Зь Пётрам Садоўскім разьвіталіся ў Менску, у рытуальнай залі на вуліцы Сямашкі. Пахаваюць яго на могілках у Нясьвіскім раёне.
У сацыяльных сетках сябры і калегі, знаёмыя і незнаёмыя людзі згадалі яго як выбітнага філёляга, мысьляра, дыплямата, палітыка, які спрычыніўся да незалежнасьці Беларусі.
Някляеў: Ён найлепшы знаўца роднай мовы
Паэт Уладзімер Някляеў напісаў пра Пётру Садоўскага:
«Я мог бы шмат чаго распавесьці пра „шэльмаўскія станцыі жыцьця“ найлепшага знаўцы роднай мовы (раўняцца з ім у гэтым можа хіба толькі Рыгор Барадулін), аднаго з стваральнікаў Беларускага Народнага Фронту і першага амбасадара незалежнай Беларусі ў Нямеччыне, але ён сам распавёў пра ўсё ў фэнаменальнай кнізе (такой аўтабіяграфічнай кнігі няма ані ў воднага беларускага літаратара) „Мой шыбалет“. Прачытайце.
У яго быў бездакорны літаратурны густ і бязьмежная любоў да літаратуры. Найперш да паэзіі.
Каб тыя ў нас, хто займаецца беларускай палітыкай, мелі рэцэптары, якімі б адчувалі беларускую паэзію, мы б мелі беларускую, а не нямаведама якую краіну. Ва ўсякім разе не патанулую ў прыдуманым табой возеры», — пісаў ён мне ў лісьце з нагоды выхаду кнігі «Прошча», з чым я абсалютна згодны. Але, на жаль, на гэтыя рэцэптары няма рэцэптаў — і маем мы тое, што маем. І нават гэта штодня страчваем».
Марціновіч: Дзякуючы такім Беларусь існуе як дзяржава
Літаратурны і тэатральны крытык Дзяніс Марціновіч напісаў:
«Дзякуючы такім людзям, як Пётра Садоўскі, дэпутат парлямэнту пачатку 1990-х, Беларусь аднавіла сваю незалежнасьць і існуе як дзяржава».
Меляшкевіч: Дэпутаты Незалежнасьці ўвайшлі ў гісторыю пад песьню, якую засьпяваў Садоўскі
Грамадзкі дзяяч Юрась Меляшкевіч даў сваю характарыстыку Садоўскаму:
«Выбітная асоба, таленавіты мовазнаўца, германіст, дыплямат і пісьменьнік... Ягоны голас і мова былі для мяне эталёнамі натуральнасьці, сакавітасьці і дасьціпнасьці. Ягоны востры розум заўсёды выклікаў у мяне асацыяцыі з геніяльнай прастатою Рыгора Барадуліна. Так бачыць сьвет, так рэагаваць на сьвет і так камунікаваць са сьветам могуць толькі вельмі адораныя асобы, адной зь якіх і быў спадар Пётра.
Яго душэўныя сьпевы былі для мяне такой самай асалодай, як і сьпевы маёй любімай бабулі Сашы — песьні, якія ліліся з глыбіні душы, ад самага сэрца, свабодныя, сапраўдныя, непаўторныя...
Так сьпявала яго душа ў дзень абвяшчэньня сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь — 25 жніўня 1991 году, калі, прагаласаваўшы за аднаўленьне нашай незалежнай і сувэрэннай дзяржавы, Пётра Вінцэнтавіч разам з паплечнікамі па фракцыі БНФ у парлямэнце выйшаў на будучую плошчу Незалежнасьці і засьпяваў на ўвесь сьвет песьню „А ў бары, у бары тры дарожанькі“!
Так яны і ўвайшлі разам у гісторыю — дэпутаты Незалежнасьці пад песьню на верш Янкі Купалы, якую засьпяваў Пётра Вінцэнтавіч...
Упэўнены, што ён знойдзе свой вырай, пра які так сакавіта расказаў для Радыё Свабода. Паслухайце, сябры».
Чайчыц: Крэатыўны і непрадказальны
Актывіст Алесь Чайчыц згадаў Садоўскага:
«Зь Пётрам Садоўскім я быў фактычна знаёмы ажно са сьнежня 1992 году. Ён нават тады здаваўся трохі эксцэнтрычным, трохі нетыпова творчым і крэатыўным ці непрадказальным для амбасадара — але гэта хіба на фоне хамавата-бюракратычных іншых постсавецкіх дыпляматаў, учарашніх жаўнераў Халоднай вайны.
Заўсёды нетыпова густоўна апрануты, сыплючы нейкімі цытатамі і вершамі, ён ствараў вельмі эўрапейскае, шляхотнае, несавецкае ўражаньне — нават у параўнаньні з большасьцю беларускіх дыпляматаў і актывістаў БНФ.
З асобаю Садоўскага зьвязаны хіба найбольш шчасьлівы час майго жыцьця — бесклапотнага дзяцінства ў адчувальнай нават шкаляром атмасфэры вызваленьня й першапраходніцтва пачатку 90-х. Беларуская амбасада ў Боне, якая спачатку арандавала пару пакояў у расейцаў, якім дастаўся гмах былой амбасады СССР у ФРГ, а потым займела ўласны ўтульны асабняк у цэнтры гораду, на заднім двары якога ў нас былі пікнікі-карпаратывы. Дачка Садоўскага некалькі разоў выкладала нам, амбасадаўскім дзецям, беларускую мову. Потым Садоўскі зьехаў...»
Ціханоўская: Натхняў мяне прыкладам і верай у вольную Беларусь
Палітык Сьвятлана Ціханоўская напісала пра Садоўскага:
«З глыбокім сумам даведалася пра сьмерць Пётры Садоўскага. Дзякуючы такім людзям, як Пётра Садоўскі, Беларусь аднавіла сваю незалежнасьць і адбылася як сучасная дзяржава. Ён заўсёды быў на баку дабра — прынцыповы, адважны, верны Беларусі, яе мове і культуры. Як першы амбасадар незалежнай Беларусі, як дэпутат, як навуковец і як грамадзянін ён пакінуў вялікі сьлед у гісторыі нашай краіны.
Я вельмі ўдзячная спадару Пётру за падтрымку і мудрыя парады. Ён натхняў мяне добрым словам, прыкладам і верай у вольную Беларусь».
Пазьняк: Яго роля ў палітыцы актыўная, беларуская і станоўчая
Палітык, лідэр фракцыі БНФ у Вярхоўным Савеце Зянон Пазьняк напісаў пра Садоўскага:
«Не жыве наш дарагі Пётра Вікенцевіч Садоўскі. Дэпутат Незалежнасьці. Сябра Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, першы беларускі амбасадар у аб’яднанай Нямеччыне, выдатны мовазнаўца і палітык, аўтар бліскучых беларускіх эсэ і ўнікальнай кнігі пра беларускага чалавека. Пайшоў на 87-м годзе жыцьця. А хацелася б, каб дажыў хаця б да 100. Меў ясны розум, быў патрыётам і шмат чаго ведаў. Яго роля ў палітыцы актыўная, беларуская і станоўчая. Палепшыцца час, і яшчэ шмат добрага напішуць удзячныя нашчадкі пра гэтага чалавека, удзельніка вялікіх гістарычных падзей».
Навумчык: Абаронца роднага слова
Журналіст і палітык, дэпутат Вярхоўнага Савету Сяргей Навумчык згадаў калегу:
«Абаронца роднага слова, дэпутат БНФ і першы амбасадар у Нямеччыне, удзельнік галадоўкі супраць прыніжэньня нацыянальнай годнасьці — і чалавек, чый голас заўсёды вылучаўся ў палітычным ды інтэлектуальным хоры. Скрозь гады чую ягоны сьпеў на Плошчы купалаўскай „Тры дарожанькі“ у пераможны вечар 25 жніўня 91-га».
Вячорка: Спалучаў у сабе вернасьць караням і праекцыю ў будучыню
Мовазнаўца Вінцук Вячорка напісаў пра Садоўскага:
«Пётра Садоўскі для мяне быў увасабленьнем беларускае жыцьцёвасьці, жыцьцяздольнасьці, жыцьцярадаснасьці — і таму цяжка пісаць кароткае слоўца „быў“...
Ён як мала хто спалучаў у сабе вернасьць караням і праекцыю ў будучыню. Узорны „чалавек беларускі“, прычым полацка-ветрынскі, і пры гэтым адкрыты сьвету, глядзеў на сьвет празь беларускую прызму, пачуваўся сваім і ўплывовым у эўрапейскай цывілізацыйнай прасторы, зьняпраўджваў сваёю чыннасьцю гнілы пастулят пра заведамую беларускую „правінцыйнасьць“.
А выбітны мовазнаўца ён дзякуючы не фармальнаму аб’ёму працаў, а глыбіні падыходу і непарушнаму пункту адліку. Ён ніколі ня быў пакорлівым згоднікам і ў навуцы, парушаў савецкага ўзору рутыну й інэрцыю — дзеля навуковай праўды і дабра беларускае мовы.
Адважны і прынцыповы, Садоўскі заўсёды быў на правільным баку гісторыі. Нават так: сам і быў гэтым правільным бокам. Галоўную песьню ягонага жыцьця — Купалаву „А ў бары, у бары“ — пра сьцежачку, што вядзе ў родну межачку — абавязкова пачуюць тыя, хто недачуў».
Красуліна: Глыбокі чалавек, цудоўны эксперт
Ганна Красуліна, намесьніца старшыні АГП, сказала пра Садоўскага:
«Пётра Садоўскі — выдатны філёляг, які цудоўна расказваў пра розныя моўныя цікавосткі, пра паралелі паміж мовамі, асабліва беларускай і нямецкай, якую ён добра ведаў.
Ён выкладаў у Коласаўскім ліцэі, ягоныя вучні заўсёды адгукаліся пра яго ў найвышэйшай ступені, і я нават ім зайздросьціла.
Зь ім заўсёды было цікава абмяркоўваць палітычныя пытанні. Ён меў сваё меркаваньне, часам такое, што моцна выбівалася з мэйнстрыму, але заўсёды падмацоўвалася аргумэнтамі і прыкладамі зь ягонага багатага досведу.
Ён зь вялікім задавальненьнем дзяліўся гэтым досьведам з тымі, у каго быў інтарэс у вачах. Выдатны суразмоўца, цікавы апавядальнік, глыбокі чалавек, цудоўны экспэрт».
Сьвяцкая: Сапраўдны Інтэлектуал, Інтэлігент, Чалавек
Былая супрацоўніца Вярхоўнага Савету Беларусі Валянціна Сьвяцкая згадала Садоўскага:
«Ад нас сышоў адзін з апошніх ТЫТАНАЎ сучаснасьці Пётра Вінцэнтавіч Садоўскі... Сапраўдны Інтэлектуал, Інтэлігент, Чалавек глыбокай і разнастайнай адукаванасьці... Мне пашчасьціла, што я была знаёма зь ім, з Галінай Сямдзянавай... Гэта былі тыя асобы, якія лічыліся слупамі высокай маралі і самаадданасьці Радзіме, якія не шкадавалі сваё сэрца і душу дзеля таго, каб нам было „ня сорамна людзьмі звацца“... І вельмі шкада, цяперашняе пакаленьне, што ў вас такіх сучасьнікаў амаль няма».
Хто такі Пётра Садоўскі
Паводле дакумэнтаў, Пётра Вікенцевіч Садоўскі нарадзіўся 2 лютага 1941 году (паводле зьвестак яго самога — у 1939-м) на Полаччыне. Беларускі мовазнаўца, палітык, дыплямат.
Падлеткам стаў курсантам Менскай сувораўскай вучэльні, пасьля чаго вучыўся ў Менскім дзяржаўным пэдагагічным інстытуце замежных моваў, у якім пазьней і выкладаў. Валодаў нямецкай, ангельскай, гішпанскай, францускай і іншымі мовамі.
Садоўскі быў адным з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту. Ён перамог на выбарах у Вярхоўны Савет у Менску ў 1990 годзе. Быў сябрам Прэзыдыюму і старшынём камісіі замежных справаў Вярхоўнага Савету БССР і Рэспублікі Беларусь 12-га скліканьня. Уваходзіў у дэпутацкую фракцыю БНФ. Адзін з «дэпутатаў Незалежнасьці» — тых, хто дамогся ў 1991 годзе наданьня Дэклярацыі аб сувэрэнітэце канстытуцыйнага статусу.
Пётра Садоўскі — выбітны беларускі мовазнаўца. Працаваў у лябараторыі экспэрымэнтальнай фанэтыкі Інстытуту мовазнаўства Акадэміі навук, дбаў пра культуру й разьвіцьцё беларускае мовы, уваходзіў у групу падрыхтоўкі Закону аб мовах, якім беларуская мова была абвешчана адзінай дзяржаўнай.
Пасьля абвяшчэньня Беларусьсю незалежнасьці ён у 1992 годзе быў прызначаны першым у гісторыі паслом Беларусі — у Нямеччыне. Выпраўлены ў адстаўку ў кастрычніку 1994-га ўказам толькі што абранага прэзыдэнта Лукашэнкі.
Кніга ўспамінаў Пётры Садоўскага «Мой шыбалет» выйшла ў Бібліятэцы Свабоды ў 2008 годзе.
Пётра Садоўскі быў аўтарам, героем інтэрвію і іншых шматлікіх публікацый на Свабодзе.