Пажар на заводзе ў Варонежы пасьля ўкраінскага ўдару, 22 чэрвеня 2026
Украіна ўдарыла па расейскім заводзе электронікі для ракет у Варонежы. 5 чалавек загінулі. У выніку расейскіх атак на Сумскую вобласьць, Адэсу і Запарожжа загінулі 6 чалавек, у тым ліку 12-гадовы хлопчык.
Украінскія вайскоўцы заявілі, што ў панядзелак ударылі па заводзе ў Варонежы, які вырабляе электроніку для ракет. У выніку атакі загінулі пяць чалавек, дзясяткі атрымалі раненьні, паведаміў губэрнатар рэгіёну, перадае Reuters.
Генэральны штаб Украіны паведаміў, што атакаваў завод крылатымі ракетамі. Прычынай сталася тое, што на заводзе робяць кампанэнты для расейскіх ракет, у тым ліку для комплексаў «Іскандэр».
Губэрнатар Варонескай вобласьці заявіў, што ад атакі загінулі 5 чалавек. Ён таксама дадаў, што «большая частка работнікаў прадпрыемства пасьпела спусьціцца ў сховішча, і нягледзячы на значныя пашкоджаньні будынка, не пацярпела. Пацярпелі тыя, хто праігнараваў папярэджаньне пра ракетную небясьпеку — як на прадпрыемстве, так і на вуліцы».
Некалькі дзясяткаў варонежцаў зьвярнуліся да мэдыкаў, большасьць зь іх адпусьцілі дадому.
У Маскве заявілі пра 84 перахопленыя дроны. Часова не працавалі аэрапорты.
Украінскія вайскоўцы заявілі, што нанесьлі ўдар па Цэнтры спадарожнікавай сувязі ў Дубне Маскоўскай вобласьці.
Ад расейскіх абстрэлаў загінулі 7 чалавек на зямлі і 1 на моры
У выніку атакі дрона сёньня раніцай у Сумскай вобласьці Ўкраіны загінулі 13-гадовы хлопчык, ягоны 36-гадовы бацька і 73-гадовая бабуля.
У Запарожжы ад дронавай атакі загінулі два чалавекі, сем атрымалі раненьні.
На Днепрапятроўшчыне 1 чалавек загінуў, 9 атрымалі раненьні.
У нядзелю ўвечары Расея ўдарыла балістычнай ракетай «Іскандэр» па Адэскай вобласьці. 1 чалавек загінуў, трое параненыя.
Расейскія дроны ўдарылі па турэцкім сухагрузе Victress, які ішоў пад панамскім сьцягам, паведаміў украінскі флёт. Віцэ-прэм’ер Украіны Аляксей Кулеба заявіў, што загінуў 58-гадовы кок з Эгіпту, а восем іншых членаў экіпажу, у тым ліку грамадзяне Турэччыны і Індыі, мусілі эвакуавацца на ратавальнай шлюпцы.
Расейскае войска таксама нанесла ўдар па ўкраінскім заводзе дронаў General Cherry.
Форум