Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Салігорск праз аварыю застаўся без вады. Што вядома

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Увечары 16 чэрвеня адзін з найбольшых гарадоў Менскай вобласьці застаўся без вады.

Як паведаміла мясцовае выданьне «Шахцёр», праз аварыю ўва ўсім амаль 100-тысячным горадзе няма вады.

«Вады няма ўвогуле, або толькі гарачая ці іржавая», — адзначылі ў Telegram-канале выданьня.

Пазьней у водаканале паведамілі, што «праз рэзкі разбор вады зьявілася патрэба падключэньня дадатковых помпаў».

На асобныя адрасы арганізавалі падвоз вады.

Што папярэднічала і чаму гэта важна

Апошнім часам у Беларусі ўсё часьцей здараюцца праблемы з забесьпячэньнем вадою, хоць тарыфы на камунальныя паслугі растуць.

З пачатку году адбылося некалькі вялікіх аварыяў ці надзвычайных сытуацыяў:

  • у студзені Клецак двойчы за два дні быў без вады: прарвала трубы, пракладзеныя ў 1974 годзе;
  • у Гомлі таксама ў студзені праз аварыю 90 прыватных дамоў былі без вады;
  • у красавіку ў Рагачове некалькі дзён з кранаў цякла вада з пахам хімічных рэчываў;
  • у Менску пэрыядычна ўзьнікаюць праблемы зь якасьцю вады.

У той жа час вядома, што больш за 500 000 жыхароў Беларусі ўвогуле ня маюць доступу да цэнтралізаванага забесьпячэньня вадой.

Паводле ўладаў, за апошнія пяць гадоў у Беларусі адкрылі каля 100 сьвідравінаў, пабудавалі больш за 1000 станцыяў абезжалезваньня вады і праклалі 250 км новых водаправодных сетак. Агулам для паляпшэньня якасьці вады ў краіне ажыцьцявілі больш за 1000 розных праектаў.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG