Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская і Лукашэнка па-рознаму зьвярнуліся да мэдыкаў з нагоды іх прафэсійнага сьвята

Ілюстрацыйны каляж
Ілюстрацыйны каляж

Беларускія мэдработнікі — гэта «людзі, якія штодня бяруць на сябе адказнасьць за чалавечае жыцьцё і здароўе», заявіла лідэрка дэмсілаў Сьвятлана Ціханоўская 21 чэрвеня з нагоды з нагоды прафэсійнага сьвята мэдыкаў.

Беларускія мэдработнікі — гэта «людзі, якія штодня бяруць на сябе адказнасьць за чалавечае жыцьцё і здароўе», заявіла лідэрка дэмсілаў Сьвятлана Ціханоўская 21 чэрвеня з нагоды з нагоды прафэсійнага сьвята мэдыкаў.

«Іх праца патрабуе шмат самаадданасьці: цэлыя гады ідуць на атрыманьне ведаў і напрацоўку навыкаў, а кожны дзень на працы патрабуе цярпеньня, прафэсіяналізму і мужнасьці, — цытуе Ціханоўскую яе прэс-служба. — У дадатак да гэтага быць мэдыкам у Беларусі цяпер — гэта таксама працаваць ва ўмовах пастаяннага дэфіцыту кадраў, перагрузак і адміністрацыйнага ціску».

Паводле яе слова, адно з дасьсьледаваньняў паказала, што 68% лекараў у Беларусі незадаволеныя ўмовамі працы.

«Кожны год у краіне скарачаецца колькасьць бальніц, не хапае ўрачоў і неабходных лекаў, а многія спэцыялісты вымушаныя пакідаць прафэсію або з’язджаць за мяжу», — падкрэсьліла Ціханоўская.

Замест таго каб падтрымліваць мэдработнікаў, дадала яна, улады «усё часьцей успрымаюць іх як рэсурс, які можна выкарыстоўваць без абмежаваньняў».

«Беларускія ўрачы рэгулярна працуюць значна больш устаноўленай нормы, сутыкаюцца з неаплатнымі перапрацоўкамі і бюракратычнай нагрузкай. Тым, хто хоча зьмяніць месца працы ці з’ехаць з краіны, ствараюць дадатковыя перашкоды. А на справядлівыя скаргі аб цяжкіх умовах працы яны чуюць у адказ: «Не трэба плакацца, што вы больш восем гадзін у суткі працуеце. Колькі трэба, столькі і працуем», — адзначыла палітык.

На яе думку, да людзей, якія «аддаюць усіх сябе выратаваньню чужых жыцьцяў», нельга ставіцца «з такой абыякавасьцю».

Аляксандр Лукашэнка, віншуючы мэдработнікаў 21 чэрвеня, адзначыў, што іх «імкненьне дапамагаць людзям годнае павагі», піша Позірк.

«Ратуючы жыцьці, захоўваючы і ўмацоўваючы здароўе грамадзян, вы ўносіце неацэнны ўклад у будучыню нашай краіны», — адзначыў ён.

Паводле сьцьвярджэньня Лукашэнкі, у Беларусі «створаныя шырокія магчымасьці для разьвіцьця мэдыцыны»: «Будуюцца бальніцы, набываецца сучаснае абсталяваньне, пасьпяхова ўкараняюцца перадавыя тэхналёгіі дыягностыкі і лячэньня. Але ў аснове вашай дзейнасьці заўсёды застаюцца высокі прафэсіяналізм, адказнасьць і міласэрнасьць».

Лукашэнка выказаў «шчырую падзяку работнікам і вэтэранам галіны за самаадданую працу».

«Упэўнены, — падкрэсьліў ён, — людзі ў белых халатах працягнуць з апорай на слаўныя традыцыі айчыннай аховы здароўя аддана служыць справе і сваёй радзіме».

Выдаткі на ахову здароўя ў Беларусі ніжэйшыя, чым у суседніх краінах ЭЗ і Расеі

Група актывістаў незалежнага прафсаюзу мэдыкаў пад кіраўніцтвам намесьніка прадстаўніцы АПК у сацыяльнай палітыцы Станіслава Салаўя пры спрыяньні Фонду мэдычнай салідарнасьці ByMedSol, мэдыяпраекту «Белыя халаты», пры дапамозе ініцыятывы BelPol падрыхтавалі незалежны аналіз беларускай сыстэмы аховы здароўя. Дасьледаваньне заняло некалькі гадоў.

Галоўныя высновы незалежнага аналізу

  • Беларусь мае адну з найвышэйшых у рэгіёне сьмяротнасьцяў ад сэрцава-судзінных хваробаў.
  • Доступ да якаснай мэдычнай дапамогі ў Менску і рэгіёнах істотна адрозьніваецца.
  • Беларусы губляюць доступ да многіх сучасных замежных лекаў.
  • Выдаткі на ахову здароўя ў Беларусі ніжэйшыя, чым у суседніх краінах ЭЗ і Расеі.
  • Нізкія заробкі мэдсёстраў паскараюць адток кадраў з мэдыцыны.
  • Сыстэма эканоміць на лячэньні часткі рэдкіх захворваньняў і раньняй дыягностыцы.
  • Экспэрты называюць беларускую ахову здароўя «астраўной мэдыцынай», дзе сучасны ўзровень даступны толькі ў асобных цэнтрах.


Хоць улады рэгулярна заяўляюць, што ў краіне няма праблемы з мэдыцынскімі кадрамі, на сайце Дзяржаўнай службы занятасьці на раніцу 21 чэрвеня мелася 2.296 вакансій урачоў-спэцыялістаў і 1.850 вакансій мэдсясьцёр.

Словы і справы ўлады ў дачыненьні да мэдыкаў

Спыніць «ныць і плакаць» праз недахоп у Беларусі мэдработнікаў запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка 3 красавіка ў Менску на адкрыцьці 42-й гарадзкой паліклінікі.

На яго думку, у Беларусі «людзей хапае»: «Трэба выбудаваць сыстэму так, каб тыя людзі, якія маюцца, маглі працаваць і зарабляць, і абслугоўваць насельніцтва. Гэта больш як на 200 працэнтаў тычыцца Міністэрства аховы здароўя. Мэдыкі як прэзыдэнт: колькі трэба, столькі і працуюць».

У накіраваным у красавіку 2025 года ў ААН дакладзе кааліцыі няўрадавых арганізацый пра выкананьне краінай абавязацельстваў па правах чалавека ў рамках чацьвёртага цыклю Унівэрсальнага пэрыядычнага агляду (УПА) гаварылася, што праз рэпрэсіўныя дзеяньні ўладаў забесьпячэньне мэдыцынскай дапамогай у Беларусі стала пагаршаецца.

Адзначалася, што ў Беларусі зафіксавана шмат выпадкаў прыпыненьня дзейнасьці прыватных мэдыцынскіх цэнтраў.

Падтрымка ўладамі ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны яшчэ больш пагоршыла недахоп жыцьцёва неабходных мэдыкамэнтаў і мэдыцынскага абсталяваньня, нягледзячы на рост патрэбы ў іх.

Аўтары дакумэнта канстатавалі, што недахоп мэдыцынскага пэрсаналу працягвае пагаршацца, чаму садзейнічаюць масавы ад’езд урачоў з краіны праз неспрыяльныя ўмовы працы, недастатковую аплату і палітычныя рэпрэсіі.

Пасьля 2020 года з рэпрэсіямі ў Беларусі сутыкнуліся ў тым ліку мэдыкі. Многія з іх актыўна ўдзельнічалі ў пратэстах, выступаючы супраць гвалту і катаваньняў над людзьмі. Кіраўніцтва бальніц звальняла неляяльных мэдыкаў, хаця сярод іх былі прадстаўнікі ўнікальных для Беларусі спэцыялізацый.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG