Паводле Reuters, вучэньні былі санкцыянаваныя міністрам абароны Расеі Андрэем Белавусавым на даручэньне прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. У адным з дакумэнтаў згадваецца ўнутраны загад Белавусава, выдадзены ў жніўні 2025 году, паводле якога дэлегацыя расейскіх вайскоўцаў накіравалася ў КНР для ўдзелу ў навучальных мерапрыемствах на аб’ектах Народна-вызвольнай арміі Кітаю.
Як сьцьвярджае агенцтва, навучаньне праходзіла ў Пэкіне і Нанкіне. Расейскія вайскоўцы вывучалі выкарыстаньне бесьпілётнікаў, ужываньне выбуховых рэчываў, мінаў і сродкаў радыёэлектроннай барацьбы.
Reuters таксама азнаёмілася са справаздачай пра трохтыднёвы курс радыяцыйнай, хімічнай і біялягічнай абароны, які праходзіў у лістападзе на адным з вайсковых аб’ектаў у Пэкіне. У дакумэнце, у прыватнасьці, ёсьць фатаздымкі, на якіх кітайскі інструктар праводзіць заняткі з расейскімі вайскоўцамі. Яны вывучаюць макет ядзернага рэактара, а таксама праходзяць падрыхтоўку па хімічнай і радыяцыйнай выведцы і абароне вэнтыляцыйных сыстэмаў ад заражэньня.
У МЗС Кітаю заявілі Reuters, што пазыцыя Пэкіну адносна вайны ва Ўкраіне застаецца нязьменнай. Сьцьверджаньні пра вучэньні ў ведамстве назвалі «цалкам не адпаведнымі рэчаіснасьці».
Днямі Кітай зноў заклікаў Расею і Ўкраіну як мага хутчэй вярнуцца да мірных перамоваў. На пасяджэньні Рады Бясьпекі ААН намесьнік пастаяннага прадстаўніка Кітаю пры ААН Сунь Лэй заявіў, што Пэкін пасьлядоўна выступае за найхутчэйшае спыненьне баявых дзеяньняў і дасягненьне ўсёабдымнага і доўгатэрміновага мірнага пагадненьня.
Сунь Лэй таксама падкрэсьліў, што Кітай захоўвае «аб’ектыўную і непрадузятую пазыцыю» адносна вайны Расеі супраць Украіны. Дыплямат дадаў, што Пэкін занепакоены працяглымі пакутамі мірнага насельніцтва.
Заява кітайскага боку прагучала празь некалькі дзён пасьля таго, як Уладзімір Пуцін паведаміў пра кантакты з Кіевам што да магчымага ўрэгуляваньня вайны. Паводле Пуціна, Масква разглядае розныя прапановы, якія паступаюць з боку Кіева, у тым ліку ініцыятывы пра ўзаемную адмову ад удараў углыб тэрыторыі абедзьвюх краін і абмежаваньне баявых дзеяньняў на асобных участках фронту. Пры гэтым ён заявіў, што Расея не дапусьціць стварэньня ўмоваў для перамоваў, якія, на яго думку, маглі б даць перавагу ўкраінскаму боку.
Незадоўга да заявы Сунь Лэя у Кітаі пабываў Аляксандар Лукашэнка. Ён прыбыў у Пэкін пасьля закрытых перамоваў з Пуціным.
Незадоўга да візыту Лукашэнкі ў Кітай выданьне The Wall Street Journal з спасылкай на былых і дзейных расейскіх і эўрапейскіх чыноўнікаў паведаміла, што Крэмль дамагаецца больш актыўнага выкарыстаньня беларускай тэрыторыі для падтрымкі вайны супраць Украіны і патэнцыйных апэрацыяў супраць краін NATO. Паводле газэты, гаворка ідзе пра пашырэньне выкарыстаньня беларускай вайсковай інфраструктуры, аэрадромаў, лягістыкі і каналаў сувязі. Расейскія ўлады гэтыя паведамленьні адпрэчылі.
Кітай ад пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны заяўляе пра нэўтралітэт. Разам з тым заходнія ўрады і выведныя службы неаднаразова абвінавачвалі Пэкін у пастаўках Расеі тавараў двайнога прызначэньня, якія могуць выкарыстоўвацца расейскім ваенна-прамысловым комплексам. Кітайскія ўлады гэтыя абвінавачаньні адхіляюць.
Форум