«Ужо даўно праводзіцца супольная праца ў вылучэньні нашых нацыянальных каштоўнасьцяў, у тым ліку і ў сьпіс усясьветнай спадчыны. [...] Мы падпісалі мэмарандум аб падачы супольнай заяўкі на мэмарыяльныя комплексы, якія маюць беспасярэдняе дачыненьне да Вялікай Айчыннай вайны, — Мамаеў курган і Берасьцейская крэпасьць», — сказаў міністар культуры Беларусі Марат Маркаў.
Паводле яго, беларускі і расейскі бок плянуюць, каб уключэньне гэтых аб’ектаў у сьпіс UNESCO адбылося ў 2030 годзе. «Для нашых краін гэта найважнейшая падзея, бо гэтыя помнікі маюць беспасярэдняе дачыненьне да каштоўнасьцяў і беларускага, і расейскага народаў», — дадаў ён.
Што такое сьпіс UNESCO
У Сьпіс усясьветнай спадчыны UNESCO (агенцтва ААН у пытаньнях адукацыі, навукі й культуры) уключаюць прыродныя або створаныя чалавекам аб’екты, якія, паводле экспэртаў, маюць культурную, гістарычную ці экалягічную значнасьць.
Цяпер у гэты сьпіс уваходзяць больш за 1200 аб’ектаў у 168 краінах, найбольш — у Італіі, Кітаі, Гішпаніі, Францыі й Нямеччыне.
У сьпіс UNESCO ўваходзяць Белавеская пушча (1979, 1992, 2014 гады), Мірскі замак (2000), комплекс роду Радзівілаў у Нясьвіжы (2005) і геадэзічная дуга Струвэ (2005, праходзіць па 10 эўрапейскіх краінах, у тым ліку і Беларусі).
У Сьпіс нематэрыяльнай спадчыны UNESCO ўключылі сьвяточны абрад «Калядныя цары» у мястэчку Семежаве (Капыльскі раён), 2009 год; ушанаваньне абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у мястэчку Будславе (Мядзельскі раён), 2018 год; «Юр’еўскі карагод» у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёну, 2019 год; Культура бортніцтва, 2020 год; «Саломапляценьне Беларусі: мастацтва, рамяство, уменьні», 2022 год; «Выцінанка — традыцыйнае мастацтва выразаньня з паперы ў Беларусі», 2024 год; неглюбская тэкстыльная традыцыя Веткаўскага раёну, 2025 год.
Згодна з працэдурай, заяўкі на ўключэньне ў сьпіс UNESCO падаюць штогод да 1 лютага. На ўхваленьне рашэньня патрэбна ад 1,5 да 2,5 гадоў. Дзяржавы сапраўды могуць падаваць супольныя заяўкі.
Чаму гэта важна
Расея, якая афіцыйна прызнае важнасьць усясьветнай спадчыны UNESCO, цяпер мэтанакіравана атакуе ва Ўкраіне культурныя і гістарычныя аб’екты. Сярод найбольш пацярпелых у выніку расейскіх абстрэлаў:
- Кіева-Пячорская лаўра,
- Гістарычны цэнтар Львова,
- Сафійскі сабор у Кіеве,
- Харкаўскі мастацкі музэй,
- Гістарычны цэнтар Адэсы,
- Кінастудыя імя Даўжэнкі ў Кіеве,
- Будынак арганнай і камэрнай музыкі ў Дніпры.
UNESCO пацьвердзіла шкоду, нанесеную ў выніку расейскай агрэсіі амаль паўтысячы ўкраінскіх аб’ектаў, што знаходзяцца пад абаронай гэтай арганізацыі.
Міністэрства культуры Беларусі ніводнага разу не адрэагавала на расейскія абстрэлы гістарычных і культурных помнікаў ва Ўкраіне.
У выніку будаўніцтва Расейскай імпэрыяй Берасьцейскай крэпасьці быў цалкам разбураны гістарычны цэнтар старога Берасьця.
Форум