«Арганізацыя кантэйнэрных перавозак ажыцьцяўляецца супольна з партнэрамі па тэрыторыі Расеі, Казахстану і Кітаю. Вельмі разьвітыя імпартныя зносіны, пустыя кантэйнэры не вяртаюцца, яны вяртаюцца толькі з грузам. Вялікі аб’ём тут маюць вытворчыя грузы, якія неабходныя як сыравіна, і ўжо гатовая прадукцыя», — паведаміла Натальля Літвінка ў інтэрвію дзяржаўнаму тэлеканалу «Першы інфармацыйны».
Паводле яе, цяпер пачалі ажыцьцяўляць новы лягістычны праект Беларускай чыгункі (БЧ) — зборны кантэйнэрны цягнік «Каласок», а інфраструктура БЧ дазваляе нарошчваць грузавыя патокі.
«Гэты сэрвіс дазваляе розным экспартэрам свае грузы аб’ядноўваць у адзін цягнік. Перавага гэтага сэрвісу ў тым, што тарыфы такія, як і на поўнаскладовы кантэйнэрны цягнік. Мы дапамагаем адпраўляць экспарт у краіны „далёкай дугі“ для сярэдняга і малога бізнэсу», — патлумачыла прадстаўніца дзяржаўнага прадпрыемства.
У праграме дзяржаўнага тэлеканалу таксама адзначылі, што цяпер Кітай стаў другім паводле велічыні рынкам экспарту беларускіх прадуктаў харчаваньня, а ў апошнім цягніку разам зь піламатэрыяламі, сыроваткай і сухім малаком упершыню адправілі вальфрам.
Што папярэднічала і чаму гэта важна
Сёлета ў красавіку Супольнасьць беларускіх чыгуначнікаў апублікавала дакумэнт, зь якога вынікала, што кампанія, створаная Расеяй, Казахстанам і Беларусьсю для арганізацыі і каардынацыі перавозак грузаў з Кітаю ў Эўропу, патрабуе ад Беларускай чыгункі больш за мільён даляраў за затрымкі вагонаў і кантэйнэраў.
Супраць дзяржаўнай лягістычнай кампаніі «Белінтэртранс» увялі міжнародныя санкцыі пасьля таго, як улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі супраць Украіны.
Нядаўна Аляксандар Лукашэнка 17-ы раз наведаў Кітай. Сваімі частымі кантактамі з Кітаем Лукашэнка імкнецца паказаць, што Беларусь мае ня толькі расейскі, але і кітайскі вэктар, мае падтрымку такога глябальнага сілавога цэнтру, як Кітай. Гэта дазваляе Лукашэнку дэманстраваць як унутры краіны, так і звонку, што краіна не знаходзіцца ў міжнароднай ізаляцыі.
Аднак, як сьцьвярджаюць аналітыкі, імкненьне Менску манэтызаваць сваю геапалітычную ляяльнасьць Кітаю не дае жаданага выніку. Можна сказаць, што беларуска-кітайскія адносіны разьвіваюцца ў дзьвюх паралельных плашчынях. Палітычныя дачыненьні на высокім узроўні, а вось што тычыцца эканамічных зносінаў, то тут цікавасьць Кітаю да Беларусі невялікая.
Кітай цяпер другі гандлёвы партнэр Беларусі пасьля Расеі. Ягоная доля ў беларускім замежным гандлі складае 11%. За апошнія 10 гадоў, паводле ўладаў, Беларусь патроіла тавараабарот з Кітаем і падвоіла экспарт у гэтую краіну. Аднак імпарт кітайскіх тавараў і паслуг у Беларусь шматкроць перавышае экспарт беларускіх у Кітай. Дзесяць гадоў таму дэфіцыт у гандлёвых адносінах з КНР складаў $1,5 млрд, а за студзень–лістапад 2025 году ён ужо налічваў $5,5 млрд.
У апошнія тры гады Кітай стаў адным з найбольшых донараў Беларусі: кітайскі ўрад вылучае крэдыты і тэхнічную дапамогу ў розных сфэрах — ад IT-сэктару да лясной гаспадаркі.
Форум