Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дні народзінаў Васіля Быкава і Ўладзімера Каткоўскага, гадавіна першага мітынгу ў Курапатах

Васіль Быкаў, 1974 год
Васіль Быкаў, 1974 год

Падзеі 19 чэрвеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

19 чэрвеня 1924 году нарадзіўся Васіль Быкаў, беларускі пісьменьнік. Большасьць твораў Быкава ваенныя аповесьці, у якіх паказаны маральны выбар чалавека ў найбольш драматычныя моманты жыцьця.

У час кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі пісьменьніка цкавалі, і на пачатку 1998 году ён зьехаў за мяжу. Вярнуўся ў Беларусь незадоўга да сьмерці, перанёсшы ў Чэхіі цяжкую апэрацыю. Памёр 22 чэрвеня 2003 году.

Таксама ў гэты дзень

1606 — у Магілёве пачалося мяшчанскае паўстаньне пад кіраўніцтвам Стахора Мітковіча. Месьцічы й рамесьнікі занялі ратушу. Паўстанцы абралі новую гарадзкую раду, якая кіравала больш як 2 гады.

1655 — падчас Трынаццацігадовай вайны маскоўскае войска спаліла Барысаўскі замак, а таксама дашчэнту разрабавала і зруйнавала места

1669 — каралём Рэчы Паспалітай і вялікім князем літоўскім абралі Міхала Вішнявецкага.

Міхал Карыбут Вішнявецкі
Міхал Карыбут Вішнявецкі


1831 — падчас паўстаньня 1830–1831 гадоў пад Вільняй пачалася Панарская бітва, найбуйнейшая за ўвесь час паўстаньня.

1846 — у штаце Нью-Джэрзі прайшоў першы ў гісторыі бэйсбольны матч.

1913 — у Паўднёвай Афрыцы уступіў у сілу Natives Land Act, які абмяжоўваў набыцьцё зямлі чарнаскурымі жыхарамі краіны. Гэты закон стаў падмуркам палітыкі апартэіду.

1926 — у Вільні выйшаў першы нумар газэты «Народная справа».

1941 — у заходніх вобласьцях Беларусі, Украіны, Малдовы адбылася апошняя перадваенная дэпартацыя «варожых элемэнтаў» і іх сямей.

1943 — Івянецкае паўстаньне, захоп мястэчка партызанскім аддзелам Арміі Краёвай.

1944 — нямецкія акупанты спалілі вёску Дальва (Лагойскі раён) разам з жыхарамі.

1953 — у ЗША пакаралі сьмерцю на электрычным крэсьле Этэль і Юліюса Розэнбэргаў, абвінавачаных у перадачы Савецкаму Саюзу ядзерных сакрэтаў.

1988 — у Курапатах упершыню прайшоў арганізаваны згуртаваньнем «Талака» мітынг памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў з патрабаваньнем стварыць сьледчую камісію.

2006 — на Шпіцбэргене заклалі Ўсясьветнае сховішча насеньня на выпадак «канца сьвету».

Уваход ува Ўсясьветнае сховішча насеньня, люты 2016 году
Уваход ува Ўсясьветнае сховішча насеньня, люты 2016 году

У гэты дзень нарадзіліся

1623Блез Паскаль, францускі матэматык, фізык і філёзаф.

Блез Паскаль
Блез Паскаль

1912 Пятро Бітэль, беларускі перакладнік, літаратар, настаўнік, сьвятар. Вязень ГУЛАГу, дзе пераклаў «Пана Тадэвуша» Міцкевіча.

1932 Юлія Андрусышына, маці беларускага сьпевака і журналіста Багдана Андрусышына (Данчыка).

Юлія Андрусышына. Фота зь яе кнігі «Забыцьцю не адданае»
Юлія Андрусышына. Фота зь яе кнігі «Забыцьцю не адданае»

1941 Іван Ласкоў, беларускі пісьменьнік, перакладнік, крытык.

1964 Сяргей Лабандзіеўскі, гукарэжысэр.

1976 Уладзімер Каткоўскі, беларускі блогер, вэб-рэдактар сайту Радыё Свабода, пачынальнік беларускай Вікіпэдыі.

1976Ірына Хадарэнка, паэтка і культуроляг.

У памяці

1857 Адольф Янушкевіч, паэт, пісьменьнік, падарожнік.

1993 Уільям Голдынг, ангельскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі 1983 году.

Уільям Голдынг
Уільям Голдынг

2019 Іраіда Царук, гісторык, мэмуарыстка, сястра Сяргея Прытыцкага.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG