Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Румынія ў адказ на ўдар расейскага дрону закрые расейскае консульства

Ратавальныя работы ў жылым доме ў румынскім горадзе Галаць пасьля прылёту расейскага бесьпілётніка
Ратавальныя работы ў жылым доме ў румынскім горадзе Галаць пасьля прылёту расейскага бесьпілётніка

Расейскі консул абвешчаны «пэрсонай нон-грата». Іншых крокаў, апрача дыпляматычных, няма.

Прэзыдэнт Румыніі Нікушор Дан заявіў, што генэральны консул Расеі ў Канстанцы Андрэй Касілін абвешчаны ў краіне «пэрсонай нон грата», а само генэральнае консульства закрыюць.

Гэта дыпляматычны адказ румынаў на тое, што ў ноч на 29 траўня расейскі бесьпілётнік урэзаўся ў дах жылога дома ў горадзе Галаць. Паводле папярэдніх зьвестак Міністэрства абароны Румыніі, гэта быў расейскі робат «Герань-2». У выніку інцыдэнту пацярпелі два чалавекі — маці і яе сын. Яшчэ адзін бесьпілётнік знайшлі на поўначы краіны, у раёне камуны Бэсэшць у Марамурэшы.

Дан назваў тое, што адбылося, «сур’ёзным інцыдэнтам». Ён таксама скрытыкаваў некаторых румынскіх палітыкаў, якія, паводле яго слоў, «спрабуюць апраўдаць Расею».

У МЗС Румыніі таксама выклікалі пасла Расеі Ўладзіміра Ліпаева.

Афіцыйны прадстаўнік МЗС Расеі Марыя Захарава заявіла, што Расеі неўзабаве адкажа на рашэньне румынскіх уладаў аб закрыцьці генэральнага консульства.

Кіраўніца МЗС Румыніі Аана Цою назвала тое, што адбылося, «сур’ёзнай і безадказнай эскаляцыяй з боку Расеі». Румынія праінфармавала генэральнага сакратара NATO і папрасіла таго паскорыць перадачу Румыніі сродкаў процідзеі бесьпілётнікам.

Расейскія дроны ў Румыніі

Агулам за час паўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны Мінабароны Румыніі больш за 45 разоў паведамляла пра расейскія дроны, якія заляталі і падалі на тэрыторыі краіны пасьля расейскіх атак на Ўкраіну, перш за ўсё — на Адэскую вобласьць і порты Рэні і Ізмаіл, разьмешчаныя паблізу мяжы з Румыніяй.

У Галаці адбыўся першы выпадак, калі ў выніку такога залёту бесьпілётнік прайшоў у густанаселены раён і прывёў да раненьняў мірных жыхароў.

Пры гэтым адказ Эўразьвязу і NATO быў для такіх выпадкаў традыцыйным. Старшыня Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен заявіла, што «ваенная агрэсія Расеі перайшла чарговую мяжу». А ў NATO дзеяньні Расеі назвалі «безразважлівымі».

Прылёты расейскіх дронаў на тэрыторыю дзяржаў Паўночнаатлянтычнага альянсу і Эўразьвязу адбываюцца часта. 10 верасьня 2025 году адразу 19 расейскіх дронаў заляцелі на тэрыторыю Польшчы. Частку зь іх зьбілі. Гэта быў першы выпадак, калі сілы NATO адкрылі агонь пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG