На момант затрыманьня ў 2024 годзе Аляксандры Пуліновіч было 17 гадоў. У 2025 годзе яе асудзілі паводле артыкулу 341 (апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці), артыкулу 295 (незаконныя дзеяньні датычна агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў), ч. 1артыкулу 14 і ч. 3 артыкулу 289 Крымінальнага кодэксу Беларусі (замах на злачынства, не даведзенае да канца, акт тэрарызму). Яе затрымалі ў так званай справе «Чорныя салаўі». Свой тэрмін Аляксандра Пуліновіч адбывае ў ПК № 4 у Гомлі.
«(Эўрапарлямэнт) патрабуе неадкладнага і безумоўнага вызваленьня Аляксандры Пуліновіч і ўсіх палітычных зьняволеных, у тым ліку іх поўнай рэабілітацыі і аднаўленьня ў правах», — адзначаецца ў рэзалюцыі.
Адначасова дэпутаты выказалі нязьменную салідарнасьць зь беларускімі палітвязьнямі і іхнымі сем’ямі і заклікалі ўлады Беларусі «спыніць усе формы жорсткага абыходжаньня з палітычнымі зьняволенымі, у тым ліку ўтрыманьне пад вартай без права на перапіску, адмову ў мэдычнай дапамозе і доступе да адвакатаў і сям’і, прымусовую працу, а таксама расьсьледаваць сьмерці пад вартай і абвінавачваньні ў катаваньнях».
У рэзалюцыі заявілі аб недапушчальнасьці палітычна матываванага перасьледу беларусаў, асабліва пазбаўленьня волі непаўналетніх, як у справе Аляксандры Пуліновіч.
«(Эўрапарлямэнт) асуджае злоўжываньне заканадаўствам аб барацьбе з тэрарызмам і экстрэмізмам для крыміналізацыі антываенных выказваньняў, моладзевай нязгоды, салідарнасьці з Украінай і падаўленьня мірных пратэстаў, у тым ліку сурʼёзных абвінавачваньняў супраць маладых людзей з мэтай іх запалохваньня; заклікае да скасаваньня сьпісаў тэрарыстаў і экстрэмістаў і выкананьня ўладамі Беларусі Канвэнцыі ААН аб правах дзіцяці», — гаворыцца ў дакумэнце.
Дэпутаты Эўрапарлямэнту прызналі намаганьні ЗША па вызваленьні палітычных зьняволеных, аднак адзначылі, што гэтыя вызваленьні былі матываваныя заклапочанасьцю рэжыму эканамічным выжываньнем і не суправаджаюцца палітычнымі пераўтварэньнямі або рэформамі, якія маглі б апраўдаць нармалізацыю дачыненьняў.
«(Эўрапарлямэнт) настойвае на тым, што вызваленьне ўсіх палітычных зьняволеных і спыненьне рэпрэсій застаюцца папярэднімі ўмовамі для палітычнага дыялёгу і эканамічнага супрацоўніцтва; патрабуе спыніць гвалтоўную дэпартацыю вызваленых палітычных зьняволеных і рэпрэсіі ў дачыненьні да іх сваякоў», — адзначаецца ў рэзалюцыі.
Адначасова дэпутаты заклікалі Эўразьвяз, яго краіны і міжнародных партнэраў актывізаваць намаганьні, якія прывядуць да вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных, такія, як выклік паслоў рэжыму для пацьверджаньня стану і месцазнаходжаньня зьняволеных, маніторынг спраў палітычных зьняволеных, выдача гуманітарных віз, забесьпячэньне рэабілітацыі, практычнай і фінансавай падтрымкі.
Эўрапарлямэнт таксама заклікаў Эўрапейскую раду «пашырыць, узмацніць і строга выконваць мэтанакіраваныя санкцыі супраць усіх асоб і арганізацый, адказных за палітычна матываваныя перасьледы, рэпрэсіі і катаваньні», а эўрапейскія краіны падтрымліваць дакумэнтаваньне злачынстваў, учыненых рэжымам Лукашэнкі, у тым ліку на ўзроўні ААН, і паглыбляцца ў прыцягненьне да адказнасьці празь міжнародныя мэханізмы, у тым ліку зварот Літвы ў МКС, а таксама расьсьледаваньні і нацыянальныя працэдуры, заснаваныя на экстэрытарыяльнай і ўнівэрсальнай юрысдыкцыі.
Гэтую рэзалюцыю накіруюць ва ўсе органы Эўрапейскага зьвязу, Вярхоўнаму камісару ААН у правах чалавека і «дэ-факта ўладам Беларусі».
Чаму гэта важна
У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне адбыліся масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.
Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020-га, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026-га складае ня менш за 500 тысяч.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, за кратамі ў Беларусі знаходзяцца сама меней 869 палітычных зьняволеных. Кожны месяц такі статус атрымліваюць па 30–50 новых вязьняў.
Форум