Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Віцебшчыне зьліквідавалі яшчэ чатыры сельскія населеныя пункты

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Сёлета ў канцы чэрвеня Шаркаўшчынскі раённы савет (Віцебская вобласьць) зьліквідаваў 9 сельскіх населеных пунктаў.

Пастаўскі раённы савет дэпутатаў ухваліў рашэньне ад ліквідацыі чатырох населеных пунктаў у Пастаўскім раёне Віцебскай вобласьці.

Як вынікае з апублікаванага на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі рашэньня мясцовых уладаў, зьліквідавалі дзьве вёскі і два хутары:

  • вёску Мацковічы Камайскага сельсавета,
  • хутар Ерынова Камайскага сельсавета,
  • хутар Падсосна Камайскага сельсавета,
  • вёску Алашкаўшчына Курапольскага сельсавета.

Чаму гэта важна

Згодна зь зьвесткамі Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі, з 2021 году лік населеных пунктаў зьменшыўся з 23 250 да 23 190 у 2025 годзе.

Дзяржаўнае прадпрыемства «Белгеадэзія», якое вядзе ўлік зямлі і адпаведна пералік населеных пунктаў, паведаміла, што на пачатак 2026 году ў краіне налічвалася ўжо 23 172 населеныя пункты, у тым ліку 115 гарадоў, 85 пасёлкаў гарадзкога тыпу і 22 972 вёскі. Такім чынам, толькі за апошні год лік населеных пунктаў скараціўся на 18 — з 23 190 у 2025 годзе да 23 172 на пачатак 2026 году.

За апошнія 9 гадоў найбольш зьліквідавалі населеных пунктаў у Віцебскай вобласьці, на другім месцы — Гомельская, трэцяе месца падзялілі Менская і Магілёўская вобласьці. У Берасьцейскай вобласьці летась зьнікла найменш населеных пунктаў.

Аляксандр Лукашэнка сярод іншага заяўляў, што сваёй задачай бачыць «выратаваньне беларускай вёскі». Пра гэта ён казаў у прыватнасьці летась 18 сьнежня на Ўсебеларускім народным сходзе. Лукашэнка не выключае, што для вырашэньня праблемы з адтокам людзей з рэгіёнаў будзе ўстаноўлены ліміт на ўвод новых мэтраў жыльля ў Менску — ня больш за 300 тысяч за год.

Беларускія ўлады ня раз заяўлялі, што трэба падтрымаць жыхароў вёскі, на гэта была скіраваная дзяржаўная праграма разьвіцьця аграгарадкоў, будаўніцтва ў вёсках жыльля, сацыяльных і гаспадарчых аб’ектаў, фэрмаў. Але ў краіне надалей працягваецца спад долі сельскага насельніцтва.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG