Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады зьліквідавалі адразу 10 вёсак у Віцебскай і Гомельскай вобласьцях

Вёска ў Рагачоўскім раёне. Ілюстрацыйнае фота
Вёска ў Рагачоўскім раёне. Ілюстрацыйнае фота

Рашэньні набылі юрыдычную моц 26 чэрвеня.

Шаркаўшчынскі раённы савет (Віцебская вобласьць) ухваліў рашэньне аб ліквідацыі адразу 10 сельскіх населеных пунктаў.

Як адзначаецца ў апублікаваным на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі рашэньні раённага савета, зьліквідавалі 5 хутароў і 5 вёсак:

  • хутар Цёплая Гара і вёска Пестуны Більдзюгскага сельсавета;
  • хутары Мурашчына, Ліпава, Красная Горка, Гузаватка Германавіцкага сельсавета;
  • вёскі Дубнікі і Яцелеўшчына Ёдзкага сельсавета;
  • вёску Ізабеліна Лужкоўскага сельсавета.

У Рагачоўскім раёне Гомельскай вобласьці, згодна з рашэньнем Рагачоўскага раённага савета дэпутатаў, зьліквідавалі мястэчка Кручпольле Дварэцкага сельсавета.

Абодва рашэньні набылі юрыдычную моц 26 чэрвеня.

Чаму гэта важна

Згодна зь зьвесткамі Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі, з 2021 году лік населеных пунктаў зьменшыўся з 23 250 да 23 190 у 2025 годзе.

Дзяржаўнае прадпрыемства «Белгеадэзія», якое вядзе ўлік зямлі і адпаведна пералік населеных пунктаў, паведаміла, што на пачатак 2026 году ў краіне налічвалася ўжо 23 172 населеныя пункты, у тым ліку 115 гарадоў, 85 пасёлкаў гарадзкога тыпу і 22 972 вёскі. Такім чынам, толькі за апошні год лік населеных пунктаў скараціўся на 18 — з 23 190 у 2025 годзе да 23 172 на пачатак 2026 году.

За апошнія 9 гадоў найбольш зьліквідавалі населеных пунктаў у Віцебскай вобласьці, на другім месцы — Гомельская, трэцяе месца падзялілі Менская і Магілёўская вобласьці. У Берасьцейскай вобласьці летась зьнікла найменш населеных пунктаў.

Аляксандр Лукашэнка сярод іншага заяўляў, што сваёй задачай бачыць «выратаваньне беларускай вёскі». Пра гэта ён казаў у прыватнасьці летась 18 сьнежня на Ўсебеларускім народным сходзе. Лукашэнка не выключае, што для вырашэньня праблемы з адтокам людзей з рэгіёнаў будзе ўстаноўлены ліміт на ўвод новых мэтраў жыльля ў Менску — ня больш за 300 тысяч за год.

Беларускія ўлады ня раз заяўлялі, што трэба падтрымаць жыхароў вёскі, на гэта была скіраваная дзяржаўная праграма разьвіцьця аграгарадкоў, будаўніцтва ў вёсках жыльля, сацыяльных і гаспадарчых аб’ектаў, фэрмаў. Але ў краіне надалей працягваецца спад долі сельскага насельніцтва.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG