«Міжнародны крымінальны суд і Спэцыяльны трыбунал за злачынства агрэсіі супраць Украіны — вельмі важныя прыклады таго, як міжнародная супольнасьць рэагуе на найцяжэйшыя злачынствы. Для Беларусі цяпер важна ўжо думаць пра наступны крок — мэханізм, які будзе працаваць у беларускіх умовах. Я лічу, што такой мадэльлю можа стаць гібрыдны трыбунал, які аб’яднае беларускую юрысдыкцыю і міжнародную экспэртызу», — сказаў Леанід Марозаў, дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у праўных пытаньнях.
Дакумэнт, апублікаваны на сайце Сьвятланы Ціханоўскай, апісвае, як у будучай дэмакратычнай Беларусі могуць расьсьледаваць грубыя парушэньні правоў чалавека, учыненыя пасьля 2020 году. У канцэпцыі разглядаюцца роля пацярпелых, захаваньне доказаў, права на праўду і кампэнсацыю шкоды, а таксама нацыянальныя і міжнародныя мэханізмы прыцягненьня вінаватых да адказнасьці.
Асаблівая ўвага ў Канцэпцыі надаецца пэрспэктыве стварэньня гібрыднага трыбуналу для Беларусі, які аб’яднаў бы нацыянальнае правасудзьдзе зь міжнародным удзелам і досьведам. Такі мэханізм, мяркуюць аўтары канцэпцыі, мог бы стаць найбольш рэалістычнай мадэльлю судовага перасьледу асобаў, адказных за найцяжэйшыя злачынствы.
Чаму гэта важна
У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі ўва ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.
Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026-га складае ня менш за 500 тысяч.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, за кратамі ў Беларусі знаходзяцца сама меней 869 палітычных зьняволеных. Кожны месяц такі статус атрымліваюць па 30–50 новых вязьняў.
Форум