У Менскім раёне з адной з чыгуначных станцыяў паступіла паведамленьне пра выцек хімічных рэчаваў. На месцы ўжо працуюць ратаўнікі.
Вядома, што выцек адбыўся з кантэйнэра на станцыі, але назву населенага пункту МНС не раскрывае.
На тэрыторыі станцыі, як паведамілі ратаўнікі агенцтву БелТА, адбыўся кропельны выцек талуілендыізацыянату з бочак, якія месьцяцца ў вагоне на чыгуначнай плятформе.
Пацярпелых няма. Затрымак пасажырскіх і грузавых цягнікоў не зарэгістравалі.
Чыгуначную плятформу адчапілі ад чыгуначнага саставу і накіравалі на перагон для далейшай разгрузкі бочак і выяўленьня месца цечы.
На месцы здарэньня працуюць падразьдзелы МНС, у тым ліку адмыслоўцы Рэспубліканскага атраду спэцыяльнага прызначэньня «ЗУБР».
Нядаўнія выцекі
Год таму, у чэрвені 2025-га, адбыўся выцек нафтапрадуктаў з магістральнага нафтаправоду Мазыр-Берасьце ААТ «Гомельтранснафта „Дружба“», паблізу населенага пункту Акулінка Мазырскага раёну. Тады наступствы выцеку пачалі хутка ліквідоўваць. Пацярпелых не было.
У кастрычніку 2025 году праз выцек адбылося надзвычайнае здарэньне. Яго справакавала саляная кіслата на прадпрыемстве «Беларуськалій». На прамысловай пляцоўцы цэху мэмбраннага электролізу 4 рудаўпраўленьня ААТ «Беларуськалій» разарвалася ёмістасьць з-пад салянай кіслаты. Ад выбуху пацярпелі 4 чалавекі.
На тым самым прадпрыемстве некалькі дзён таму, у чэрвені ўжо 2026 году развалілася солебэтонная перамычка, загінуў 51-гадовы мужчына, які працаваў мацавальнікам падземнага ўчастку вэнтыляцыі і сьвідравальна-выбуховых работаў. А 18 чэрвеня, паводле інфармацыі «Нашай нівы», на прадпрыемстве загінуў 34-гадовы рабочы Аляксей Чарапок. Пра гэтую сьмерць стала вядома са старонкі футбольнага клюбу «Арэса» (Любань), за якую выступаў шахтар.
Іншыя здарэньні на чыгунцы
8 чэрвеня на станцыі Ліда пры спуску вагонаў з сартавальнай горкі адбылося сутыкненне рухомага саставу. У выніку былі пашкоджаныя два вагоны. Само здарэньне, пра якое напісала «Супольнасьць чыгуначнікаў Беларусі» (СЧБ), адносіцца да парушэньняў бясьпекі руху пры манэўровай працы. Са зьвестак, якія атрымала супольнасьць, кіраўнікі станцыі Ліда і датычных структурных падразьдзелаў БЧ паспрабавалі схаваць гэты выпадак.
Са свайго боку, СЧБ паспрабавала растлумачыць прычыны, а заадно падала статыстыку парушэньняў за апошні час. Зь яе вынікала, што за пяць месяцаў 2026 году на Беларускай чыгунцы дапусьцілі 40 выпадкаў парушэньняў бясьпекі руху цягнікоў. За аналягічны пэрыяд 2025 году было толькі 21 парушэньне, то бок рост адбыўся амаль удвая. Калі такая тэндэнцыя захаваецца, 2026 год рызыкуе стаць рэкордным у колькасьці парушэньняў бясьпекі руху цягнікоў.
СЧБ канстатавала, што праблема з утрыманьнем цягавага і маторвагоннага рухомага складу ў спраўным тэхнічным стане робіцца ўсё больш вострай. Бракуе як запчастак, так і кваліфікаванага пэрсаналу для правядзеньня якаснага абслугоўваньня і рамонту.
«І без таго дастаткова стары парк тэхнікі не атрымлівае патрэбных запчастак нават для лякаматываў і дызэль- і электрацягнікоў, вытворчасьць якіх наладжана ў сяброўскай Беларусі краіне — Расеі», — пісала супольнасьць чыгуначнікаў.
Форум