Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Рагачове некалькі дзён з кранаў цячэ вада з хімічным пахам

абноўлена
Каб даставіць ваду ў розныя раёны Рагачова выкарыстоўваюць сярод іншага малакавозы
Каб даставіць ваду ў розныя раёны Рагачова выкарыстоўваюць сярод іншага малакавозы

Паводле допісаў у сацсетках, вада з рэзкім пахам ацэтону ідзе ўжо трэція содні. Улады ж заявілі, што аналізы паказалі «нязначнае перавышэньне» паказьніка «пах».

У размове зь «Люстэркам» заснавальнік праекту «Рагачоў онлайн» Дзяніс Дашкевіч сказаў, што людзі з атручэньнем зьвяртаюцца ў шпіталі. А ў крамах не засталося вады — «раскупілі нават мінэральную». Сам Дашкевіч эміграваў зь Беларусі, але «застаецца ў курсе падзей», сьцьвярджае выданьне.

Пасьля таго, як выйшла публікацыя «Люстэрка», у тэлеграм-канале «Інфаполе Рагачова», спасылка на які месьціцца на старонцы райвыканкаму, апублікавалі допісы, якія супярэчаць заявам Дзяніса Дашкевіча. Галоўны лекар рагачоўскага шпіталя заявіў, што колькасьць зваротаў у шпіталь не павялічвалася, як не было і дадатковых зваротаў з скаргамі на пагаршэньне самаадчуваньня ад вады з-пад крану. Асобны допіс прысьвечаны фатадоказам наяўнасьці ў крамах вады ў бутэльках.

Раніцай жа 30 красавіка на сайце Рагачоўскага райвыканкаму зьявілася рэакцыя ўладаў пад загалоўкам «Тэрмінова!»

У ёй хімічны пах вады зьвязалі з фарбаваньнем на рагачоўскім водазаборы «канструктыўных элемэнтаў», якія пры гэтым «не кантактуюць з вадой».

Паводле ўладаў, аналізы паказалі «нязначнае перавышэньне» паказьніка «пах».

Яны запэўнілі, што на водазаборы спэцыфічны пах ужо нэўтралізавалі і цяпер вада на выхадзе з водазабору адпавядае гігіенічнаму нарматыву. Аднак трубы гарадзкога вадаводу працягваюць прамываць. Людзей папярэдзілі, што праз гэта з-пад кранаў можа ісьці мутная вада.

Таму жыхароў заклікалі ня піць вады з-пад крану і не гатаваць на ёй. І апублікавалі 12 адрасоў, дзе можна набраць ваду з цыстэрнаў у сваю тару. Як бачна на фота, для дастаўкі вады прыстасавалі ў тым ліку малакавозы.

Пазьней у тэлеграм-канале «Інфаполе Рагачова», спасылка на які месьціцца на старонцы райвыканкаму, жыхароў заклікалі «захоўваць спакой», калі цыстэрны няма на месцы. Там патлумачылі, што гэта значыць, што ўсю ваду разабралі і машына паехала набіраць новую.

Не панікаваць заклікалі і «простыя рагачоўцы». Згаданы тэлеграм-канал апублікаваў тры відэа, на якіх людзі дзякуюць уладам «за клопат пра здароўе», а жанчына побач зь юнаком у кепцы «БРСМ» бадзёра кажа, што «разам мы пераадолеем усе цяжкасьці».

У школы і шпіталі ваду таксама прывозяць цыстэрнамі. Заняткі не адмянялі.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG