Папярэджаньне: у тэксьце шмат мовы нянавісьці, абразаў і чырвона-зялёных сьцягоў. Большасьць допісаў «ботаў» — па-расейску, але ў публікацыі мы наколькі мага пераклалі іх на беларускую.
Ня ўсе камэнтары ў сацыяльных сетках пакідаюць рэальныя людзі або людзі, якія сапраўды думаюць так, як пішуць. Бывае, камэнтары з пэўным сэнсам людзі пішуць за грошы або іх увогуле ствараюць нэўрасеткі. Свабода паглядзела, якія камэнтары і допісы могуць пакідаць у сеціве «боты» і «тролі».
У сацыяльнай сетцы Threads, якая стала асабліва папулярнай сярод беларусаў апошнім часам, ёсьць магчымасьць паглядзець ня толькі допісы канкрэтнага акаўнту, але і ўсе ягоныя камэнтары ў адным месцы.
Гэта дазваляе пабачыць, што акаўнты «ботаў» могуць быць пустымі, ня мець асабовай інфармацыі, зьмяшчаць допісы, згенэраваныя штучным інтэлектам. Так, да прыкладу, выглядае акаўнт «Кісялёва Артура» з чырвона-зялёным сьцягам і расейскім трыкалёрам, надпісам «Одна история, один народ» і савецкім сьцягам на аватарцы. Або акаўнт пад нікам @russo_rent, дзе аўтар кажа пра сябе, што ён «рускі, які жыве ў Беларусі», пры гэтым выкарыстоўвае чырвона-зялёны сьцяг і называе тых, хто зьехаў зь Беларусі, «беглымі під*рамі».
Адзіны допіс на старонцы «Алены» складана зразумець, бо ён выглядае як набор фразаў, але ў ім гаворыцца, што «гэты канал дэструктыўны заказны, дзень і ноч працуюць над камэнтарамі». Ужытыя словы «еврохолуи», «змагарики» — пра тых, хто зьехаў з Украіны і Беларусі. На аватарцы ў «Алены» кветкі.
Як расказаў Свабодзе аўтар аднаго з папулярных беларускіх акаўнтаў у Threads, толькі за тры дні на яго падпісаліся каля 800 пустых профіляў, якія пакуль не праяўляюць актыўнасьці. Падпіскі адбываюцца пераважна ўначы, за кароткі час.
Якія тэзісы прапагандуюць такія акаўнты?
1. «У Беларусі ўсё добра». Краіны Эўразьвязу гáняць, выдумляюць няісныя кепскія ўмовы жыцьця там. Так, «Кісялёў Артур» кажа пра «сучасную, чыстую, сьветлую Беларусь», якую нібыта стварылі прыхільнікі Лукашэнкі, а @russo_rent піша, што «нармальныя адукаваныя людзі жывуць у РБ выдатна». Пры гэтым у Беларусі пануе аўтарытарны рэжым, толькі за апошнія пяць гадоў дзесяткі тысяч чалавек прайшлі праз турмы, а сотні тысяч зьехалі з краіны праз палітычны перасьлед.
2. «За лукашэнкаўскую Беларусь». «Боты» ганарацца сымбалямі рэжыму Лукашэнкі, адначасна абражаючы нацыянальныя сымбалі Беларусі — бел-чырвона-белы сьцяг, беларускую мову, беларускіх дзеячоў, гісторыю Беларусі. Падтрымліваюць напісаньне назвы краіны па-расейску «Белоруссия», абавязковае ў савецкія часы.
Так, @fredleborn сьмяецца зь межаў Рэчы Паспалітай, @kiselyov_artur_87 адказвае на допіс зь бел-чырвона-белым сьцягам карцінкай пра «здраднікаў Радзімы» з накіраваным на гледача пісталетам. Карыстальнік @nemolodoi2025 называе людзей, якія гавораць па-беларуску або па-ўкраінску, «хрюкомовными».
3. Абражаюць прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў, людзей, якія зьехалі зь Беларусі: «піз*аболы», «тупая», «літоўскія змагарята», «польскія чэрці», «чепушилы», «бомжи в польше и литве». Цешацца зь іхных памылак, як у выпадку паліталягіні Аліны Харысавай, якая перапісвалася з КДБ.
Называюць нецэнзурнымі прыніжальнымі мянушкамі самі эўрапейскія краіны: «проеб*лтика», «петуполь*а», «усраина».
Дазваляюць сабе груба перакрыўляць імёны, прозьвішчы, лёзунгі. Замест Ціханоўская — «чухановская», замест «Жыве Беларусь!» — «жуе белы гусь», замест «Верым, Можам, Пераможам!» — «ВегымМожам Пегаможам». Сьвятлану Ціханоўскую называюць «светка», скажаюць яе словы і высьмейваюць асаблівасьці маўленьня.
4. Нападаюць на Сьвятлану Ціханоўскую падчас ейных міжнародных паездак, сустрэчаў з эўрапейскімі лідэрамі. Абураюцца санкцыямі, накладзенымі на Беларусь.
5. Абяляюць Расею ў вайне ва Ўкраіне, якую яна пачала. Намякаюць на віну саміх украінцаў у вайне або кажуць пра гэта наўпрост. Запэўніваюць, што Беларусь і беларусы ў гэтай вайне на баку Расеі.
6. Абражаюць беларускіх добраахвотнікаў, якія абараняюць Украіну. Цешацца з навінаў пра гібель беларускіх ваяроў. Пагражаюць тым, хто падтрымлівае Ўкраіну.
7. Крытыкуюць тых, хто віншуе Армэнію зь нядаўнімі выбарамі і ўзятым курсам на эўрапеізацыю краіны.
«Боты» працуюць і ў іншых сацыяльных сетках. Яскравы прыклад: допіс Франака Вячоркі ў Facebook пра сустрэчу Сьвятланы Ціханоўскай з прэм’ер-міністрам Вялікай Брытаніі Кейрам Стармэрам у Лёндане сабраў больш за 500 рэакцыяў і каля 270 камэнтароў. Зь іх усяго два ў падтрымку, а рэшта — нэгатыўныя.
У камэнтарах эмацыйныя выразы і абразы: «здрадніца», «гнілая асоба», «кухарка», «валацуга», «бульба беларуская», «дура», «бля*ь», «вырадкі», «зброд», «цырк». Шмат рытарычных пытаньняў накшталт: «І як яе прымаюць, яна ніхто?!», «Ці вы ўпэўненыя, што гаворыце з дэмакратычнымі сіламі?», «Як можна прысабечваць тое, чаго няма?», «Як можа быць прэзыдэнт без дзяржавы?», «За якія грошы яны езьдзіць?».
У рэакцыях можна сустрэць загад «Едзь дадому, Сьвятлана, да свайго Лукашэнкі». Некаторыя камэнтары напісаныя з моўнымі памылкамі, бяз знакаў прыпынку і загалоўных літараў. Ёсьць камэнтары з эматыконамі ў выглядзе блазнаў, сьвіньняў, чарапоў, ванітаў, фэкаліяў, малпы, якая закрывае сабе вочы, чырвона-зялёных сьцяжкоў. У некаторых выпадках — эматыконы паўтараюцца цэлым радком.
Аднак акаўнты, якія пакідаюць такія допісы, — пустыя, у іх вобмаль інфармацыі пра ўласьніка, могуць быць аднатыпныя фатаздымкі нібыта ўласьніка акаўнту або маласэнсоўныя перапосты. Ствараецца ўражаньне, што камэнтатары паходзяць з розных краінаў і прытрымліваюцца розных поглядаў. Ёсьць акаўнты нібыта зь Літвы, Украіны, Чэхіі, Таджыкістану, у некаторых на аватарках сьцягі Ізраілю або Ірану.
Стварыць уражаньне большасьці
Старшы аналітык MediaIQ Паўлюк Быкоўскі расказаў Свабодзе, што ён з калегамі аналізуе беларускае інфармацыйнае поле і адсочвае у ім праявы дэзынфармацыі.
Экспэрт патлумачыў, што камэнтары ў сацыяльных сетках зьяўляюцца розным чынам. Частку зь іх пішуць «боты» — штучны інтэлект, праграмы, альгарытмы, якія, прыкладам, рэагуюць на ключавыя словы. Рэшту пішуць людзі. Сярод іх ёсьць «тролі» — яны працуюць на чыёсьці заданьне і атрымліваюць за гэта грошы. Ёсьць асобная група — ідэйныя людзі, якія маюць адпаведныя перакананьні і грошай за камэнтары не атрымліваюць, іх ня варта далучаць да «ботаў» і «троляў».
Часьцей за ўсё камэнтары «ботаў» перасьледуюць мэту стварыць уражаньне, нібыта большасьць прытрымліваецца такой думкі, а ня іншай. Такі прыём — ствараць патрэбнае ўражаньне, як «усё добра» або «усё кепска» — называецца «астратурфінг». Тэрмін пайшоў ад назвы фірмы AstroTurf, якая замест сапраўдных газонаў стварае пакрыцьцё з штучнай травы.
Каб стварыць у чытачоў патрэбнае ўражаньне, з дапамогай альгарытмаў пішуць мноства аднолькавых або амаль аднолькавых камэнтароў. Гэта добра відаць у Threads, YouTube, Telegram, дзе няма абароны ад машыннага вядзеньня акаўнтаў, расказвае суразмоўца.
«Яны могуць прыходзіць, выказвацца і дэмаралізаваць аўтара або тых людзей, якія прыходзяць у гэты акаўнт. Мэта прапагандыстаў, „троляў“ — вывесьці вас у такую эмацыйную сытуацыю, калі вы не ацэньваеце факты, а падзяляеце эмоцыі або вы шакаваныя гэтыя эмоцыі», — камэнтуе аналітык.
Прыклады тэмаў, на якія выказваюцца «боты», — увод санкцыяў супраць Беларусі, дапамога Ўкраіне, тлумачыць Паўлюк Быкоўскі. Наратывы, якія могуць распаўсюджваць «боты», — «перагарнуць старонку», «вяртаньне дадому», «трэба спыніць вайну ва Ўкраіне любой цаной», «вы нікога не прадстаўляеце», «вы не даяце справаздачы перад беларусамі за грошы, якія вы атрымалі».
Уплыў «ботаў»
На думку мэдыяэкспэрта, варта зьвяртаць увагу, ці ў такой публікацыі штосьці ёсьць, акрамя эмоцыяў. Калі там няма доказаў, фактаў, крыніцаў, то, магчыма, ня варта рабіць эмацыйна стратных для сябе рэчаў. Можа быць, варта адкідваць такія публікацыі, прагортваць іх.
Такі перасьлед «ботамі» пэўнага акаўнту часам дасягае патрэбнага ім эфэкту. Чалавек, прыкладам, закрывае свой акаўнт, робіць яго непублічным або ўвогуле выдаляе.
Праца «ботаў» таксама можа ствараць атмасфэру, у якой ня хочацца выказвацца. Тады чалавек пастанаўляе не выяўляць публічна сваю пазыцыю, нават калі раней хацеў гэта зрабіць, бо бачыць, што пад допісам ужо сабралася шмат нэгатыўных, абразьлівых камэнтароў. «І табе ўжо ня хочацца туды ісьці», — дадае экспэрт.
Камэнтары «ботаў» могуць дэматываваць ахвоту выказвацца, калі большасьць іх пра бездапаможнасьць, безнадзейнасьць: «А што мы можам зрабіць?», «Ніхто ня можа дапамагчы».
Шматлікія допісы пра грошы, пра справаздачнасьць за грошы беларускіх дэмакратычных сілаў могуць падарваць давер да іх, адзначае Паўлюк Быкоўскі. У выніку людзям складаней аб’ядноўваццаа, будаваць гарызантальныя сувязі, рабіць справы.
«Камэнтары могуць падштурхнуць чалавека да пэўных дзеяньняў, якія будуць яму шкодзіць. Бываюць сытуацыі, калі чалавек у стрэсе, ён уразьлівы да маніпуляцыяў. Людзі, якія валодаюць такімі прыёмамі, могуць падштурхоўваць іншых да пэўных учынкаў», — папярэджвае Быкоўскі.
Хто пад ударам
Уразьлівая група для дзеяньняў «ботаў» — перадусім мэдыйныя асобы і кіраўнікі арганізацыяў.
«Іх хочуць пераканаць, што яны „адарваліся ад народу“, ня маюць права гаварыць ад імя народу, што яны прадстаўляюць ня большасьць, а меншасьць», — тлумачыць старшы аналітык MediaIQ Паўлюк Быкоўскі.
Але пад перасьледам «ботаў» можа аказацца кожны чалавек, які мае дачыненьне да апанэнтаў Лукашэнкі, які выехаў за мяжу і якому складана ўладкавацца на новым месцы, працягвае суразмоўца.
«Тады да яго могуць пагрукацца і прапанаваць штосьці зрабіць. Чалавека можна ўвесьці ў зман і ён можа рабіць нешта, не разумеючы прычыны, ня бачачы, што ім маніпулююць, што ён несамастойны», — камэнтуе мэдыяэкспэрт.
У прыклад ён прыводзіць сытуацыю паліталягіні Арыны Харысавай, якая, як яна кажа, думала, што пагаджаецца супрацоўнічаць з Службай бясьпекі Ўкраіны, але папраўдзе перапісвалася з супрацоўнікамі КДБ Беларусі.
Як адрозьніць «ботаў» ад ідэйных людзей
Праца «ботаў» часам выглядае як звычайная палеміка, заўважае Паўлюк Быкоўскі. Адрозьніць «ботаў» можна па тым, што гэта акаўнты, якія нядаўна зьявіліся і нічым не напоўненыя. Яны звычайна зьяўляюцца адразу пасьля публікацыі, набягаюць хваляй на нейкі допіс. З гэтага можна зрабіць выснову, што адбываецца арганізаваная атака.
Але допісы на беларускія тэмы арганізавана атакуюць рэдка, менш інтэнсіўна, менш заўважна, адзначае Быкоўскі. Часьцей атакі робяць на допісы расейска-ўкраінскай тэматыкі, каб выявілася прарасейская прапаганда, бо ў Расеі дзейнічае вялікая «фабрыка троляў».
«Ботам» і «тролям» дапамагаюць дзейнічаць акаўнты з скрадзенай інфармацыяй, падобныя да акаўнтаў вядомых людзей, што маюць такія ж імя, прозьвішча і фатаздымак, ці акаўнты, названыя, прыкладам, імёнамі беларускіх пісьменьнікаў, але чалавек ня ведае, хто за імі крыецца і зь якой мэтай.
Форум