магчымы канец вайны

Прэзыдэнт ЗША адказаў на пытаньне журналісткі Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода пра тое, чаму ён лічыць, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін «можа быць зацікаўлены ў заканчэньні вайны». Ён сказаў, што зрабіў такую выснову, грунтуючыся на асабістых размовах з Пуціным:

«Бо я зь ім размаўляю. Я размаўляю з прэзыдэнтам Зяленскім. Усё маё жыцьцё было прысьвечана падпісаньню ўгодаў. Я ведаю, калі людзі хочуць зрабіць гэта. Я думаю, што ён хоча падпісаць угоду», — сказаў Трамп.

Прэзыдэнт ЗША таксама адзначыў, што, на яго думку, Зяленскі хоча засяродзіцца на аднаўленьні краіны.

Таксама Трамп у час размовы з журналістамі спытаў Зяленскага, чаму б таму не паехаць у Маскву на перамовы. — «Там небясьпечна праз украінскія бесьпілётнікі», — пажартаваў у адказ Зяленскі.

Чаму гэта важна?

Для Ўкраіны тэма ўмацаваньня супрацьракетнай абароны ад расейскіх балістычных ракетаў стала адной з ключавых на саміце NATO ў Анкары.

Зеленскі заклікаў эўрапейскіх хаўрусьнікаў паскорыць стварэньне ўласнай сыстэмы супрацьракетнай абароны і пашырыць вытворчасьць ракет-перахопнікаў ад балістычных ракет. Украінскі прэзыдэнт падкрэсьліў, што такі праект ня можа чакаць да 2030 году.

На саміце ў Турэччыне краіны Паўночнаатлянтычнага альянсу паабяцалі ўкраінцам дапамогу ў 70 мільярдаў эўра. І як мінімум такую самую налета.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG