2 ліпеня прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа правёў сустрэчу кіраўніцтва дзяржавы, на якой абмяркоўвалі магчымасьць разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Літве.
У адмыслова скліканай нарадзе прынялі ўдзел прэзыдэнт, кіраўніцтва Сейму і ўраду, а таксама старасты парлямэнцкіх фракцыяў. Кіраўнікі ўладных інстытутаў згодныя на гэта паведаміла Нацыянальнае радыё і тэлевізія Літвы:
«У чацьвер раніцай найвышэйшыя службовыя асобы краіны абмеркавалі ў прэзыдэнтуры канстытуцыйную норму, якая забараняе разьмяшчэньне ў Літве ядзернай зброі. Прэзыдэнт Гітанас Наўседа заявіў, што амаль усе лідэры фракцыяў Сейму згодныя з тым, што палажэньне Канстытуцыі, якое забараняе разьмяшчэньне на тэрыторыі Літвы ядзернай зброі, састарэла і павінна быць скасаванае».
Паводле Наўседы, гэта патрэбна зрабіць, бо геапалітычная сытуацыя працягвае пагаршацца, а Канстытуцыю прымалі ў зусім іншых геапалітычных умовах. Такі крок быў бы «наймацнейшым сыгналам для стрымліваньня варожай агрэсіі», прызнаў Наўседа.
«Гэта абсалютная забарона, якая не зьмяшчае ніякіх выключэньняў. Такім чынам, Літва фактычна адзіная дзяржава NATO, якая самастойна ўвяла для сябе такую забарону. Безумоўна, мы павінны зьвярнуць увагу на гэты фактар», — сказаў Наўседа.
Ён адзначыў, што Фінляндыя, дзе аналягічная забарона была замацаваная законам, ужо скасавала абмежаваньне на разьмяшчэньне ядзернай зброі.
Старшыня Сейму Літвы Юозас Олекас пацьвердзіў згоду з пазыцыяй Наўседы.
«Сёньня, як мне здаецца, мы прыйшлі да агульнай думкі, што маем кансэнсус адносна магчымасьці прапанаваць выключыць гэты артыкул з Канстытуцыі і забясьпечыць, каб Літва не была слабым зьвяном у ланцугу стрымліваньня NATO», — сказаў ён, паводле LRT.
Ён зьбіраецца ўнесьці гэтае пытаньне ў парадак дня Сейму ў чацьвер. Олекас выказаў надзею, што да канца восеньскай сэсіі папраўка ў Канстытуцыю будзе ўнесеная.
Дыскусія вакол гэтага пытаньня актывізавалася пасьля таго, як прэзыдэнт Літвы ў траўні наклаў вэта на праект закону аб порце Клайпеды. У ім была запісаная норма, якая дазваляла караблям зь ядзернай зброяй заходзіць у порт, калі гэта не супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бясьпекі. Тады Наўседа аргумэнтаваў вэта супярэчнасьцю паміж законапраектам і Канстытуцыяй. Яна прадугледжвае, што на тэрыторыі Літвы ня можа знаходзіцца зброя масавага паражэньня.
Ня выключана, што вынікам дыскусіі могуць стаць зьмены ў Асноўным законе Літвы. Для ўнясеньня паправак трэба, каб ня менш як 94 дэпутаты з 141 двойчы прагаласавалі за іх з інтэрвалам у тры месяцы.
Чаму гэта важна
Раней Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін ня раз заяўлялі аб разьмяшчэньні ў Беларусі расейскай тактычнай ядзернай зброі і правядзеньні вучэньняў у яе выкарыстаньні.
Гэтыя заявы выклікалі непакой у суседніх Беларусі краінах, хоць незалежнага пацьверджаньня разьмяшчэньня такой зброі няма.
Раней выданьне Financial Times паведаміла, што ЗША вядуць перамовы зь некалькімі эўрапейскімі краінамі NATO у пытаньні разьмяшчэньня на іхных тэрыторыях амэрыканскай ядзернай зброі.
Ідзецца аб дзяржавах, дзе яшчэ няма такога ўзбраеньня. Найбольшую цікавасьць да тэмы праяўляюць Польшча і краіны Балтыі.
Форум