Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сапраўдны Каткоўскі


Уладзя Каткоўскі
Уладзя Каткоўскі

Дзесяць гадоў таму, 25 траўня 2007-га, пасьля аўтамабільнай катастрофы і амаль году ў коме пайшоў з жыцьця блогер і інтэрнэт-актывіст, вэб-майстар Радыё Свабода Ўладзімер Каткоўскі.

Пра Ўладзю мы ўсе, яго калегі, як змаглі напісалі, сказалі, пагаравалі адразу пасьля яго трагічнай заўчаснай сьмерці, і потым паспрабавалі асэнсаваць гэты разрыў лёсу праз пяць гадоў — і сёньня, празь дзесяць год, я перачытаў гэтыя словы зноў.

Яны жывыя, яны жывуць, там нічога ня трэба мяняць. Новае хіба ў тым, што час ня лечыць. Па-ранейшаму нечакана падкатвае ком да горла.

Гэта першая прыкмета сапраўднасьці, адзіны паказьнік вартасьці, найлепшая адзнака памяці.

Таксама, з ласкавай згоды Ірыны і Леаніда Каткоўскіх, мы зьмяшчаем фрагмэнты Жывога Журналу іх сына — гэта, верагодна, першы ў Беларусі ўзор жанру сеткавай літаратуры.

Перачытайце.

Аляксандар Лукашук, Дырэктар Радыё Свабода

***

rydel23.livejournal.com (Уладзімер Каткоўскі)

2.4.6 Dead Men Tell No Passwords (Update — death of web-masters in Belarus) (2002-06-07 13:16)

«The man in charge of archiving and maintaining electronic copies of Norway’s most important historical documents is dead and so is access to those archives. So the director of the Norwegian cultural center is pleading for hackers to help him crack the center’s password-protected database.»

Source

Гэтае пытаньне з кожным рокам будзе ўсё болей актуальным. Impact сьмерці рэальнага чалавека на ягоны віртуальны цень. Які ён? Ці загінае віртуальная асоба, калі ўмірае рэальны чалавек у рэчаіснасьці? Што здараецца зь ягонай email карэспандэнцыяй? Зь ягонымі вэб-праектамі? З аплатай за гостынг і дамэны? З паролямі? Зь ягонымі прыватнымі файламі на кампутары?

У беларускім сеціве я сутыкнуўся зь сьмерцю вэб-майстраў ужо двойчы.

Першым памёр Яўген-Ян Дубовік aka Homan (Гоман). У адносна маладым узросьце. Здаецца, яму было каля 50 гадоў, калі рак канчаткова даканаў яго. Homan — амэрыканец беларускага паходжаньня. Ён трымаў хатнюю старонку пра свае беларускія карані і актыўна ўдзельнічаў у тагачасным папулярным дыскусійным лісьце belarus@solar.rtd.utk.edu.

14 сьнежня я атрымаў зь ягонага ўласнага email’у наступны ліст:

Our father and husband, Eugen-Jan «Gene» Dubovik, died at 10:30 pm EST on Thursday, January 13, 2000. He was an avid Internet user, but most importantly, an active supporter and member of the Belarusian community — both on and offine... ... The Dubovik Family

Пётра Касаты зрабіў старонку-мэмарыял у ягоны гонар — http://www.belarus-misc.org/homan.htm — а http://home.att.net/ Homan2/ так і вісіць неабнаўляны з 1999 году. Але.

Потым загінуў Анатоль Нявераў. Ён быў карэнным мінчуком і прарасейскім шавіністам, які таксама ўдзельнічаў на belarus@solar.rtd.utk.edu. Займаўся прыватным бізнэсам, «нявестамі на захад», перапродажам, дастаўкай па горадзе, etc, etc. Магчыма нешта нелегальнае таксама. Яго застрэлілі зь пісталета ва ўласнай кватэры (другі паверх над крамай «Спорт-турызм», трохі наверх ад гатэлю «Арбіта») на вачах жонкі і дзяцей. Ягоны апошні вэб-партал, дзе ён рэклямаваў свае паслугі — http://www.come-and- buy.com/ цяпер зачынены, бо напэўна ня быў аплачаны гостынг ці дамэн. Сярод усяго іншага сьмецьця (напрыклад, фоткі некалькіх сотняў нявестаў, якія хацелі пабрацца шлюбам з амэрыканцамі) была на сайце пекная віртульная выстава-распродаж Алены Адамчык — http://www.come-and-buy.com/adamchik/gal- lery.html. Цяперака ўсё гэта беззваротна зьнікла.

Memento mori. And in the cyber-age our death leaves our virtual shadow lurking on the Web.

2.6.34 Germany is now White Netherlands // Deutschalnd ist jetzt Weissniederlande (2002-08-13 23:13)

Англамоўныя складальнікі даведнікаў, пісьменьнікі, журналісты і вэбмайстры за 10 гадоў беларускай незалежнасьці збольшага навучыліся называць нашу краіну слушнай назвай Belarus і таксама ўжываць адпаведны прыметнік Belarusian альбо Belarusan.

Немцы ж з упартасьцю дэбілаў працягваюць называць нас Белай Расеяй, а нашу мову «белай расейскай». З гэтай нагоды прапаную называць Нямеччыну Белая Галяндыя (таксама магчымыя варыянты «Белая Галандыя», «Белыя Нідэрлянды» ці «Белыя Нідэрланды»). Адпаведна, нямецкую мову называем «белай галяндзкай» (альбо «белай галандзкай»).

Прыклады ўжываньня:

Белагаландзкі пісьменьнік Гётэ;
Беланідэрляндзкі палітык Гельмут Коль;
Белагаляндзкі чэмпіянат па футболе — Белаліга;
Швайцарскі дыялект белагаландзкай.

2.7.6 Frankfurt-am-Main. Ideal September Weather (2002-09-02 22:00)

Сяньня ў Франкфурце было дасканалае найпякнейшае надвор’е. Восеньская ідылія. 21 градус паводле Цэльсія. Сьвежы вецер. Блакітнае бяздоннае неба. Аніводнай хмаркі. Толькі дзясяткі беленькіх распушчаных стужачак — сьляды самалётаў. Паветра сухое і лёгкае і, падаецца, ня мае ніякай вагі. Колер неба такі блакітны, што здаецца несапраўдным, як быццам глядзіш на экран hi-fi плазма-тэлевізара. Неба ня мае дна. Пачынаеш думаць, што калі паглядзець уважліва, то можна ўбачыць Бога. І спытаць Яго, якую RGB/CMYK палітру ён выкарыстаў, каб намаляваць сяньняшняе неба.

Новы офіс у Кронбэргу (Kronberg) празрысты — усе сьцены са шкла. Звонку новы офіс выглядае як агромны крыштальны карабель, аплецены серабрыстым дротам лесьвіц. З аднаго боку на даляглядзе відаць Франкфурт (да даўнтаўну і хмарачосаў 12 кілямэтраў). З другога — гара Таўнус (Taunus). Прыгожая, цёмна-зялёная, вельмі правільнай формы, як маленькая Фудзіяма.

Люблю верасень.

Хачу, каб у дзень маёй сьмерці было такое ж надвор’е. Такое ж блакітнае бяздоннае неба.

2.8.11 Штурм 98-га: Storming the 98th (2002-10-07 22:29)

Калі ня ўлічваць першы тыдзень арыентацыі, то сяньня першы раз па прыезьдзе ў Белую Галяндыю я прачнуўся да сьвітанку. За вакном было цёмна — здавалася, я прачнуўся сярод ночы, каб папіць вады, і зараз вярнуся ва ўтульны ложак. Але ж замест цёплай коўдры мяне чакала халодная варэльня і ёгурт. Я ці не ўпершыню запамятаваў уключыць будзільнік, але, дзякуй Богу, Нада ўлучыла будзільнік у сваёй мабіле. Калі выходзілі на прыпынак U-Bahn, неба трошачкі пасьвятлела, але не блакітнымі, а цёмна-чырвонымі барвамі. У халодным восеньскім паветры адчувалася пагрозьлівасьць.

Ва U-Bahn’е было досыць шмат народу. Стоячы ў шчыльным атачэньні белагаляндцаў, я ўспомніў ліцэйскія і БДУшныя гады, калі штораніцу я чакаў на перапоўнены аўтобус: 98-ы экспрэс «Захад-3 — Аўтазавод». Экспрэс прыяжджаў на наш прыпынак «праспэкт Жукава» (скрыжаваньне Панамарэнкі, Пушкіна, Харкаўскай і ўласна Жукава) ужо напоўнены ці не на 200% вышэй за дазволеную колькасьць. Штурм 98-га — гэта было маё штодзённае выпрабаваньне, мая ранішняя гімнастыка і мой менскі Шао Лінь...

Раз ці два на тыдзень штурм скончваўся няўдала. Бывала дзьверы папросту не адчыняліся, і 98-ы як бы вінавата счакаўшы на прыпынку 10-15 сэкунд, ехаў далей. А бывала я так і не пасьпяваў ушчыльніць людзкую масу ўнутры аўтобуса, каб вызваліць для сябе дастаткова мейсца, і пасьля доўгіх папераджальных званкоў і брахні кіроўцы ў дынаміку здаваўся сам. Прызнаваў паразу і пачынаў пакутліва ўспамінаць, якую лекцыю я меўся наведаць. Я страшна зайздросьціў свайму сябру Зьмітру Цыбульскаму, які жыў акурат на Захадзе-3 і часта езьдзіў седзячы.

Але звычайна штурм удаваўся, і на 10 хвілінаў я станавіўся поўнавартасным селядцом у акварыюме нумар 98. Іншыя селядцы шчыльна прыціскалі мяне да дзьвярэй і шыбы. Часам мяне прыпячатвалі тварам да халоднага шкла з надпісам «не прислоняться». Радасьць перамогі вельмі хутка праходзіла, і пачыналася нуднае чаканьне: па маіх падліках кожная хвіліна транспартыроўкі 98-ым экспрэсам адпавядае 20-25 хвілінам у нармальным чалавечым вымярэньні. Калі я вучыўся ў ліцэі, то выходзіў на Маякоўскага, яшчэ адзін прыпынак ад Пляцу Незалежнасьці, яшчэ пару хвілінаў у акварыюме.

Гэта ўсё ўспомнілася сяньня, калі ехаў да вакзалу. Белагаляндцы ў большасьці выпадкаў езьдзяць на ўласных аўто альбо лятаюць на самалётах. У мясцовых лякальных цягніках пераважаюць турэцкія, арабскія і ўсходнеэўрапейскія твары. Бывае, калі паглядзіш на нейкага чорнага жабрака, зьяўляецца зьнянацку думка: «А якога хера ўсе гэтыя замежнікі робяць тут?» Але адразу адкідваю гэтае дурное пытаньне. Па-першае, я — адзін зь іх. Так што нашмат важнейшае пытаньне такое: «Якога хера я раблю тут?» А сяньня ў мяне зьявілася новая ідэя — выцягнуць усіх пасажыраў цягніка навонкі і спытаць: «А што, бл*дзь, твой дзед, твой прадзед і іхныя браты рабілі ў пэрыяд 1941-45???» Дык, напэўна ж, дзед таго араба жыў сабе ў Савудаўскай Арабіі, у турка — у Турэччыне. А вось дзе былі дзяды ўсіх гэтых гладкапаголеных, выкшталцоных бюргераў, апранутых у бізнэс-строі з краваткамі за 200 эўра??? Дык з кім бы я сапраўды хацеў ехаць у адным U- Bahn’e?

Цікава, што пішу я гэта ў цягніку, па дарозе ў Дзюсэльдорф, а побач нас едуць два брытанцы сталага веку, з выгляду прафэсары. Чыгунка пралягае уздоўж ракі, дакладней дзьвюх рэк. Ад Майнцу і да Кобленцу мы едзем уздоўж Майну, а пасьля ўздоўж Рэйну, потым праяжджаем Бон і Кёльн, і ўрэшце пасьля дзьвюх з паловай гадзінаў мы будзем у Дзюсэльдорфе. За вокнамі карцінка амаль не зьмяняецца: шырокая спакойная рака, баржы, прыгожыя высокія ўзгоркі абапал.

З дакладнасьцю ківача, кожныя пяць-дзесяць кілямэтраў мы мінаем невялічкае мястэчка і замак на гары. Старажытныя замкі ў восеньскіх зялёна-жоўта-чырвоных барвах пагоркаў выглядалі казачна, амаль нерэальна. «Лепш, чым у Photoshop’e!» — сказала Нада. Я прыціснуўся да шкла, спрабаваў разгледзець кожную дэталь, як зачараваны глядзеў на гэтыя сярэднявечныя фартэцыі, якія раней бачыў толькі на фатаздымках. Пасьля трох-чатырох замкаў першая хваля энтузіязму зьнікла, але зачараванасьць і адчуваньне казачнай псэўдарэальнасьці ўсё яшчэ лунала ў паветры. Пагоркі, фартэцыі, баржы, восень...

ЗЫ. Дапісваю. Зараз вяртаемся дахаты. Батарэя памірае — пішу пакуль жывая. Інтэрвію, здаецца, праваліў. Чаго толькі варта тое, што на пытаньне: «What’s the difference between POP3 and IMAP4 protocols?» я пачаў мычаць нешта незразумелае, а потым сказаў, што ня памятаю. Але прынамсі пабачылі старое места і паелі досыць добра ў El Lazo — аўтэнтычнай гішпанскай рэстарацыі ў старым месьце, што побач зь яшчэ дзьвюма гішпанскімі лякалямі Santiago i El Rancho. Нада замовіла бараніну ў грыбным соўсе. Я ўзяў рыбны спэцыялітэт — з трыма відамі рыбы, зь якіх ідэнтыфікаваў толькі ласося. Проста цудоўна, на дваіх каштавала 30 эўра. Наагул, вандроўка ў Дзюсэльдорф чарговы раз... сапсавала настрой, у тым сэнсе, што я яшчэ раз пераканаўся: няма ў Заходняй Эўропе места, горшага за Франкфурт. Праўда, representative sample пакуль вельмі малы — за гэтых паўгода я мала дзе пабываў: толькі ў Люксэмбургу, Страсбуры, Бэрліне, і зараз вось у Дзюсэльдорфе. Але пакуль Франкфурт прайграе зь лікам 0:4.

2.10.14 The Cape of Good Hope, my beautiful dream (2002-12-08 23:50)

Я ніколі ня быў на мысе Добрай Надзеі. Але гэтая назва выклікае ў маёй душы самыя прыемныя, папросту чароўныя асацыяцыі, аж мурашкі па скуры. Я ўспамінаю, як я чытаў таўсьценных «Дзяцей капітана Гранта» і штоночы марыў пра сусьветныя круізы і экзатычныя краіны! Патагонія, Афрыка, Аўстралія... Калі я ўяўляю гэты мыс, я ізноў адчуваю сябе дзіцём. Я бачу сябе ў менскай кватэры, з агромнай мапай сьвету на падлозе. І ў галаве малююцца краявіды, якія ня здольны запісаць на відэа нават самы лепшы апэратар National Geographic.

Мае вандроўкі па сьвеце зьдзіўляюць мяне самога. Гэта пачалося у жніўні 1993 году, калі я першы раз у жыцьці пераляцеў Атлянтыку. Я думаю, што калі мне лёс наканаваў пабачыць the Cape of Good Hope, то гэтае спатканьне з мысам адаб’ецца ў маёй душы так сама глыбока, як і першы візыт у Нью-Ёрк ці паром у Істанбуле цераз Басфор, з Эўропы ў Азію.

Зараз чатыры гадзіны ночы (або раніцы?), не магу спаць, дачытваю Cryptonomicon by Neal Stephenson. І менавіта там на 843 старонцы спаткаў гэтую назву — Мыс Добрай Надзеі. Спыніўся, аж дых перахапіла. Заплюшчыў вочы, і зноў на хвілінку стаў маленькім дзіцём у неабсяжных абшарах зорнага неба, лунаючы сярод зорак над начным акіянам недзе каля берагоў Паўдзённай Афрыкі.

А акіян — ціхі, бяз хваляў, нібыта начная Нарач ў жніўні.

***

...Другая гадзіна ночы ў пятніцу напрыканцы доўгага тыдня. Я ўспамінаў пра сваё захапленьне фізыкай і паспрабаваў апісаць, як я цудоўна адчуваў сябе часам, калі чытаў і да мяне прыходзіла разуменьне ґлябальных фэномэнаў супэрневерагоднага маштабу — Чорныя дзіры, Супэрновы, эфэкты тэорыі адноснасьці пры хуткасьцях, блізкіх да хуткасьці сьвятла. Разуменьне маштабу дзеяў выклікала ў мяне наймацнейшыя эмоцыі. На долю сэкунды я адчуваў сябе маленькай мурашкай у бясконцай прасторы Сусьвету. Гэта было неверагоднае адчуваньне, пра якое я амаль зусім запамятаў. І вось сёньня ўвечары, чытаючы артыкул пра тое, як 250 мільёнаў таму велізарны мэтэор амаль зьнішчыў усе формы жыцьця на нашай плянэце, я раптам адчуў гэтую хвалю эмоцый. Я раптам убачыў вялікую лінію часу, даўжынёй 250 мільёнаў гадоў, на якой маё жыцьцё і ўсе стагодзьдзі чалавечай расы — ня больш, чым маленькая доля сэкунды.

3.10.5 DREAM: Snooze Button — Playing Chess with God (2003-10-07 11:30)

Сяньня з раніцы хмарна і цёмна, ідзе халодны восеньскі дождж. Доўга ня мог прачнуцца. Кожныя дзесяць хвілін спраўна націскаў на кнопку snooze, і сьвядомасьць адключалася яшчэ на 10 хв. І так цягам гадзіны... У гэтай паўдрымоце прымроілася нешта пра бліц-шахматы. Ведаеце, гэтыя 5-хвілінкі з адмысловым шахматным гадзіньнікам: два цыфэрбляты і дзьве кнопкі для пераходу ходу. Шахматысты хутка ціснуць на кнопкі, зрабіўшы наступны ход. Мне сьнілася, што мой будзільнік — гэта шахматны гадзіньнік. Я націскаю на snooze, і ход пераходзіць Богу. Я сплю, чакаю на Ягоны ход... Вось ізноў запілікаў будзільнік — Бог зрабіў ход і націснуў кнопку на сваім гадзіньніку ў нябёсах. Зараз я хутка зраблю свой ход і націсну на клявіш. Думай, Божа. Du bist dran.

4.2.2 Book shopping in Minsk, Mirnyi && Davis Cup (2004-02-02 23:36)

Першы дзень у Менску. Кнігарні. Больш як 25 тысяч зайцаў у букіністычным аддзеле кнігарні каля рэзыдэнцыі прэзыдэнта былі пасьпяхова абмененыя на кнігі:

1) Ф. Скарына «Прадмовы і пасьляслоўі». Мінск 1969. Подпіс на вокладцы чырвоным атрамантам прыгожым почыркам: «Дарагой нашай настаўніцы Марыі Андрэеўне Жыдовіч на добрую памяць ад яе выхаванцаў. 4.04.69.» І два подпісы: адзін чырвоным атрамантам і адзін зялёным. Чырвоны даволі чытабэльны: «АлеКоршуно(в)»

2) «Матэрыялы для слоўніка мінска-маладзечанскіх гаворак» пад рэдакцыяй доктара філалагічных навук прафесара М. А. Жыдовіч, Мінск 1974. (Вось такое цікавае супадзеньне — дарчы надпіс і яе кніга. Цалкам выпадкова!)

3) «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. Мінск, 1966. Тыраж 15 000 экз. Цана 53 кап.

4) Юрый Лабынцаў «Скарынаўскі каляндар». Мінск 1990. Тое, што ў (1) напісана «гражданкай», тут факсымільна перадрукавана з скарынаўскіх арыґіналаў. Мама ўзяла абедзьве кнігі і чытае ўслых. Класна!

5) «Руска-беларускі слоўнік матэматычных, фізічных і тэхнічных тэрмінаў» М. М. Касцюковіч, У. В. Лушцік, В. К. Шчэрбін. Мінск, 1995. Каля 18 500 тэрмінаў. Слова «треугольник» там чамусьці няма.

6) С. М. Грабчыкаў «Слоўнік паронімаў беларускай мовы». Мінск 1994. Вельмі карысная кніга. Напэўна яе першай і пачытаю.

7) Станіслаў Суднік, Сяржук Чыслаў «Расейска — беларускі вайсковы слоўнік». Менск, 1997.

Пакуль я выбіраў кнігі, нейкі дзядзька ў акулярах спытаўся ў прадаўніцы, ці няма кнігі Ермаловіча «​Старажытная Беларусь: Полацкi i новагародскi перыяды». Яна сказала, што ёсьць, і адшукала яе на паліцах. Потым дадала: «Яшчэ часам бывае „Па сьлядам аднаго міфа“». Я паправіў яе: «Па сьлядаХ». Прадаўніца: «А я як сказала?» Я, зь ветлівай усьмешкай: «Па сьлядаМ». Увогуле вельмі прыемна, што паўсюль гавару па-беларуску і паўсюль разумеюць. У McDonald’s дзяўчына ўжо ведала і слова «кава», і слова «гарбата». Нават не перапытвала.

Ратуша. Упершыню ўбачыў Ратушу. Абышоў навокал. Пару тысяч ахвяраваў у касьцёл насупраць і купіў каляндарыкі з фатаґрафіямі беларускіх касьцёлаў. А яшчэ 12 тысяч у «Сьветачы» на Машэрава абмяняў на папяровую прадукцыю:

1) Андрэй Хадановіч «Старыя Вершы». 2003

2) Альгерд Бахарэвіч «Натуральная афарбоўка». 2003. Пачаў чытаць яшчэ ў маршрутцы. Пакуль не расчараваны. А калі чытаў яе ў мэтро, стоячы, жанчына, якая сядзела побач, усю дарогу разглядала цёмна-фіялетавую вокладку. Ну чаму ў такіх кніжак наклад усяго 200 асобнікаў. Чаму?

3) Васіль Жуковіч «У храме хараства і смутку». Ведаеце чаму купіў? Зь нейкага пачуцьця жалю ці жаданьня падтрымаць. Пакуль я паўгадзіны гартаў вялізны і дарагі 1000-бачынны фаліянт беларускай паэзіі «Краса і сіла» (не чытаў, разглядаў фатаграфіі ўсіх нашых паэтаў ад Багдановіча і Цёткі да Хадановіча і Вішнёва), да суседняй палічкі падышоў стары чалавек і пачаў скардзіцца прадаўніцы, што кніжку ягоных вершаў ізноў прыкрылі нейкімі іншымі. Ён вынуў з-пад нізу свае вершы і паклаў на больш віднае мейсца, хуценька сышоў. Касірша незадаволена пракамэнтавала: «ходзяць тут пісацелі». Я спытаў яе, як завуць старога. «Жуковіч». Тады я падышоў да той палічкі і ўзяў ягоную кнігу. Адзін зь белых вершаў называецца «На канцэрце Данчыка». А яшчэ ё верш «Паўднёвы вецер 26 красавіка 1986 году».

На другім паверсе кнігарні я спытаўся ў спартовай сэкцыі, ці няма ў іх кнігі «Мирный теннис». Дзьве кабеты-прадавачкі сказалі, што ў іх толькі адна кніга пра тэніс, нейкай аўтаркі Марозавай. Потым адна зь іх, старэйшая, кажа: «Дык гэта наш Макс Мірны? Ён ужо кнігу напісаў?» Я адказваю: «Яны, наколькі ведаю, разам з татам напісалі, тата — ягоны трэнэр».

Пасьля «Сьветачы» зьезьдзіў у крытую футбольную арэну купіў квіткі на матч Кубку Дэвіса. Купіў на 7-ае сыботу, парную гульню. Я ўзяў апошні квіток за 20 000 рублёў. Засталіся толькі па 40 000 руб.

***

Вацлаў Гавэл перадаў сваю ўзнагароду ад фонду Эленбоген рэдактару «Нашай Нівы», Андрэю Дынько. Апрача Гавэла на цырымоніі прысутнічалі Мадлен Олбрайт і былы прэзыдэнт ПАР Дэ Клерк! Ну што сказаць? Вельмі шкада, што я ня змог далучыцца да калег і прысутнічаць у залі Чэскага Нацбанку на гэтай імпрэзе.

Калі ўжо пасьля цырымоніі Дынько сядзеў у нас у офісе, у суседнім пакоі, я падышоў да яго і паціснуў руку:

Я: «Віншую з атрыманьнем такой вялікай узнагароды!»
Дынько: «Дзякуй. Ммм... Спадар Каткоўскі?»
Я: «Так. Гэта я. А як вы...»
А. З. (усьміхаючыся): «Гэта не Каткоўскі, гэта Rydel».
Дынько: «Rydel? Шчыра кажучы, я зусім па-іншаму ўяўляў».

Я так і не даведаўся, як спадар Дынько ўяўляў сабе rydel’а, бо ў мяне зазваніла мабілка. А праз хвіліну яны ўжо ўцяклі з А. З. сьвяткаваць атрыманьне прыза ў больш вузкім коле.

***

Сябры зь Менску прывезьлі сьвежую беларускамоўную прэсу, новыя часопісы і кнігі. Мне трохі абрыдла чытаць гэта ўсё з экрана компа. Як прыемна гартаць сапраўдныя папяровыя кнігі зь беларускімі літарамі.

Дык, значыцца, я атрымаў у якасьці гуманітарнай дапамогі:

♦ Газэту Nasza Niva: N34 (19.09.2003), N35 (26.09.2003), N36 (03.10.2003), N37 (10.10.2003)
♦ Часапіс ARCHE 04/2003 Чэскі нумар (так, чэскі!)
♦ Часапіс Дзеяслоў 4
♦ Часапіс Маладосьць 6 2003
♦ Газэту «Новы Час» 15
♦ Часапіс Horizons
♦ Часапіс Студэнцкая Думка 3’2003, 6’2003, 7-8’2003 (здвоены).
♦ Кнігу Ўладзімера Арлоя «Ордэн белай мышы»
♦ Кнігу Ўладзімера Някляева «Лабух»
♦ Кнігу В. Іпатавай «Альгердава дзіда»
♦ CD Крамбамбуля 1,5 «Каралі раёну»
♦ CD Ulis Lusterka (!)
♦ Яшчэ штук 6 CD, да якіх я яшчэ не дабраўся

Ужо сёе-тое пагартаў і пачытаў.

У нумары 35 «Нашай Нівы» вялікае інтэрвію Сашы Батуры як выкладчыка Trinity College (так, гэта той, дзе вучыўся Джэймс Джойс!). Афігець. Малойца, Саша. З будапэшцкіх часоў ты проста ўзьняўся на абсалютна іншы ўзровень.

Як мяне ўжо папярэдзіў LJ User jurkaviec, у нумары 37 «Нашай Нівы» перадрукавалі, не спытаўшыся дазволу, маю рэпліку з форуму Палічкі, з галінкі - Апошні нумар «Нашай Нівы»: гэта канец «першай беларускай газэты»?:

rydel.net 12 Вер 2003 15:10

О, гэта цікавая тэма. Як шмат хто кажа, САПРАЎДНАЯ НН памёрла. Пытаньне толькі ў тым, калі. Усе называюць розныя даты — 1994, 1996, 1997. Але факт, што НН «ісьціннай» няма ўжо даўно. Гэта зусім іншая газэта, якая мае тую самую назву, што і ГАЗЭТА НАША НІВА.

Можна было-б спытаць. Несалідна, спадар Дынько. Калі-б спыталі адмыслова для газэты, я мог-бы адказаць больш разгорнута, знайшоў-бы час. А так форумная рэпліка зафіксаваная трохтысячным накладам на паперы. Гэта нэтыкет па-беларуску?

У ARCHE Макс (Ян Максімюк) напісаў афігеньнейшую штуку пра Прагу і пра Чэхію. Дзякуй!

«Студэнцкая дуПка» напісала пра PHREAKING. Ха!

Пагартаў Някляева. «Ціхі ужас».

4.11.3 Kurapaty && Dziady (2004-11-03 23:59)

Дзяды! Учора і сёньня нашрайбаў тры артыкулы пра Курапаты ў Вікіпэдыю (па-беларуску, па- ангельску і па-белагаляндзку). Я напісаў пра гэта менавіта на Дзяды, і гэта быў яўны штуршок з падсьвядомасьці. Вось жа чытаў пра Дзяды, пра валун на магіле Быкава, і ўзьнікла жаданьне ўнесьці сваю «лепту», адзначыць гэты дзень і ў віртуальных абшарах інтэрнэту. Між іншым, у тым часопісе 1989 году, адкуль я ўзяў ліст да беларусаў Джорджа Буша Айца, быў таксама скарочаны варыянта артыкулу З. П. «Курапаты — дарога сьмерці». Гэтымі днямі Курапаты наступалі на мяне з усіх бакоў, і я ня мог не напісаць нешта. Дарэчы, трэці (размыты) фатаздымак, які разьмешчаны ў артыкуле пра Быкава, зрабіла і даслала LJ User adelka. Дзякуй вялікі!

4.8.21 LINK: Wikipedia/Ruthenia (2004-08-21 14:58)

Проста некалькі думак пра англамоўную Вікіпэдыю. Найбольш цікава назіраць, як старонка Ruthenia (Русь) сталася сапраўдным мейсцам бітвы паміж расейскімі й украінскімі ўдзельнікамі. Расейскія нацыяналісты лічаць Русь «сваёй» тэрыторыяй і сваёй гістарычнай спадчынай, а сучасных расейцаў — пераемнікамі русінаў-рускіх.

Тым часам, украінцы й беларусы лічаць Русь выключна сваім тэрэнам. Вось жа на старонцы Ruthenia адныя пішуць — другія выдаляюць, тыя выдаляюць у адказ — а яны зноў пішуць. І ідзе бясконцая вайна. А вайне той 1000 гадоў. Раней вайна была крывавай (успомнім 13-гадовую вайну, калі 350 гадоў таму расейцы дарэшты зьнішчылі ўвесь наш край, нашу эўрапейскую цывілізацыю і забілі кожнага другога беларуса-ліцьвіна). Цяпер гэтая вайна віртуальная й геапалітычная. Але яна ня скончылася. Беларусі з Украінай «пашчасьціла» зьявіцца на лініі падзелу заходняй і ўсходняй цывілізацыі. Гэта вайна на лініі падзелу будзе ісьці й далей. Развал СССР і атрыманьне рэальнай незалежнасьці — гэта заўважны рух Украіны й Беларусі ў бок Заходняй цывілізацыі. Але гэта толькі дробная тактычная перамога на 1000-гадовай лініі фронту. Як будзе далей, напэўна, ніхто прадказаць ня можа. А ўкраінцы ды беларусы будуць надалей жыць на Вялікай мяжы, якая падзяляе дзьве вялікія тэктанічныя пліты. Са страхам чакаючы на наступны землятрус. Спрабуючы ўцячы, то на ўсходнюю, то на заходнюю пліту.

5.1.9 LINK: My Wikipedia News (2005-01-11 17:47)

У ангельскай Вікіпэдыі ў асноўным спрачаюся з расейскімі імпэрыялістамі, які ўстаўляюць усякія «праўкі», а ў беларускай Вікіпэдыі праца ўсё-ж больш эфэктыўная і плённая. Вось некаторыя артыкулы, якія я напісаў ці рэдагаваў апошнія тыдні: Вугоршчына, Трасянка, Юлія Цімашэнка, Землятрус ля Суматры 2004, Віктар Юшчанка, Гара Дзяржынская, Мялецій Сматрыцкі, Greencard, Злучаныя Штаты Амэрыкі, Цунамі, Грэцыя, Эўтаназія, Землятрус, Аповесьць пра Скандэрбэга, Старабеларуская мова, Лацінская мова, Канстанцін Шышэя.

5.6.21 Belarus — Albania. Travel Notes 2001 (2005-06-19 16:30)

1. Менск — Рым — Тырана

Рым. 20 ліпеня 2001. Здаецца, вось жа толькі вярнуўся дадому з Будапэшту, а насамрэч ужо мінула тры тыдні, і я зноў у дарозе. Сяджу ў рымскім аэрапорце Fiumicino, чакаю рэйсу ў Альбанію. Ужо выпіў іхнага італьянскага cappuccino і macchiato (ня ўразіўся). Дзьве з паловай гадзіны ўжо адцікалі, застаецца яшчэ тры. З усіх аэрапортаў, дзе я быў вымушаны чакаць (асабліва доўга чакаў некалькі разоў у Франкфурце і ў нью-ёркскім JFK), Fiumicino падаецца мне найбольш прыемным і ўтульным. Доўга ня мог зразумець, чаму ў мяне зьявілася гэткае ўражаньне, і раптам уцяміў: абсалютна ўся плошча чакальных заляў, калідораў, холаў і крамаў пакрыта кілімам. Напэўна, некалькі гектараў кілімнага пакрыцьця. Дзякуючы гэтаму ствараецца амаль хатняя атмасфэра. Кілім таксама паглынае і прыглушае шум натоўпу, а тоўстае шкло тэрміналу амаль цалкам блякуе грукат самалётных рухавікоў звонку.

Раніцай скончыў чытаць другую частку «Гіда па галяктыцы для аўтастопнікаў» (Hitchhiker’s Guide to The Galaxy). Выдатна. Трэба будзе купіць трэцюю частку. Чакаючы самалёта ў Рым, пачаў чытаць «Кнігу сьмеху й забыцьця» (The book of laughter and forgetting) Мілана Кундэры. Вельмі пашкадаваў, што ўвесь час яе адкладваў, і толькі зараз зьявіўся час яе прачытаць. Сумная і ў той-жа час натхняльная кніга.

Рэйс на Рым Ту-154м «Белавія» быў амаль поўны. Я ня ўбачыў аніводнага вольнага мейсца, апрача некалькіх у «бізнэс-клясе» (калі такі тэрмін можна ўжыць у дачыненьні да старых сядзеньняў Ту-154м, як у старым турыстычным «Ікарусе» 1970-х). Ехала вялізная група глуханямых, нейкія спартоўцы ў зялёна- чырвоных «анцугах» з надпісам BELARUS на сьпінах і... даволі шмат прыгожых маладзенькіх дзяўчатак. На конкурс прыгажосьці? Ці наіўныя ахвяры на продаж у бардэлі?

Сядзеў у аэрапорце, думаючы пра гэта, як зьнянацку ў мяне здарыўся кароткі, але надта моцны прыступ панікі — дзеля цікавасьці я разгарнуў кніжачку з раскладам палётаў (апошнюю вэрсію з раскладам ад 1 чэрвеня да 15 жніўня) і ўбачыў, што мой рэйс на Тырану ўжо адляцеў... раніцай. Тут я ўзгадаў зьбянтэжаны тон Ёнады, калі яна па тэлефоне казала, маўляў, увечары з Рыму ў Тырану палётаў няма. Я стрымгалоў пабег да інфармацыі, дзе мяне хутка супакоілі — расклад быў зьменены літаральна некалькі дзён таму, і новыя брашуркі з раскладам яшчэ не надрукавалі. У супрацоўнікаў лётнішча добрая ангельская мова, але сьмешны італьянскі акцэнт, асабліва галосныя. Італьянцы, здаецца, ня могуць правільна вымавіць слова, калі яно сканчаецца на зычны, абавязкова дадаюць галосны на канцы.

Яшчэ гадзіна, але чаканьне ня надта нудотнае, я зьезьдзіў у другі тэрмінал. Ён злучаны з галоўным будынкам лётнішча караценькай «мэтро-лініяй» з двума вагончыкамі. Цалкам аўтаматызаваны цягнік на вялікай хуткасьці нясе мяне зь першага тэрміналу. У другім тэрмінале я адшукаў цікавую краму з файнай назвай «TAKE OFF MULTITRONICS». Апрача стандартнага набору ўсялякай электронікі (мабілкі, фотаапараты, відэакамэры, надалоньнікі палм-пілёты, мп-3 плэеры, сідзюкі, DVD) яны таксама гандлююць забаўнымі прыстасовамі для падарожніка. Вось толькі некалькі назваў з асартымэнту: sleeping mask, ear plugs, sleeping mask with unfolding pillow, electric pore cleanser, plug that fits all holes, converter that converts to any voltage, mini fan (памерам з тоўсты аловак), cute luggage belts with locks, FM radio (памер з карабок ад запалак), even smaller alarm with a snooze button. Нават не наважваюся перакласьці назвы гэтых дывайсаў на беларускую.

2. Дэпартацыя з Італіі

Вылет затрымаўся. Падчас пасадкі наш аўтобус чамусьці затрымалі хвілінаў на 10-15, хаця, падавалася, усе пасажыры ўжо даўно былі на мейсцы (я наўмысна пайшоў апошнім, каб менш стаяць унутры аўтобуса). Людзі раз-пораз кідалі нэрвовыя позіркі на гадзіньнік. Раптам з калідору да аўтобуса выйшлі ўзброеныя карабінэры. Яны былі ўшасьцёх і ішлі колам, а ў іхным атачэньні — таксама ушасьцярых — альбанцы (пяцёра маладых хлопцаў і адна дзяўчынка). Нягледзячы на ўзброеную ахову, яны сьмяяліся і, здавалася, былі ў добрым гуморы. Апранахі былі рваныя і брудныя, хаця фірмовыя і стыльныя, у кішэнях — новыя мабільнікі. У трох хлопцаў былі выбітыя зубы. Адзін зь іх сказаў па-альбанску: «Вось, блін, папсую мамцы настрой — яна мяне так рана назад не чакала!» Астатнія засьмяяліся. Пасажыры не зьвярталі на іх амаль ніякай увагі, але для мяне гэта было надзвычай цікава. Упершыню на ўласныя вочы я пабачыў тое, пра што чуў ужо шматкроць ад усіх знаёмых — дэпартацыя нелегальных альбанскіх эмігрантаў з Італіі. Мяне аднак дагэтуль цікавіць пытаньне: ці зубы ім павыбівалі карабінэры?

Напэўна, мы прапусьцілі сваю чаргу на ўзьлёт, ці можа папросту лётнішча было занадта загружанае, але да ўзьлёту яшчэ прыйшлося даволі доўга чакаць. Стары Ту-134 Albanian Airlines павольна адкаціўся ад тэрміналу й стаў у чаргу: тузін самалётаў сьпераду, яшчэ некалькі адразу прыстроіліся ззаду. Узьлятае чарговы самалёт, мы павольна прасоўваемся наперад мэтраў на 100. Потым яшчэ раз. 100 мэтраў наперад. Loop for-next. І так амаль паўгадзіны. It’s a fucking traffic jam, I think to myself. Нагадвае цэнтральныя вуліцы Будапэшту ў гадзіну пік.

3. Колер Адрыятыкі

Мяркуючы па мапах, палёт з Рыму ў Тырану мусіць пралягаць па-над морам, але мора я ўбачыў толькі двойчы: у першыя дзесяць хвілінаў па ўзьлёце і ў самым канцы, хвілінаў за пяць да прызямленьня. Напэўна мы ў самым пачатку «па нармалі» перасяклі Адрыятыку і ўвесь час ляцелі па другім «беразе» (альбо vice versa, увесь час ляцелі на поўдзень уздоўж Італіі і перасеклі мора ў самым канцы).

Краявід з вакенца-ілюмінатара быў папросту фантастычны.

Уражвае магутная прыгажосьць Міжзенамор’я, адлюстраваная ў вачах сучаснага беларуса-ліцьвіна, што зьяўляецца грамадзянінам дзяржавы бяз выхаду да мора. Рым хутка застаецца ззаду, і мы над морам. Мяне болей за ўсё ўражвае ягоны колер: яно брудна зялёнае, з бурымі і рудымі барвамі ў блакітна-зялёнай палітры. На гэтым тле я бачу маленькія віхуры — зьмеі хваляў, і дробненькія кропачкі — вадаплавы і яхты. На колькі хвілінаў я прыліпаю тварам да ілюмінатара (на шкле застаецца вільготны адбітак). Раптам мора скончваецца, і без усякага перапынку пачынаюцца горы — дзе-нідзе пакрытыя цёмна-зялёнымі плямамі, а часьцей голыя шэрыя скалы. Канал «Discovery» ў Альбаніі мае вялізны патэнцыял. Аголеныя скалы зачароўваюць і прыцягваюць позірк нават больш, чым мора. Тым часам ззаду, па-над Адрыятыкай, павольна закочваецца ў ваду пачырванелы дыск сонца. Мы набліжаемся да Тыраны, і за горным рэльефам паступова зьнікае спакойная вечаровая паверхня жнівеньскага мора. Але канчаткова яно хаваецца за гарамі, толькі калі мы ўжо заходзім на пасадку, дзьве-тры хвіліны да прызямленьня.

У галаву ізноў прыходзіць думка, якая зьяўлялася ў мяне і ў папярэднія візыты: «усё, што ў Альбаніі створана чалавекам, знаходзіцца ў гаротным стане, а некранутая прырода Альбаніі — гэта зямны рай, які яшчэ ня ўбачыла і не зруйнавала наша цывілізацыя».

4. Прызямленьне ў Альбаніі

Самы цікавы момант — прызямленьне. Ня тэхніка пілётаў, а паводзіны пасажыраў. Тройчы я прылятаў у Альбанію, і кожнага разу з розных краінаў (з Баўгарыі, Вугоршчыны, Італіі). Па-за межамі сваёй краіны альбанцы трымаюцца так, як і астатнія. Калі чакаеш у аэрапорце па тры-чатыры гадзіны, міжволі пачынаеш сачыць за людзьмі, што чакаюць побач. Я адкладаў кнігу і пачынаў назіраць за людзьмі, слухаць іхныя размовы. Альбанцы — тыя самыя эўрапейцы — купляюць duty free, чытаюць сьвежыя газэты і глянцавыя часапісы, размаўляюць ціхім голасам пра бізнэс, гаспадарку і сямейныя справы. Можа, у Будапэшце альбанец выглядае трохі болей смуглявым і чорнавалосым, але паводзіць сябе як і ўсе іншыя навокал. А ў Баўгарыі ці Італіі ён наагул нічым не вылучаецца з агульнага натоўпу. Але як толькі самалёт кранаецца роднай альбанскай зямлі, гэны альбанец рэзка зрывае з твару маску цывілізаванага эўрапейчыка. Стуардэса марна папярэджвае, што нельга расшпільваць пас бясьпекі, пакуль самалёт канчаткова ня спыніцца. Але ён ня слухае. Пас бясьпекі ўжо расшпілены. Ён адчыняе паліцу, хутка дастае рэчы. Ён прыляцеў у джунглі. А каб перамагчы паводле закону джунгляў, трэба быць першым. Любым коштам. Трэба прайсьці мытню, пакуль астатняя зграя чакае на багаж. Усе тыя, хто гутарылі міжсобку вельмі ціха і ветліва ў аэрапорце Рыму ці Будапэшту, раптам пачынаюць размаўляць, як быццам ім сарвалі плястыр з вуснаў і падключылі да аўдыёсыстэмы ў 250 дэцыбэлаў. Турэцкі базар пачынаецца яшчэ на борце самалёта. У гэтым шуме я ня чую ўласнага голасу. Але ж я нічога і не казаў. Бо казаць пакуль няма чаго. І мяне ніхто нічога не пытаецца. Толькі кіроўца аўтобуса. Ён спытаўся адкуль я, бо быў упэўнены, што я — не альбанец. Не апошні раз.

5. На цэнтральных вуліцах Тыраны

Вуліцы ў цэнтры Тыраны цяжка з чымсьці параўнаць. Звонку гэта нагадвае турэцкі базар у гадзіну пік. Здаецца, гэта суцэльны хаос. Але гэтае першае ўражаньне — памылковае. Гэны «хаос» насамрэч арганізаваная сыстэма, і яна працуе паводле нутраных правілаў, якія замежны турыста ня можа заўважыць адразу.

Пакуль я азіраюся навокал, я разумею, што мой глузд ужо атрымаў information overflow, перадазіроўку ўражаньняў. У галаве поўная блытаніца. Натоўпы дзіўна апранутых людзей як мурашкі сноўдаюць па вуліцах пад бязьлітаснымі промнямі міжземнаморскага сонца. Сяньня трыццаць дзевяць градусаў у ценю, і мая кашуля ўжо мокрая.

Я назіраю за дарожным рухам. Кожны кіроўца лічыць за гонар не радзей як праз трыццаць сэкунд з усёй моцы націскаць на сыгнальны гудок. Шум цэнтральных вуліц дапаўняе какафонія гудзеньня, якую выконвае аркестар аўтамабільных «бібібак». Цяпер я ведаю, як адрозьніць альбанскага кіроўцу ад іншых. Ён рэгулярна націскае на гудок і заўсёды едзе першым незалежна ад правілаў дарожнага руху і сыгналаў сьветлафораў (якіх у Тыране зусім няшмат — некалькі дзясяткаў у цэнтры гораду).

Побач з навюткімі шыкоўнымі Mercedes’амі (іх вельмі многа, магчыма большасьць) можна ўбачыць малыя блакітныя электрамабілі на трох колах (выглядаюць, як самаробны прадукт тэхніка-энтузіяста); восьлікаў з таварам у мяхах; коней, якія цягнуць вялізныя павозкі; сялян і месьцічаў на старых роварах; падлеткаў на самаробных мапэдах ці крутых Honda’х; штучных бляндынак на новых «Jeep Cherokee». За ўсе гэтыя тыдні я ня ўбачыў аніводнай савецкай ці ўсходнеэўрапейскай машыны. Аніводнага разу мне не патрапілася «Лада», «Москвич», «Trabant» ці нават «Yugo», які вырабляўся ў суседняй краіне. Тут пануе «Mercedes». Натуральна, некаторыя «мэрсы» вельмі старыя і пабітыя, але альбанцы відавочна прызнаюць толькі гэтае нямецкае аўто.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG