Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заявіў, што нядаўна размаўляў з прадстаўнікамі Зяленскага аб «адзінстве народаў»

абноўлена
Валянціна Мацьвіенка, Натальля Качанава і Аляксанар Лукашэнка. Менск, 25 чэрвеня 2026
Валянціна Мацьвіенка, Натальля Качанава і Аляксанар Лукашэнка. Менск, 25 чэрвеня 2026

Аляксандар Лукашэнка 25 чэрвеня правёў некалькі сустрэч з прадстаўнікамі выканаўчай і заканадаўчай улады Расеі, якія прыехалі для ўдзелу ў чарговым Форуме рэгіёнаў дзьвюх дзяржаў.

Як паведаміла прэсавая служба Лукашэнкі, 25 чэрвеня ён сустрэў губэрнатара Маскоўскай вобласьці Андрэя Вараб’ёва і старшыню Савету Фэдэрацыі Расеі Валянціну Мацьвіенку.

Аляксандар Лукашэнка падзякаваў Валянціне Мацьвіенка за «патранаж» рэгіянальнага супрацоўніцтва.

«Нічога ня можна з гэтым параўнаць. Гэта нароўні з пытаньнямі бясьпекі, якія сёньня для нас вельмі актуальныя, для Беларусі і Расеі. Беларусь і Расея — гэта наша агульная Айчына, мы з вамі вінаватыя, што тут дзьве дзяржавы ўтварылася. Але гэта вельмі сяброўскія, брацкія дзяржавы», — сказаў Лукашэнка.

Калі Лукашэнка казаў пра адсутнасьць «той сілы, якая магла б разбурыць наша адзінства», ён паведаміў, што «аб гэтым гаварыў нядаўна нядаўна прадстаўнікам Зяленскага, што мы ўсё роўна, нашы народы будуць разам».

«Рана ці позна мы ўсё роўна будзем разам. А як інакш?», — сказаў Лукашэнка.

Лукашэнка заявіў, што ён папярэдзіў неназваных украінскіх прадстаўнікоў пра небясьпеку новага павароту ў вайне.

«Вось на гэтым месцы нядаўна былі прадстаўнікі Зяленскага. Я ім прама сказаў: „Хлопцы, вы перадайце свайму прэзыдэнту: калі ён думае, што можна так з намі размаўляць і яшчэ ўцягнуць нас у вайну, то ён павінен разумець, што якасьць вайны імгненна зьменіцца. Гэтая вайна будзе зусім іншая“», — цытуе Лукашэнку БелТА.

У той жа час ён не ўдакладніў час такіх кантактаў, а таксама тых прадстаўнікоў выканаўчай улады Ўкраіны, зь якімі ён меў размову.

Палітык падкрэсьліў, што Беларусі ня трэба ўцягвацца ў вайну. Ускосна Лукашэнка згадаў тэкст The Wall Street Journal, у якім журналісты сьцьвярджалі, што Расея праз пасла Барыса Грызлова падштурхоўвае Беларусь да паўнавартаснага ўступленьня ў вайну супраць Украіны.

«Мы з прэзыдэнтам Расеі тысячу разоў абмяркоўвалі гэтую тэму. Ну як ваяваць супраць украінцаў тут, калі з таго боку тэрытарыяльныя войскі ў асноўным? Мы што, будзем гэтых мэханізатараў, даярак і рабочых рабятаў страляць, якія ня хочуць ваяваць з беларусамі? Мы таксама ня хочам ваяваць з украінцамі».

Пры гэтым, гаворачы пра «адзінства народаў» і прыхільнасьць да Ўкраіны, Лукашэнка ўсё адно прызнаўся Расеі ў вернасьці.

«Наша пазыцыя міралюбівая. Але ў любой сытуацыі мы будзем з Расеяй побач», — запэўніў ён.

Што папярэднічала

Пачынаючы з 19 чэрвеня, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі тройчы публічна абвінаваціў Беларусь у тым, што на яе мяжы з Украінай ёсьць абсталяваньне, якое расейцы выкарыстоўваюць для карэкцыі атак на Ўкраіну.

Палітык заклікаў Аляксандра Лукашэнку прыбраць абсталяваньне цягам тыдня, іначай Беларусь чакаюць наступствы.

24 чэрвеня Зяленскі, спасылаючыся на дадзеныя ўкраінскага войска, заявіў, што рэтрансьлятары ў Беларусі перасталі працаваць 22 чэрвеня. Зяленскі заявіў, што незразумела, ці цалкам дэмантавала Беларусь рэтрансьлятары, ці проста прыпыніла іх выкарыстаньне на дадзены момант.

26 траўня камандзір Сілаў бесьпілётных сыстэмаў Робэрт Броўдзі з пазыўным «Мадзяр» адзначыў, што ўкраінцы маюць сьпіс з 500 беларускіх аб’ектаў, якія ў выпадку беларускага збройнага нападу на Ўкраіну імгненна могуць стаць баявымі цэлямі.

У адказ на гэта Лукашэнка заявіў, што таксама мае «вельмі сур’ёзную» цэль ва Ўкраіне з дакладнымі каардынатамі, а словы Зяленскага аб «дыпляматычным узьдзеяньні» на Беларусь і іншыя выказваньні на тэму вайны Лукашэнка назваў «балбатнёй».

15 чэрвеня ў інтэрвію тэлеканалу Al Arabiya тон Лукашэнкі быў далёкім ад ваяўнічага. Ён сказаў, што нібыта абмяркоўваў сытуацыю з кіраўніком Расеі Ўладзімірам Пуціным і яны быццам прыйшлі да высновы, што ўваход Беларусі ў вайну прынясе больш шкоды, чым карысьці.

Лукашэнка таксама стрымана выбачыўся перад Зяленскім за ранейшыя рэзкія словы і чарговы раз запэўніў, што ўкраінскаму народу і вайскоўцам няма чаго баяцца небясьпекі зь Беларусі, бо гэта «нікому ня выгадна».


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG