Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У румынскім порце Канстанцы выбухнуў украінскі морскі дрон

Выбух морскага дрона ў Румыніі
Выбух морскага дрона ў Румыніі

Ва ўкраінскім МЗС назвалі здарэньне сьведчаньнем таго, што агрэсія Расеі нясе пагрозу ня толькі Ўкраіне, але і ўсяму рэгіёну.

Каля 6-й раніцы мясцовага часу дрон захрас у бонавай загародзе супраць разьліву нафты за некалькі соцень мэтраў ад нафтавага тэрміналу. Тэрыторыю ачапілі. Калі стала зразумела, што дрон можа здэтанаваць, людзей эвакуавалі.

Выбух адбыўся каля 10:30 мясцовага часу. Паводле папярэдніх зьвестак, ніхто не пацярпеў.

У Міністэрстве абароны Румыніі заявілі, што дрон быў украінскі і страціў кіраваньне ў выніку ўзьдзеяньня сродкаў радыёэлектроннай барацьбы.

Ва ўкраінскім МЗС заявілі, што Ўкраіна своечасова паведаміла Румыніі пра вайсковы дрон, які страціў кіраваньне праз расейскае глушэньне.

Гэтае здарэньне паказвае, што агрэсія Расеі нясе пагрозу ня толькі для Ўкраіны, але і для ўсяго рэгіёну, напісаў прэс-сакратар МЗС Украіны Георгі Ціхі ў X.

Тыдзень таму расейскі паветраны бесьпілётнік урэзаўся ў жылы шматпавярховік у румынскім горадзе Галаць непадалёк ад мяжы з Украінай. Два чалавекі атрымалі раненьні.

У траўні ўкраінскі вайсковы дрон выявілі непадалёк ад берагоў Леўкады ў Грэцыі. Атэны выказалі Кіеву пратэст.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG