Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ліквідацыя грамадзкага сэктару адбываецца сыстэмна: у Беларусі закрылі ўжо 2044 арганізацыі

Будынак Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь, архіўнае фота
Будынак Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь, архіўнае фота

Улады Беларусі ў 2020 годзе пачалі і працягваюць надалей ліквідацыю няўрадавых аб’яднаньняў, прафсаюзаў, фондаў, недзяржаўных установаў.

З 2020 да канца чэрвеня 2026 году ў Беларусі зьліквідавалі ня менш за 2044 некамэрцыйныя арганізацыі — аб’яднаньні, прафсаюзы, фонды, недзяржаўныя ўстановы, асацыяцыі, як вынікае з агляду праваабарончай арганізацыі Lawtrend.

Паводле Lawtrend, на канец чэрвеня ў працэсе прымусовай ліквідацыі знаходзілася не менш за 1244 некамэрцыйныя арганізацыі. Рашэньне аб самаліквідацыі прынялі сама меней 800 некамэрцыйных арганізацыяў. У чэрвені да іх дабавілася 11 арганізацыяў: па пяць грамадзкіх абʼяднаньняў і недзяржаўных установаў, а таксама адна асацыяцыя, піша «Позірк».

Праваабаронцы зазначаюць, што ў чэрвені 2026 году захоўваўся ціск на арганізацыі грамадзянскай супольнасьці і іх прадстаўнікоў. Працягнулася практыка адвольнага стасаваньня «антыэкстрэмісцкага» заканадаўства, адбываўся адміністрацыйны і крымінальны перасьлед актывістаў.

Адзначаецца, што 1 чэрвеня 2026 году быў прыняты закон «Аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спыненьні дзейнасьці) субʼектаў гаспадараньня», які набудзе моц з 1 ліпеня 2027 году.

Хоць закон не распаўсюджваецца на грамадзкія абʼяднаньні і фонды, але ўводзіць «жорсткія правілы для прыватных установаў і асацыяцыяў, уключаючы абавязковую праверку наконт «пагрозы нацыянальнай бясьпецы» пры рэгістрацыі і магчымасьць ліквідацыі за неажыцьцяўленьне дзейнасьці цягам 24 месяцаў, зазначаецца ў аглядзе.

Акрамя таго, у чэрвені ўступіў у сілу артыкул 19.16 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях аб адказнасьці за прапаганду ЛГБТК+, бязьдзетнасьці, пэдафіліі й зьмены полу.

«Выкарыстаньне нявызначанага паняцьця „прапаганда“ стварае шырокія магчымасьці для адвольнага стасаваньня нормы. У выніку яе дзеяньне патэнцыйна распаўсюджваецца на інфармацыйныя, адукацыйныя, дасьледчыя і праваабарончыя матэрыялы, якія закранаюць пытаньні правоў ЛГБТК+, гендэрнай роўнасьці, дыскрымінацыі, сэксуальнай адукацыі і інш.», — зазначае Lawtrend.

Зьнішчэньне грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі носіць сыстэмны характар

Праваабаронцы робяць выснову, што, нягледзячы на меншую інтэнсіўнасьць ліквідацыяў у параўнаньні зь пікавымі пэрыядамі 2021–2024 гадоў, наступствы кампаніі зьнішчэньня незалежнай грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі захоўваюць сыстэмны характар.

Lawtrend — праваабарончая арганізацыя, якая рэгулярна праводзіць маніторынг сытуацыі з свабодай асацыяцыяў і стану грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.

Паводле яе высноваў, у 2026 годзе ў Беларусі надалей сыстэмна звужаецца прастора для дзейнасьці арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці, уключаючы зарэгістраваныя грамадзкія абʼяднаньні, фонды і ўстановы.

Паводле Міністэрства юстыцыі Беларусі, на 1 студзеня 2026 году ў Рэспубліцы Беларусь былі зарэгістраваныя 4 праўладныя палітычныя партыі і 1337 грамадзкіх арганізацыяў.

Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі

У красавіку 2021 міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.

«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.

22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.

«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»

«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.

30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.

«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.

Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Па стане на канец 2021 году ўлады ліквідавалі як найменей 275 НДА, яшчэ шэраг — у працэсе ліквідацыі ці пад яе пагрозай.

Праз год пасьля пачатку масавага ціску, у ліпені 2022 году, стала вядома, што ўлады ліквідавалі або давялі да самаліквідацыі 857 недзяржаўных арганізацый. А маніторынг Lawtrend на канец 2022 году паказаў, што за два гады грамадзкі сэктар Беларусі пазбавіўся ня менш як 1102 некамэрцыйных арганізацый.

Адной з галоўных падзей стала ліквідацыя незалежных прафсаюзаў у краіне. Лідэрам арганізацый прысудзілі вялікія турэмныя тэрміны.

Сярод зьліквідаваных арганізацый

  • • Human Constanta
  • • Беларуская асацыяцыя журналістаў
  • • Беларускі Хэльсынскі камітэт
  • • Гродна Лайф Медыя
  • • Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
  • • Зьвяно
  • • Имена
  • • Мова нанова
  • • Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
  • • ПЭН-цэнтар
  • • Прававая ініцыятыва
  • • Саюз беларускіх пісьменьнікаў
  • • Тэрыторыя правоў
  • • Цэнтар прававой трансфармацыі
  • • Экадом
  • Таварыства беларускай мовы
  • Дзіцячыя госьпісы ў Горадні і Віцебску
  • Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП)
  • Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ)
  • Беларускі незалежны прафсаюз (БНП)
  • Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП)

2024 год. У апублікаваным 7 траўня аглядзе праваабарончай арганізацыі Lawtrend гаворыцца, што за пэрыяд пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і да канца красавіка 2024-га ўлады Беларусі зьліквідавалі ня менш за 1622 некамэрцыйныя арганізацыі. У працэсе прымусовай ліквідацыі знаходзілася ня менш за 1003 НКА, рашэньне аб самастойнай ліквідацыі прынялі сама меней 619.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG