«Мы, лідэры G7, адзіныя ў нашай непахіснай падтрымцы Ўкраіны ў абароне яе свабоды, сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці. Мы пацьвярджаем нашу салідарнасьць з украінскім насельніцтвам, якое цярпіць ад атак на яго крытычна важную інфраструктуру і культурную спадчыну. Мы высока ацэньваем стойкасьць Украіны і яе посьпехі на полі бою ў апошнія месяцы і падкрэсьліваем, што на ім цяпер зьявілася новая дынаміка», — адзначаецца ў апублікаванай 17 чэрвеня заяве кіраўнікоў ЗША, Вялікай Брытаніі, Францыі, Нямеччыны, Італіі, Японіі і Канады.
У заяве адзначаецца, што краіны G7 дамовіліся павялічыць пастаўку сродкаў супрацьпаветранай абароны, дадатковых сыстэмаў і перахопнікаў, а таксама сродкаў вялікай далёкасьці. «Мы таксама гатовыя разгледзець пытаньне аб наданьні Ўкраіне ліцэнзіяў, якія дазволяць павялічыць яе вайсковую вытворчасьць», — адзначаецца ў дакумэнце.
Лідэры «Групы сямёх» заявілі аб важнасьці энэргетычнай устойлівасьці з гледзішча патрэбаў і прыярытэтаў украінскіх уладаў. Яна паведамілі аб дамоўленасьці забясьпечыць працяг падтрымкі, каб краіна перажыла наступную зіму.
«Мы абавязваемся ўзмацніць ціск на расейскую ваенную эканоміку. У гэтым кантэксьце мы ўзмоцнім нашыя санкцыі, у тым ліку супраць нафтагазавага сэктару. Мы ўважаем, што зараз зручны момант для ўхваленьня дадатковых захадаў на фоне заключанага прэзыдэнтам Трампам пагадненьня аб адкрыцьці Армускай пратокі, якое мы падтрымліваем», — адзначаецца ў заяве.
У заяве Беларусь ня згадваецца.
Што папярэднічала
15 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы зь міністрам замежных справаў Расеі Сяргеем Лаўровым у Менску раіўся наконт замежнай палітыкі і ўзгодненага з Расеяй стаўленьня да рашэньняў G7.
Лукашэнка прызнаўся, што чакаў сустрэчы з Лаўровым, каб абмяняцца думкамі «аб усім спэктры міжнароднай абстаноўкі».
«Не таму, што мы глябальная краіна, як Расея ці Кітай, і будзем удзельнічаць у разьвязаньні нейкіх праблемаў, але, тым ня менш, хацелася б ведаць, у якім кірунку дзейнічаць і разгортваць нашу замежную палітыку. І вы, як чалавек дасьведчаны, мне параіць можаце сёе-тое», — сказаў Лукашэнка.
Калі Лаўроў заўважыў, што Лукашэнка яму лісьлівіць, той адказаў: «Не, што вы. У вас, зыходзячы з таго маштабу, які займае Расея ў міжнародным становічшы... Таму я чакаю больш такой канкрэтнай і шырокай інфармацыі, як у нас звычайна бывае, — мы ніколі не прыхоўвалі адзін ад аднаго нічога за доўгія гады нашай супрацы».
Лукашэнка прапанаваў Лаўрову абмеркаваць сытуацыю ў АДКБ, ЭАЭС, СНД і ШАС, а таксама згадаў саміт G7.
«Усе вялікія сабраліся. Таму нам, хочаш ня хочаш, трэба зьвяртаць на гэта ўвагу», — дадаў ён.
«Зараз апавядзем пра тое, якія ў нас ёсьць думкі. І я, вядома ж, буду гатовы выказаць нашыя ацэнкі апошніх падзеяў, у тым ліку ў сувязі з падрыхтоўкай да гэтай „сямёркі“ ў сувязі з ініцыятывай Брытаніі, Францыі, Нямеччыны — яны там ультыматум выставілі зь пяці пунктаў. Паслы прыходзілі, уручылі нам свае пажаданьні. Агулам ёсьць пра што пагаварыць і што наўпрост датычыць саюзнай дзяржавы», — сказаў расейскі міністар.
Чаму гэта важна
Пасьля 2020 году і падтрыманьня Беларусьсю расейскага поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну Беларусь усё больш інтэгруецца з Расеяй.
Улады Беларусі і Расеі дамовіліся ўзгадняць замежную палітыку, дзейнасьць сілавых структураў у пытаньнях супольнага крымінальнага вышуку грамадзян, стварылі адзіную абаронную прастору і ўхвалілі супольную вайсковую дактрыну.
Адначасова адбываецца ўніфікацыя падатковага і мытнага заканадаўства, макраэканамічнай палітыкі. Нядаўна бакі заявілі і аб уніфікацыі правасудзьдзя.
Заходнія краіны ўвялі шэраг санкцыяў супраць Беларусі за падтрымку яе кіраўніцтвам расейскай агрэсіі супраць Украіны.
Форум